Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Рубрыка «Варшаўскі мост». Марына Золатава піша кнігу пра жанчын у турмах рэжыму Лукашэнкі

17.09.2026 16:01
Былы галоўны рэдактар партала Tut.by расказвае пра жыццё і пакуты беларусак за кратамі пасля 2020 года.
Аўдыё
  • «Варшаўскі мост». М.Золатава піша кнігу пра жанчын у турмах рэжыму Лукашэнкі.
 .
Марына Золатава.Viktar Korbut / Polskie Radio

16 верасня з турмаў рэжыму Лукашэнкі выйшла чарговая група палітзняволеных — 25 чалавек. Іх гісторыі не павінны быць забыты. Адным з тых, хто фіксуе трагедыі ахвяр рэпрэсій, што скалынаюць Беларусь з 2020 года, — Марына Золатава, былы галоўны рэдактар партала Tut.by. У яе асобы, жаночы погляд.

Марына Золатава займаецца апошнім часам праектам, які звязаны з найноўшай гісторыяй Беларусі.

— Гэта вельмі важная справа, важны абавязак, які я павінна выканаць. Занатаваць нашу гісторыю. Я маю на ўвазе гісторыю жанчын, якія сядзелі ў турме. Расказаць пра тое, што ўвогуле сабой уяўляе беларуская турма — жаночая турма. Я расказваю і пра следчы ізалятар, і пра калонію. Расказваю пра тое, як мы там жылі, як на нас уплывае турма, ва ўмовах, у якіх мы там знаходзімся, ці змяняе яна нас, якія там жанчыны, як людзі там жывуць, як яны праходзяць праз усе гэтыя выпрабаванні. Вось пра гэта будзе кніга. Я ўжо напісала даволі вялікую частку, і ўсё яшчэ знаходжуся ў працэсе.

Чаму вы гэта вырашылі зрабіць?

— Па-першае, я лічу, што ўсё гэта трэба занатаваць. Мая прабабуля падчас Другой сусветнай вайны таксама знаходзілася на Валадарцы, якую ў той час, здаецца, называлі астрогам. Яна трапіла туды за супрацоўніцтва з падпольшчыкамі, і яе туды кінулі акупацыйныя нямецкія ўлады. Пасля яна трапіла ў нямецкі палон, а ўжо пасля заканчэння вайны вярнулася на радзіму. Калі я была маленькая, яна часам расказвала мне сваю гісторыю. Але, на вялікі жаль, ніхто гэтую гісторыю не занатаваў. Таму некаторыя рэчы я збірала па розных іншых крыніцах, але ўсё роўна я вельмі мала ведаю, на жаль, пра гісторыю маёй прабабулі. Я лічу, што сваю гісторыю, гісторыю жанчын, якія сядзелі ў адзін і той жа час са мною ў СІЗА, у калоніі, вельмі важна занатаваць — проста каб яны не згубіліся. Ну і, па-другое, жанчыны вызваляюцца, выходзіць вельмі шмат інтэрв'ю, але ўсе яны больш-менш аднастайныя. Да таго ж яны вельмі часта ананімныя. З-за гэтага, мне здаецца, губляецца каштоўнасць інфармацыі. Гэты наш вопыт — траўматычны, драматычны. Пра яго трэба расказваць больш шырока, можа, больш змястоўна, больш аб'ёмна. Таму гэтая кніга і з'явіцца.

Што было для вас найбольш траўматычным? Псіхалагічныя перажыванні, ці, магчыма, нейкае фізічнае насілле? Давайце паспрабуем на гэта паглядзець з вашай асабістай перспектывы, бо вы таксама, мабыць, будзеце гераіняй гэтай кнігі.

