У серыі Kresowe rezydencje («Рэзідэнцыі на ўскраінах [былой Рэчы Паспалітай]») выдавецтва Інстытута нацыянальнай памяці Польшчы выйшла кніга Гжэгажа Ранкоўскага (Grzegorz Rąkowski) Województwo wołyńskie («Валынскае ваяводства»). Гэта чацвёрты том серыі, у якой дагэтуль убачылі свет кнігі пра архітэктурную спадчыну Рэчы Паспалітай, якая захавалася на тэрыторыі сучасных заходняй Беларусі і ўсходняй Літвы, або землях Вялікага Княства Літоўскага. Гэта спадчына блізкая і дарагая і палякам, і літоўцам, і беларусам. Але таксама і ўкраінцам.
Валынь да 1569 года ўваходзіла ў склад Вялікага Княства Літоўскага, і таму гэты ўкраінскі рэгіён быў шчыльна звязаны сваёй гісторыяй з суседнімі Беларуссю і Літвой. Пасля Люблінскай уніі Валынь увайшла ў склад Польскага каралеўства, але разам з ВКЛ складала адну Рэч Паспалітую. Лёсы розных народаў, моў і культурных уплываў тут перапляліся.
А Гжэгаж Ранкоўскі ў томе Województwo wołyńskie рупліва сабраў гістарычныя даныя і фотаматэрыял, якія дазваляюць уявіць, што захавалася на Валыні да нашых дзён.
— Валынь — гэта перш за ўсё адзін з вялікіх гістарычных краёў Рэчы Паспалітай, з вельмі бурлівай гісторыяй, бо яшчэ з Сярэдневякоўя за гэты рэгіён вялася барацьба паміж Руссю, Літвой і Польшчай. Гэта былі землі, якім таксама пагражалі захопнікі з усходу — татары, туркі, таму тут захавалася асабліва шмат замкаў. Менавіта з-за гэтых пагроз уладальнікі тутэйшых маёнткаў, а таксама манархі ўзводзілі іх для таго, каб абараняць гэтыя землі, абараняць насельніцтва ад нападаў. У сувязі з гэтым гэта тэрыторыя, дзе захавалася надзвычай шмат замкаў, большасць з якіх цяпер знаходзіцца ў руінах. Але менавіта таму Валынь вельмі цікавая для людзей, якія цікавяцца гісторыяй, архітэктурай і культурай.
Па-ранейшаму тут захоўваюцца сляды, якія звязваюць Валынь з іншымі тэрыторыямі былога ВКЛ.
— Гэта вельмі цікавы рэгіён былой Рэчы Паспалітай, бо тут знаходзіліся радавыя гнёзды вялікіх гістарычных родаў, якія адыгралі велізарную ролю ў гісторыі. Гэта былі такія роды, як, напрыклад, Астрожскія, Вішнявецкія, Чацвярцінскія, Чартарыйскія, Радзівілы і, што характэрна, большасць гэтых родаў паходзіла з Русі або Літвы. Пазней яны даволі хутка паланізаваліся. І менавіта яны адыгралі вельмі важную ролю ў гісторыі і культуры гэтых зямель і ўсёй Польшчы. Калі ж гаварыць пра тое, дзе сканцэнтраваны найбольш цікавыя помнікі, то Валынь фактычна складаецца з дзвюх частак з цалкам розным ландшафтам. Паўночная частка — гэта раўніна, балоцістая, значная частка якой пакрытая лясамі і балотамі. Гэта так званае Валынскае Палессе. Паўднёвая ж частка — гэта ўзвышаныя, урадлівыя тэрыторыі, амаль пазбаўленыя лясоў, з вельмі добрымі глебамі, дзе ўласна большасць лясоў была высечана для таго, каб гэтыя ўрадлівыя землі выкарыстоўваць пад земляробства. І менавіта ў паўднёвай частцы знаходзілася найбольшая колькасць рэзідэнцый тых родаў, пра якія я тут расказваў, і менавіта там найбольш замкаў, палацаў і каштоўных аб'ектаў культуры.
У кнізе Гжэгажа Ранкоўскага прадстаўлены 55 населеных пунктаў на тэрыторыі сучаснай Украіны, якія да 1939 года ўваходзілі ў склад Валынскага ваяводства Рэспублікі Польшча. Даследчык падлічыў, што толькі ў 30 мясцовасцях у розным стане захаваліся маёнткі, палацы або замкі. Яны складаюць менш за 5 працэнтаў ад агульнай колькасці рэзідэнцый, якія існавалі на гэтай тэрыторыі да Другой сусветнай вайны.
— Гісторыя Валыні надзвычай трагічная на фоне іншых рэгіёнаў Рэчы Паспалітай, бо на гэтыя землі нападалі розныя захопнікі з усходу, а таксама яны вельмі моцна пацярпелі на працягу ХХ стагоддзя. Перш за ўсё гэта была Першая сусветная вайна, калі праз Валынь на працягу амаль трох гадоў праходзіла галоўная лінія фронту, ішлі жорсткія баі, і менавіта падчас Першай сусветнай вайны вельмі шмат былых рэзідэнцый і замкаў было разбурана. Пазней новыя разбурэнні прынесла Другая сусветная вайна. Ну і, нарэшце, перыяд савецкай улады, калі былыя рэзідэнцыі наўмысна знішчаліся або ператвараліся ў аб'екты іншага прызначэння як своеасаблівыя рэлікты той былой шляхецкай, «панскай» Польшчы. Улады свядома знішчалі такія месцы. Таму вельмі шмат былых рэзідэнцый і замкаў было знішчана. Дастаткова сказаць, што ў сваёй кнізе пра Валынь я апісаў 55 рэзідэнцый, якія захаваліся да нашых дзён у розным стане, бо частка з іх таксама знаходзіцца ў не найлепшым стане. Але перад Другой сусветнай вайной на гэтай тэрыторыі было больш за 1100 маёнткаў, дзе знаходзіліся сядзібы або палацы. Такім чынам, да нашых дзён захавалася прыкладна 5 працэнтаў тых аб'ектаў, якія існавалі да Другой сусветнай вайны.
Дарэчы, толькі што Гжэгаж Ранкоўскі вярнуўся з Украіны, дзе збіраў матэрыял для чарговага тома з серыі Kresowe rezydencje.
Віктар Корбут
Слухайце аўдыё