Беларуская Служба

Рубрыка «Варшаўскі мост». Ян Шумскі расказвае пра малавядомую дэпартацыю палякаў з БССР і УССР у 1936 годзе

25.06.2026 16:01
Інстытут нацыянальнай памяці Польшчы выдаў альбом Gdyby przedmioty umiały mówić… Ocalone w artefaktach losy Polaków deportowanych do Kazachstanu.
Аўдыё
  • "Варшаўскі мост". Я.Шумскі пра дэпартацыю палякаў з БССР і УССР у Казахстан.
.     Gdyby przedmioty umiały mówić Ocalone w artefaktach losy Polaków deportowanych do Kazachstanu.
Праф. Ян Шумскі з альбомам Gdyby przedmioty umiały mówić… Ocalone w artefaktach losy Polaków deportowanych do Kazachstanu.Viktar Korbut / Polskie Radio

90 год таму адбылася першая дэпартацыя палякаў з Украінскай і Беларускай ССР у Казахскую АССР у складзе РСФСР (са снежня 1936 г. — Казахская ССР). У Выдавецтве Інстытута нацыянальнай памяці Польшчы выйшаў альбом, падрыхтаваны Саюзам палякаў у Казахстане пад назвай Gdyby przedmioty umiały mówić… Ocalone w artefaktach losy Polaków deportowanych do Kazachstanu («Калі б рэчы ўмелі гаварыць… Уцалелыя ў артэфактах лёсы палякаў, дэпартаваных у Казахстан»), навуковым рэдактарам якога з'яўляецца супрацоўнік ІНП і Польскай АН праф. Ян Шумскі (Jan Szumski). Прадмову да альбома напісаў прэзідэнт Рэспублікі Польшча Караль Наўроцкі.

Як з’явіўся гэты альбом? Расказвае Ян Шумскі.

— Першае выданне альбома выйшла к 85-й гадавіне дэпартацыі палякаў у Казахстан. Тады гэтая публікацыя была падрыхтавана пры падтрымцы Канцылярыі старшыні Савета Міністраў і Міністэрства замежных спраў Польшчы. Сёлетняе выданне было дапрацавана і пашырана. Гэта незвычайны альбом, бо ён расказвае гісторыю палякаў, дэпартаваных у Казахстан, праз прадметы штодзённага ўжытку. Гэта рэчы, якія ссыльныя змаглі ўзяць з сабой у той момант, калі партыйныя і дзяржаўныя ўлады Савецкага Саюза прынялі рашэнне аб іх высылцы з савецкай Украіны ў Казахстан. З дапамогай гэтых захаваных прадметаў у альбоме расказваецца пра лёсы дэпартаваных сямей, іх паўсядзённае жыццё, выпрабаванні і памяць, якая перадавалася наступным пакаленням.

Ян Шумскі напамінае, што палякі, якія жылі ў савецкай Беларусі і савецкай Украіне, з’яўляліся нашчадкамі насельніцтва, што пражывала на гэтых землях на працягу многіх пакаленняў — з часоў Рэчы Паспалітай.

— Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай гэтыя тэрыторыі ўвайшлі ў склад Расійскай імперыі і сталі аб’ектам працэсу русіфікацыі. Гэта датычыла таксама рэлігійнай сферы. Ліквідацыя ўніяцкай царквы прывяла да масавага пераводу сельскага насельніцтва ў праваслаўе. Пасля заканчэння грамадзянскай вайны ў Расіі, польска-бальшавіцкай вайны і падпісання Рыжскага мірнага дагавора ў 1921 годзе значная колькасць палякаў засталася на тэрыторыі Савецкага Саюза. Гэта было пераважна сельскае насельніцтва, але таксама жыхары буйных гарадоў, такіх як Ленінград, Масква, Адэса, Кіеў ці Мінск. У гэтых цэнтрах існавалі шматлікія польскія супольнасці. У сярэдзіне 1920-х гадоў партыйныя і дзяржаўныя ўлады Савецкага Саюза ў рамках нацыянальнай палітыкі падтрымлівалі развіццё польскага нацыянальнага і сацыялістычнага рухаў. На самай справе гэтыя дзеянні былі накіраваны на далейшую саветызацыю палякаў і падрыхтоўку кадраў на выпадак вайны з Польшчай, якую бальшавікі лічылі непазбежнай. Сітуацыя змянілася пасля абвяшчэння курсу на індустрыялізацыю і калектывізацыю. Палякаў пачалі ўспрымаць як перашкоду на шляху рэалізацыі гэтых задач. У выніку былі распачаты дзеянні па «ачышчэнні» памежных тэрыторый ад насельніцтва, якое лічылася палітычна ненадзейным. Гэты працэс пачаўся ўжо ў канцы 1920-х і ў пачатку 1930-х гадоў у савецкай Беларусі і ва Украіне. Наступным этапам сталі рэпрэсіі супраць так званых кулакоў і іншых сацыяльных груп, якія ўлады прызнавалі варожымі. У гэтым выпадку важную ролю адыгрываў класавы і сацыяльны фактар, які стаў адным з галоўных абгрунтаванняў для дэпартацый і праследавання.

