Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Рубрыка «Варшаўскі мост». 120 год таму ў Мінску нарадзіўся Ежы Гедройць

09.07.2026 16:01
Сенат Рэспублікі Польшча абвясціў 2026-ы Годам Ежы Гедройця.
Аўдыё
  • "Варшаўскі мост". Я.Маліцкі і А.Васільеў пра Е.Гедройця.
 .
Ежы Гедройць.https://x.com/visegrad24/status/1500130125282746374/photo/1

Сенат Рэспублікі Польшча абвясціў 2026-ы Годам Ежы Гедройця, ушаноўваючы такім чынам яго заслугі як заснавальніка і рэдактара парыжскага польскага часопіса Kultura. Гэта выданне было інтэлектуальным цэнтрам, вакол якога гуртаваліся як прыхільнікі дэмакратычнай незалежнай Польшчы, так і тыя палякі, якія на падставе гістарычнага вопыту сфармулявалі новыя падыходы да польскай палітыкі ў адносінах да яе ўсходніх суседзяў, у тым ліку да Беларусі.

Ежы Гедройць нарадзіўся 14 (27) ліпеня 1906 года ў Мінску, які тады ўваходзіў у склад Расійскай імперыі. У 1918 годзе, ратуючыся ад рэвалюцыйных падзей, ён разам з сям'ёй пакінуў родны горад і пераехаў у Варшаву.

Сёння Мінск — сталіца незалежнай Беларусі. У часы Гедройця палякі яшчэ называлі яго Мінскам-Літоўскім, каб адрозніваць ад Мінска-Мазавецкага. Першы належаў да гістарычнай Літвы, другі — да Мазовіі. Абодва гарады былі часткай прасторы былой Рэчы Паспалітай, якую пасля падзелаў паміж Расіяй, Аўстрыяй і Прусіяй у канцы XVIII стагоддзя ўжо не ўдалося аднавіць у яе ранейшых межах.

У польскай нацыянальнай свядомасці ўсходнія землі былой Рэчы Паспалітай замацаваліся пад назвай Kresy — г.зн. ускраіны, памежжа дзяржавы. Аднак для Ежы Гедройця яго малая бацькаўшчына не была ўскраінай. Ён успрымаў яе як самадастатковую гістарычную і культурную прастору, у той жа час непарыўна звязаную з Польшчай агульным мінулым.

Менавіта з гэтага разумення вырасла адна з галоўных палітычных ідэй Гедройця. Ён лічыў, што пасля Другой сусветнай вайны Польшча павінна канчаткова адмовіцца ад прэтэнзій на ўсходнія землі былой Рэчы Паспалітай і замест гэтага падтрымліваць народы, якія выйшлі з агульнага з палякамі гістарычнага ўлоння, у іх імкненні ўмацаваць нацыянальную самасвядомасць і дзяржаўнасць.

Гедройць быў перакананы, што будучыня рэгіёна грунтуецца не на гістарычных прэтэнзіях, а на добрасуседстве, узаемнай павазе і супрацоўніцтве паміж роўнымі дзяржавамі — Польшчай, Літвой, Беларуссю і Украінай.

Сёння, у 120-ю гадавіну з дня яго нараджэння, асабліва відавочна, наколькі дальнабачны быў Гедройць.

Пра спадчыну Гедройця і актуальнасць яго ідэй ва ўмовах сучаснай Усходняй Еўропы разважаюць дырэктар Цэнтра ўсходнееўрапейскіх даследаванняў Варшаўскага ўніверсітэта Ян Маліцкі і навуковы супрацоўнік цэнтра Аляксей Васільеў.


Ян Маліцкі. Ян Маліцкі.

Ян Маліцкі лічыць, што цяпер дзякуючы ў т.л. Гедройцю адносіны Польшчы да ўсходніх суседзяў характарызуюцца пазітыўнай дынамікай.

У сучаснай Польшчы пра «крэсы» можна разважаць спакойна, без асаблівых эмоцый. Але адразу пасля Другой сусветнай вайны ўсё было інакш. Для людзей, якія ў выніку рашэнняў Ялцінскай канферэнцыі страцілі ўсходнія тэрыторыі даваеннай Польшчы, гэта была глыбокая асабістая і нацыянальная траўма.

Але час лечыць...

Аляксей Васільеў адзначае ролю Гедройця і яго калегаў у фарміраванні канструктыўных падыходаў ва ўсходнееўрапейскай палітыцы Польшчы.

