Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Асалінэўм: як падзеленая калекцыя стала супольнай спадчынай

29.09.2026 09:09
Юзэф Максіміліян Асалінскі — заснавальніка Нацыянальнага інстытута імя Асалінскіх, вядомага як Асалінэўм. Больш за два стагоддзі ягоная ўстанова застаецца асяродкам польскай культуры.
Юзэф Максіміліян АсалінскіSejm RP

У Польшчы 2026-ы абвешчаны Годам Юзэфа Максіміліяна Асалінскага — заснавальніка Нацыянальнага інстытута імя Асалінскіх, вядомага як Асалінэўм. Больш за два стагоддзі ягоная ўстанова застаецца асяродкам польскай культуры. Яе гісторыя належыць і Украіне: 121 год Асалінэўм працаваў у Львове, дзе дагэтуль захоўваецца значная частка збораў. Сёння львоўская бібліятэка імя Васіля Стэфаныка і Асалінэўм разам даследуюць іх, захоўваюць і ствараюць лічбавыя копіі.

Юзэф Максіміліян Асалінскі нарадзіўся на землях былой Рэчы Паспалітай, вучыўся ў езуіцкім калегіуме. Пасля трэцяга падзелу дзяржавы ён пераехаў у Вену, дзе сабраў вялікую бібліятэку. Выбар Львова быў свядомым: сталіца Галіцыі ў імперыі Габсбургаў заставалася важным цэнтрам інтэлектуальнага жыцця. У 1816 годзе Асалінскі прадставіў імператару Францу I праект публічнай бібліятэкі ў Львове. Праз год імператар зацвердзіў яе заснаванне. Для ўстановы Асалінскі набыў будынкі былога кляштара босых кармелітаў; у 1826 годзе іх бясплатна перабудоўваў інжынер Юзаф Бэм — польскі палкаводзец і будучы нацыянальны герой Венгрыі і Польшчы.

Збор заснавальніка налічваў каля 30 тысяч выданняў, больш за 700 рукапісаў, карты, гравюры, манеты і творы мастацтва. Асалінскі памёр у Вене ў 1826 годзе. У сакавіку 1827-га ў Львоў прывезлі 26 182 выданні, 708 рукапісаў, каля дзвюх тысяч гравюр і больш за тысячу нумізматычных помнікаў. Таго ж года адкрылася бібліятэка, пазней запрацавала друкарня, а ў 1832-м — чытальная зала для навукоўцаў. Заснавальнік хацеў, каб установа служыла навуцы і пасля яго смерці. Воля Юзэфа Максімліяна Асалінскага выконваецца ўжо на працягу двух стагоддзяў.

— Гэта быў чалавек пералому эпох, сведка страты Рэччу Паспалітай незалежнасці. Думаю, гэта вельмі моцна паўплывала на яго біяграфію і на тое, што ён хацеў пакінуць наступным пакаленням, бо ўласных дзяцей не меў. Яго ідэя заключалася ў тым, што народ без дзяржавы можа выжыць толькі дзякуючы культуры. Сабраныя ім калекцыі павінны былі стаць месцам захавання нацыянальнай памяці, каб польская культура магла перажыць адсутнасць уласнай дзяржавы, — распавёў намеснік дырэктара Асалінэума па пытаннях развіцця Марэк Мутар.

Асалінскі ведаў лёс бібліятэкі Залускіх, якую пасля падзелаў Рэчы Паспалітай расійскія ўлады вывезлі ў Пецярбург і хацеў зберагчы ўласны збор. З 1809 да 1825 года Асалінскі быў прэфектам Імператарскай прыдворнай бібліятэкі ў Вене.

- Ён быў не толькі спецыялістам у бібліятэчнай справе, але і здольным дыпламатам. Праца пры аўстрыйскім двары дала яму магчымасць дамагчыся дазволу на стварэнне фонду — спачатку бібліятэчных, а потым і музейных калекцый. Менавіта гэта ў значнай ступені дапамагло яму заснаваць Асалінэўм. Створаны ім у 1817 годзе Нацыянальны інстытут ужо праз дзесяць гадоў фактычна пачаў працаваць у Львове, — адзначыў Марэк Мутар.

Шукаць кнігі Асалінскаму дапамагаў мовазнаўца Самуэль Багуміл Ліндэ, будучы аўтар «Слоўніка польскай мовы», які набываў выданні ў прыватных і кляштарных бібліятэках.

— Дзякуючы Ліндэ і ягонаму захапленню пошукам польскіх выданняў Асалінскі змог задумацца пра стварэнне ўласнага фонду. У значнай ступені калекцыю папаўнялі кніжныя зборы кляштарных бібліятэк, якія ліквідавалі падчас секулярызацыі. Для закупак існаваў асобны фінансавы фонд, бо Асалінскі не шкадаваў сродкаў на папаўненне бібліятэкі, — адзначыла загадчыца аддзела рукапісаў інстытута Ганна Кулеша.