У 1935 годзе ўладамі СССР упершыню быў выкарыстаны этнічны крытэрый для дэпартацыі. Перш за ўсё гэта закранула фінаў і інгерманландцаў, якія пражывалі ў памежных раёнах тагачаснай Ленінградскай вобласці і Карэліі. У 1936 годзе былі сасланы ўглыб СССР палякі і немцы, якія пражывалі на тэрыторыі савецкай Украіны. Гэта стала пераломным момантам, паколькі этнічны фактар быў недвухсэнсоўна вызначаны як падстава для дэпартацыі.

— У 1936 годзе ўлады Савецкага Саюза прынялі рашэнне аб адміністрацыйным перасяленні польскага і нямецкага насельніцтва. Гэта азначала, што людзі, якіх закранула дэпартацыя, не былі прыгавораны ніводным судом. Іх высылка адбывалася выключна на падставе адміністрацыйнага рашэння дзяржаўных і партыйных органаў. У выніку ў савецкі Казахстан былі пераселены каля 70 тысяч палякаў, немцаў і членаў іх сямей, якія пражывалі на тэрыторыі савецкай Украіны. Дэпартаваных прымусілі пакінуць свае дамы і вывезлі ў аддаленыя раёны Казахстана. 

Невялікія групы польскага насельніцтва, якія налічвалі ў агульнай колькасці некалькі тысяч чалавек, таксама былі пераселены з тэрыторыі савецкай Беларусі.

— Гэта былі перш за ўсё нашчадкі дробнай засцянковай шляхты, а таксама адносна заможныя сяляне. У савецкіх дакументах іх часта называлі «кулакамі», хоць на самай справе гэта былі заможныя сем'і. Аднак рэпрэсіям супраць палякаў папярэднічалі нацыянальныя эксперыменты, якія савецкія ўлады праводзілі ў 1920-я гады. У іх рамках былі створаны польскія нацыянальныя раёны: Дзяржынскі на тэрыторыі Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі і Мархлеўскі на тэрыторыі савецкай Украіны. Яны павінны былі служыць рэалізацыі нацыянальнай палітыкі савецкай дзяржавы і стаць узорнымі цэнтрамі пабудовы сацыялізму сярод польскага насельніцтва. Сітуацыя кардынальна змянілася ў сярэдзіне 1930-х гадоў. Савецкія ўлады прызналі гэтыя праекты няўдалымі і патэнцыяльна небяспечнымі. У 1935 годзе быў ліквідаваны Мархлеўскі нацыянальны раён. Яго жыхароў спачатку перасялялі ва ўсходнія рэгіёны Украіны, а затым у аддаленыя раёны Савецкага Саюза. У сваю чаргу Дзяржынскі нацыянальны раён быў афіцыйна ліквідаваны ў 1937 годзе, хоць рэпрэсіі супраць яго жыхароў пачаліся яшчэ раней.

Віктар Корбут

Слухайце аўдыё

Больш на гэтую тэму: Варшаўскі мост

«Варшаўскі мост». Палякі ва Узбекістане помняць пра свае карані ў Беларусі

14.05.2026 16:01
Журналісты Польскага радыё сустрэлі ў Ташкенце і Самаркандзе нашчадкаў выхадцаў з Гродна і Ліды.