—  На шчасце, існавалі часопіс Kultura, Ежы Гедройць і Юліюш Мерашэўскі. Яшчэ ў эміграцыі яны пачалі асэнсоўваць гэтую надзвычай балючую і складаную для Польшчы тэму. Пазней іх ідэі прыйшлі ўжо ў новую Польшчу — на мяжы 1980–1990-х гадоў — і ў значнай ступені дагэтуль застаюцца асновай польскай ўсходнееўрапейскай палітыкі.

Працягваючы думку калегі, Ян Маліцкі падкрэсліў важны момант.

— Калі Ежы Гедройць і часопіс Kultura пачалі пераконваць палякаў, што неабходна адмовіцца ад прэтэнзій на «крэсы», гэта ўспрымалася надзвычай балюча. На дварэ быў 1952 год. Для многіх такая пазіцыя здавалася амаль немагчымай. Аднак Гедройць паслядоўна ішоў гэтым шляхам, бо лічыў яго прынцыповай палітычнай пазіцыяй. Менавіта тады ён надрукаваў у часопісе Kultura ліст ксяндза Маеўскага, у якім сцвярджалася, што палякам трэба развітацца з марай пра «вяртанне» Львова і прызнаць яго ўкраінскім горадам, а таксама адмовіцца ад прэтэнзій на Вільню і прызнаць яе літоўскай.

Ян Маліцкі акцэнтуе ўвагу на літоўскіх і беларускіх каранях Ежы Гедройця.

— Не варта забываць, што родным горадам Ежы Гедройця быў Мінск-Літоўскі. Сёння ў беларускай сталіцы ёсць вуліца, якая носіць яго імя. Разам з Юліюшам Мерашэўскім Гедройць сфармуляваў канцэпцыю «УЛБ» — Украіна, Літва, Беларусь. Яе галоўная ідэя заключалася ў тым, што сапраўдная бяспека і незалежнасць Польшчы магчымыя толькі тады, калі на ўсход ад яе будуць існаваць незалежныя Украіна, Літва і Беларусь. Падобных поглядаў у свой час прытрымліваўся і маршал Юзаф Пілсудскі.

Аляксей Васільеў адзначае, як ідэі Гедройця паўплывалі на будучыню адносін кіраўніцтва Польшчы з суседзямі ва Усходняй Еўропе і паказвае адсутнасць такога мыслення ва ўлад Расіі.

Гедройць разумеў, што пастаянная тэрытарыяльная спрэчка Польшчы з суседзямі — Украінай, Літвой і Беларуссю — была б для краіны згубнай. У Расіі ж у 1990-я гады, да прыходу да ўлады Уладзіміра Пуціна, адказныя палітыкі ў цэлым пазбягалі адкрытага постімперскага рэваншызму. Падобныя заявы мог дазволіць сабе Уладзімір Жырыноўскі, але не тыя, хто прэтэндаваў на адказнасць за лёс дзяржавы. Пуцін пайшоў іншым шляхам. Ён вырашыў, што такім чынам верне Расіі «веліч». Аднак на самай справе такая палітыка вядзе да яе разбурэння, і сёння гэта становіцца ўсё больш відавочным.

Калі Ежы Гедройць прысвяціў усё сваё жыццё фарміраванню новых падыходаў да ўсходнееўрапейскай палітыкі Польшчы, то ў Расіі падобнага пераасэнсавання імперскай спадчыны так і не адбылося.

Ян Маліцкі напомніў, што Гедройць вёў сістэматычную работу па перакананні польскіх інтэлектуальных эліт у неабходнасці ажыццяўлення сяброўскай палітыкі ў адносінах да краін і народаў на ўсходніх землях былой Рэчы Паспалітай.

Усё сваё жыццё ў эміграцыі Ежы Гедройць прысвяціў развіццю і распаўсюджванню новага погляду на былыя «крэсы». Ён імкнуўся пераканаць палякаў, што будучыня Польшчы павінна грунтавацца не на настальгіі па страчаных тэрыторыях, а на добрасуседскіх адносінах і супрацоўніцтве з незалежнымі Украінай, Літвой і Беларуссю.

Віктар Корбут

Слухайце аўдыё

Больш на гэтую тэму: Варшаўскі мост

«Варшаўскі мост». Вітальд Пілецкі: герой з-пад Ліды ў Аўшвіцы і Варшаве

04.06.2026 16:01
Інстытут салідарнасці і мужнасці імя Вітальда Пілецкага дбае пра гістарычную памяць.