— Я гавару і пра свой вопыт, але я яшчэ не падлічвала, колькі разоў, але вельмі часта пра гэта пішу. Я ўжываю ў кнізе фразу «мне пашанцавала» ці нават «мне вельмі пашанцавала», таму што я не была збітая, мяне не прасавалі супрацоўнікі калоніі. Мне пашанцавала і ў тым, што, відаць, самае каштоўнае, у мяне заўсёды была сувязь з роднымі. Мне заўсёды спраўна ад іх прыходзілі лісты, і яны тэлефанавалі. Але я на свае вочы бачыла шмат гісторый, калі людзі сапраўды страшна пакутавалі. І ад таго, што ў іх былі праблемы са здароўем. Відаць, вы чулі пра Вольгу Чукараву, з якой здарыўся інсульт, і ў выніку яна амаль страціла зрок. Нават не амаль — яна страціла зрок, яна нічога не бачыць, можа толькі адрозніваць святло і цемру. Шмат гісторый звязана са здароўем. Маша Калеснікава, якая паўтара года знаходзілася ў памяшканні камернага тыпу... Яе гісторыя якраз больш-менш вядомая. Былі людзі, у якіх не было ніякай сувязі з роднымі. Ці, калі, напрыклад, адразу пяць членаў сям'і знаходзіліся ў турме. Ці гісторыі, калі маці, дачка і бацька атрымалі па пяць гадоў за тое, што запісалі відэа на выбарчым участку ў 2020 годзе. Але асабіста мяне больш за ўсё засмучалі менавіта гісторыі, калі жанчыны пакутавалі проста таму, што іх дзеці заставаліся без іх, што яны не ведалі, што з імі адбываецца. Бо, скажам, калі жанчына развялася з мужам, а дзеці засталіся з мужам, часта гэтая сувязь абрываецца. Былі гісторыі, калі дзеці, некаторыя з іх, знаходзіліся ў інтэрнатах. Калі асабіста пра мяне гаварыць, то складаныя моманты былі звязаны з тым, калі я перажывала за сваіх родных. Калі ў цябе няма ніякай інфармацыі пра тое, што адбываецца з імі ў гэты момант. Я выдыхнула з палёгкай, калі даведалася, што мая сям'я з'ехала з Беларусі. І тады мне сапраўды стала значна прасцей, і пасля я ўжо не так моцна перажывала.

А што вас дагэтуль узрушвае ўнутры?

— Часцей за ўсё я ўспамінаю нейкія кранальныя моманты, якія якраз у турме, відаць, ты адчуваеш больш востра. Калі ты знаходзішся на волі, ты не надаеш увагі некаторым рэчам, якія здаюцца дробяззю: павіншаваць адна адну з днём нараджэння, напрыклад. Я вельмі часта прыгадваю сустрэчу з жанчынай, якая атрымала тры з паловай года калоніі за тое, што дасылала палітвязням пасылкі ў СІЗА, у тым ліку і мне. І вось калі я пабачыла яе ў калоніі, гэта быў такі вельмі чуллівы момант. Бо было вельмі прыкра, што яна апынулася ў турме. Добры чалавек, які спачуваў іншым, хацеў падтрымаць іншых, атрымаў за гэта тры з паловай гады. З другога боку, я, вядома, вельмі расчулілася, што змагла з ёй пазнаёміцца. Можа быць, таму, што я ўвесь час працавала ў сферы СМІ і прызвычаілася глядзець на рэчы трошкі збоку. І, відаць, на тое, што адбывалася са мной, я таксама глядзела так, нібыта гэта адбываецца не са мной. Гэта мне дапамагала ацэньваць сітуацыю больш з гумарам, відаць. Я не адчувала, што я ахвяра, што я праходжу праз нейкія неверагодныя выпрабаванні. Але я, натуральна, я разумела, што я несправядліва знаходжуся ў гэтым месцы. Шкада было часу, мне было вельмі шкада таго, што я не магу быць побач са сваімі блізкімі людзьмі. Але я не магу сказаць, што пакутавала ўвесь час. Бо калі б я засяродзілася менавіта на гэтым, то я б не змагла захаваць здаровыя нервы на працягу ўсяго гэтага часу.

Віктар Корбут

Слухайце аўдыё

Больш на гэтую тэму: Варшаўскі мост

Рубрыка «Варшаўскі мост». Кацярына Андрэева: Жыць паводле прынцыпу «мая хата з краю» — небяспечна

02.07.2026 16:01
Пра жыццё за кратамі і свабоду, пра тое, што такое радзіма, разважае наша калега, якая нядаўна выйшла з калоніі рэжыму Лукашэнкі.

Рубрыка «Варшаўскі мост». Шукайце жанчыну!

30.07.2026 16:01
Рафал Ольберт расказвае пра секс-шпіянаж у ПНР.