— Наталля, мы ўбачылі ў Познані, што беларускія акторы паказалі спектакль на польскай мове. Як вам гэта ўдалося?
— Гэта не зусім так, што мы яго паставілі, бо ён у нас існуе ўжо каля дзесяці гадоў на беларускай мове. Гэта вандроўны спектакль, і ён прыехаў разам з намі ў эміграцыю. Спачатку мы некалькі разоў паказвалі яго па-беларуску. Нас заўважылі палякі і папрасілі зрабіць польскую версію. Спектакль называецца «Дарожныя прыгоды Віты». Ён створаны паводле кнігі шведскай пісьменніцы Сары Лундберг. Гэтая аўтарка перакладаецца і ў Польшчы, але менавіта гэтай кнігі па-польску няма, хаця сама пісьменніца тут вядомая. Праўда, гісторыю ў спектаклі мы амаль напалову дапоўнілі самі, бо сама кніга вельмі невялікая, лаканічная. Спектакль вельмі дынамічны, многія рэчы мы робім разам з гледачамі. І ўжо нейкі час спрабуем граць яго па-польску.
— Як успрымаюць спектакль на польскай мове?
— Добра ўспрымаюць. Гэта спектакль для дзяцей. Мы заўсёды распавядаем ім, як гэтая гісторыя прыйшла ў Польшчу, і яны рэагуюць з цікавасцю. Дзеці, як правіла, больш шчырыя гледачы. Магчыма, яны не звяртаюць увагі на наш акцэнт, але вельмі адкрыта ўдзельнічаюць разам з намі ў спектаклі. Таму ніякіх праблемных сітуацый у нас ніколі не ўзнікала.
— Але на спектаклях прысутнічаюць і дарослыя. Яны таксама неяк рэагуюць?
— Канечне. І мы таксама ўцягваем іх у дзеянне падчас спектакля. Звычайна рэакцыя з іх боку вельмі пазітыўная. Потым яны яшчэ падыходзяць пасля спектакля, і мы размаўляем.
— Вы сказалі, што зрабіць спектакль на польскай мове вас папрасілі знаёмыя палякі. А ці ўбачыла яго пасля больш шырокая публіка?
— Так, мы ўжо некалькі разоў паказвалі спектакль на фестывалі «Lato z estradą». Гісторыя шведская, мы — акторы з Беларусі, і на фестывалі было шмат гледачоў. Адчувалася іх цікавасць, і рэакцыя на нашу працу была вельмі добрай.
— Што даў вам гэты досвед? Ці азначае гэта, што і далей можна ставіць спектаклі па-польску?
— Мушу сказаць, што ўсе спектаклі вельмі розныя. Ёсць такія, якія існуюць у закрытай форме: ты проста іграеш тэкст і не выходзіш да гледачоў з інтэрактыўнымі элементамі. Такія спектаклі граць прасцей. А наш спектакль больш складаны, бо ён інтэрактыўны: трэба задаць пытанне гледачам, пачуць адказ і адрэагаваць на яго. Гэта было для нас своеасаблівым моўным выклікам. Але паколькі мы ўжо пэўны час жывём тут, камунікуем, у тым ліку з дзецьмі, то адважыліся. Мы не баімся гэтага выкліку і робім сваю справу.
— Ці ёсць планы і надалей рабіць нешта па-польску?
— У нас ужо ёсць спектакль, які мы зрабілі па-беларуску, але з самага пачатку думалі пра тое, каб паказваць яго і па-польску. Цяпер плануем паехаць з ім па Польшчы і паказаць яго гледачам. Так спектакль зможа пашырыць сваё жыццё. Калі мы былі ў Беларусі, то часам беларускія спектаклі паказвалі па-руску, бо такая была сітуацыя. Тут мы жывём у іншым асяроддзі, таму таксама перакладаем беларускія спектаклі і паказваем іх па-польску. Такая цяпер наша рэчаіснасць.
— Наталля, а што вы адчуваеце пасля таго, як адыграеце спектакль па-польску?
— Нават не ведаю, што сказаць. Напэўна, тое самае, што і пасля беларускага спектакля. Але аднойчы мы былі на фестывалі ў Германіі, і на афішы я ўбачыла, што пад назвай нашага тэатра было напісана: Poland. І вось тады ўва мне нешта заварушылася. Я падумала: вось так, цяпер я ўжо значуся як акторка з Польшчы. Гэта яшчэ не да канца ўкладваецца ў мяне ў галаве. Мы існуем на своеасаблівым памежжы, хаця сама я не лічу сябе польскай акторкай.
— Наталля, якія ў вас найбліжэйшыя планы?
— Зусім бліжэйшыя — едзем на пікнік «Летуценняў» у Кракаў з нашым новым спектаклем «Самае лепшае месца на свеце». Таксама плануем яшчэ раз паказаць яго ў Познані, бо на прэм'ерным паказе было вельмі шмат людзей. Мы ўжо маем яго пераклад на польскую мову і цяпер будзем рыхтаваць польскую версію.
Павел ЗАЛЕСКІ
Слухайце аўдыёфайл