Беларуская Служба

Музычны ўрок польскай мовы: песня ў выкананні музыканта, якога звалі «Кароль танга»

18.06.2026 19:34
На жаль, ён трагічна загінуў у 32 гады. 
.
Ілюстрацыя.Графіка створана пры выкарыстанні нейрасеціва.

Сёння я хачу вярнуцца да творчасці музыканта, які толькі-толькі пачынаў развіваць сваю прафесійную кар’еру, калі яго жыццё трагічна абарвалася. Цяпер ён практычна забыты, але часам варта нагадваць такіх выканаўцаў, хаця б дзеля таго, каб прадэманстраваць, як моцна змянілася эстрада з сярэдзіны мінулага стагоддзя.

Тадэвуш Мілер (Tadeusz Miller) нарадзіўся ў Львове ў 1915 годзе ў сям’і, дзе практычна ўсе гралі на музычных інструментах. У шэсць гадоў ён пераехаў з бацькамі ў Вялікапольшчу. Пачаў спяваць, і гэта стала яго любімым заняткам. Як распавядала аўтарка кнігі пра яго біяграфію Сыльвія Траяноўска (Sylwia Trojanowska), ён быў вельмі сарамлівым хлопцам, а смелым станавіўся толькі на сцэне. Кніга Траяноўскай называецца «Кароль танга», бо такі псеўданім атрымаў Мілер.

У 1939 годзе Тадэвуш быў студэнтам Познаньскай акадэміі знешняга гандлю, але яму давялося перапыніць вучобу, паколькі пачалася вайна, яго прызвалі на вайсковую службу. Пасля вайны ён і яго сябар Мячаслаў паехалі ў Варшаву. Тадэвуш прыбыў у горад з параненымі нагамі і без абутку. Мужчыны таксама кінулі сваю форму, баючыся немцаў. У Варшаве нагамі Тадэвуша занялася сястра жонкі Мячаслава, ветэрынар Фелікса Келер, якую ўсе звалі Луна (Luna).

Луна закахалася ў Тадэвуша, а Тадэвуш з удзячнасці, што ратавала яго ногі, закахаўся ў яе. Праз некалькі месяцаў яны пажаніліся. Менавіта Луна пераканала яго, што ён павінен займацца спевам, што ў яго вялікі талент.

Тадэвуш спрабаваў прабіцца ў Варшаве, але гэтая дзейнасць не давала заробку. Таму пара пераехала ў Кельцэ, потым у Кашалін, дзе пачула пра вольныя кватэры ў Шчэціне. Гэты горад толькі перайшоў пад уладанне Польшчы, пасля вайны ён быў у руінах. Але Тадэвуш і Луна хутка знайшлі кватэру і працу.

Тадэвуш трапіў на Польскае радыё Шчэцін, дзе займаўся адміністрацыйнымі пытаннямі. Нечаканая вакансія дала яму шанец заявіць пра сябе ў эфіры. Ён праспяваў кампазіцыі на нядзельным «Канцэрце пажаданняў». Песні так спадабаліся дырэктару, што ён прапанаваў яму пастаянную пасаду. Паралельна Мілер пачаў запісваць кампазіцыі ў студыі гуказапісу «Mewa». За два гады (1946-1947 гг.) ён запісаў 63 песні, якія вельмі падабаліся слухачам.

Тадэвуш Мілер загінуў у ліпені 1947 года ў выніку няшчаснага выпадку, вяртаючыся з рыбалкі. У яго матацыкле папсавалася фара. Калі ён спыніўся, каб яе праверыць, у яго ўрэзалася грузавая машына, якая ехала супраць руху. За рулём быў п'яны савецкі салдат. Тадэвушу было толькі 32 гады. Яго жонка была цяжарная, і ён з нецярпеннем чакаў дзіцяці.

Вось такая сумная гісторыя. А вашай увазе кампазіцыя ў выканнані Тадэвуша Мілера пад загалоўкам «Не трэба плакаць» (Nie trzeba płakać).

Nie trzeba płakać

Bo szkoda łez
I nocy szkoda i dni
Nie trzeba płakać
Bo w sercach jest
Miłość silniejsza niż my
Bo tylko jesień
Pod swym okienkiem
Wyszła swą drogą złotą
Znalazła czyjeś
Serce maleńkie
I otuliła tęsknotą.
Nie trzeba płakać
Bo sama wiesz
Ze jesień musi zasmucić
Tęsknotą słynie
Jesienny deszcz
I miłość znowu powróci.

Не трэба плакаць, шкада праліваць слёзы, не трэба марнаваць ночы і дні. Не трэба плакаць, таму што ў сэрцах ёсць каханне, мацнейшае за нас, таму што восень пад сваім акенцам выйшла па залатой сцяжынцы, знайшла чыёсьці маленькае сэрцайка. І ахінула яго тугой.

Не трэба плакаць, таму што ты ведаеш, што восень павінна засмучаць, восеньскі дождж славіцца тугой. А каханне зноў вернецца.

Вось такая кароценькая песня ў выкананні Тадэвуша Мілера. У 40-ыя, 50-ыя гады мінулага стагоддзя кампазіцыі ў такім сталі былі папулярныя, цяпер яны гучаць архаічна, вельмі моцна памяняўся наш музычны густ. У прынцыпе, у гэтым вершы аўтарства Здзіслава Газдавы (Zdzisław Gozdawa) няма нейкім складаных слоў ці словазлучэнняў, але я звярну ўвагу на некаторыя моманты. А музыку напісаў Ян Маркоўскі (Jan Markowski).

I nocy szkoda i dni – і начэй шкада, і дзён. Магчыма, вы сустрэліся не толькі з формай dni на польскай мове, але і dnie (у множным ліку). Паміж формамі dni і dnie няма семантычнай розніцы — гэта проста больш, чым адзін дзень. Dnie — больш рэдкая, састарэлая форма. Звярніце ўвагу, што яна не спалучаецца з лічэбнікамі: мы кажам dwa dni, trzy dni, а не dwa dnie, trzy dnie. Ёсць папулярны раман Марыі Дамброўскай пад загалоўкам «Noce i dnie». Яго можна было б назваць «Noce i dni», аднак арыгінальная назва гучыць больш гарманічна дзякуючы таму, што абодва назоўнікі заканчваюцца на адзін і той жа гук.

Miłość silniejsza niż my – каханне мацнейшае, чым мы. Польскі злучнік niż (чым) ужываецца часцей за ўсё ў параўнальных канструкцыях. 

У гутарковай мове часам можна пачуць займеннік czym, але больш правільная сучасная форма ў дадзеным выпадку – im. Напрыклад:

Czym więcej ćwiczysz, tym лепей – Чым больш робіш практыкаванняў, тым лепш. Цяпер сказалі б хутчэй: Im więcej ćwiczysz, tym lepiej.

Іншы прыклад – правільнага выкарыстання czym, але гэта ўжо форма пытальнага займенніка:

Czym się zajmujesz zawodowo? – Чым ты займаешся ў прафесійным плане?

нг

 

Больш на гэтую тэму: Музычны ўрок польскай мовы