Падзея стане магчымасцю не толькі паслухаць аўтэнтычныя мелодыі, але і бліжэй пазнаёміцца з багатай творчай спадчынай беларусаў.
Сёлета фестываль адбудзецца ў дзвюх розных па настроі і атмасферы лакацыях. 12 чэрвеня а 18-й гадзіне ўдзельнікі збяруцца на Рынку Касцюшкі ў Беластоку, дзе цэнтр горада напоўніцца гукамі беларускай традыцыйнай музыкі. На сцэне выступяць гурты BARVY (Гданьск), KASARY (Варшава) і PADLASKI WIANOK (Беласток).
На наступны дзень, 13 чэрвеня а 17-й гадзіне, фестываль перамесціцца ў вёску Вілюкі ў гміне Дубічы Царкоўныя. Тут гасцей чакае больш камерная атмасфера сярод прыроды і падляскіх краявідаў. У праграме — выступленні гуртоў BARVY, KASARY і ŻEMERWA са Студзіводаў.
Акрамя канцэртаў, арганізатары падрыхтавалі майстар-класы па традыцыйных танцах, супольныя спевы і сустрэчы з жывой інструментальнай музыкай. Завершыць вечары танцавальная забава для ўсіх ахвотных.
Асобную ўвагу арганізатары звяртаюць на традыцыйны строй. Гасцей заахвочваюць прыходзіць у вышыванках, з традыцыйнымі паясамі або ў поўных народных строях, каб стаць часткай агульнага святочнага настрою.
Фестываль SONCAHRAJ працягвае папулярызаваць беларускую культурную спадчыну на Падляшшы, аб'ядноўваючы выканаўцаў і аматараў традыцыйнай культуры вакол музыкі, спеваў і танца.
ав