Паводле даследчыцы, некаторыя спосабы, якімі Ліндэ здабываў кнігі, сёння выклікаюць сумневы. Пазней Асалінэўм атрымаў або набыў «Кодэкс святога Амброзія» XIII стагоддзя,  французскі каляндар-альманах XV стагоддзя і г. д.

Будучыню ўстановы дапамагла забяспечыць дамова 1823 года з князем Генрыкам Любамірскім. Польскі арыстакрат перадаў калекцыю еўрапейскага мастацтва і даходы ад уладанняў у Пшэворску. Асалінскі паабяцаў стварыць Музей князёў Любамірскіх і даручыць апеку над установай князю і ягоным наступнікам.

— Гэта была своеасаблівая дамова двух людзей. Асалінскі меў калекцыі, ідэю і разумеў, як усё павінна працаваць. Любамірскі меў грошы. Частка даходаў ад ягонага маёнтка павінна была ісці Асалінэўму на ўтрыманне ўстановы. Дзякуючы гэтай дамове, а затым развіццю інстытута ў XIX стагоддзі і міжваенны перыяд, Асалінэўм стаў сапраўды паспяховай установай, — распавядае намеснік дырэктара Асалінэўма.

Уласнае выдавецтва Асалінэума друкавала творы Генрыка Сянкевіча, польскія падручнікі і буквар. Выдавецкія даходы, ахвяраванні і прыбыткі ад маёнткаў падтрымлівалі зборы. Да Другой сусветнай вайны інстытут стаў неад'емнай часткай культурнага жыцця Львова.

Вайна і змена межаў падзялілі калекцыю. Пасля ўключэння Львова ў склад Савецкай Украіны Асалінэўм перастаў існаваць там як польская ўстанова. Захаваць частку фондаў спрабаваў ягоны апошні польскі дырэктар у Львове прафесар Мечыслаў Гембаровіч.

— Гэта быў час  акупацый, якія змянялі адна адну: спачатку савецкая, потым нямецкая, а затым зноў савецкая. Акупацыйная ўлада фактычна раздзяліла інстытут. Значная частка калекцый была страчаная або падзеленая. Адначасова вялікія скарбы перажылі вайну. Сярод выратаваных былі рукапіс „Пана Тадэвуша“, малюнкі Рэмбранта і шмат іншых каштоўных матэрыялаў, — распавёў Марэк Мутар.

Каля 11 тысяч каштоўных прадметаў, у тым ліку рукапіс «Пана Тадэвуша», пасля вайны апынуліся ва Уроцлаве. Значная частка збораў засталася ў Львове — пераважна ў Нацыянальнай навуковай бібліятэцы Украіны імя Васіля Стэфаныка, а таксама ў галерэі і музеях горада.

Пасля 1989 года Польшча і Украіна пачалі шукаць шлях да супрацоўніцтва. Перамовы аб калекцыі былі складанымі: гаворка ішла і пра яе вывучэнне, і пра вяртанне культурных каштоўнасцяў, страчаных або пакінутых падчас вайны. У 1997-м з’явілася Міжурадавай падкамісія ў справах Асалінэўма.

— Гэтыя сустрэчы дазволілі рушыць наперад. Абодва бакі прызналі: калі мы застанёмся там, дзе знаходзімся, то не зможам развіваць супрацоўніцтва. Нам, супрацоўнікам Асалінэўма, у тым ліку тагачаснаму дырэктару Адольфу Юзвенку, хацелася найперш даследаваць гэтыя калекцыі і сістэмна думаць пра іх ахову і папулярызацыю. Для гэтага трэба было цалкам змяніць падыход да гэтых збораў, — распавяла ўпаўнаважаная ў міжнародным супрацоўніцтве Вікторыя Маліцкая.

У 2003 годзе Асалінэум і бібліятэка імя Стэфаныка дамовіліся пра ўзаемны доступ да збораў без прывязкі даследаванняў да рэстытуцыйных патрабаванняў. З 2004-га львоўскую частку калекцыі пачалі алічбоўваць: да 2020 года зрабілі каля 4,7 мільёна сканаў. Спачатку сканавалі рукапісы, потым часопісы, старадрукі і графіку. Лічбавая копія не заменіць арыгінал, але дазваляе даследчыкам у Польшчы і Украіне працаваць з матэрыяламі абедзвюх частак падзеленай калекцыі.

Пасля пачатку поўнамаштабнага расійскага ўварвання Асалінэўм разам з кампаніямі дапамагаў украінскім установам сродкамі, серверамі, зараднымі станцыямі і абсталяваннем для захавання збораў. «Асалінскія сустрэчы», якія з 2006 года збіралі ў Львове польскіх навукоўцаў і дзеячаў культуры, перарваліся ў 2022-м. Супрацоўніцтва ўстаноў працягваецца.

Слухайце аўдыё!

эж

233 гады таму быў заснаваны Virtuti Militari – найстарэйшы польскі ваенны ордэн і адзін з самых старых у свеце (ФОТА/ВІДЭА)

22.06.2025 06:02
Ордэн увёў у сістэму ўзнагарод у 1792 годзе апошні кароль польскі і вялікі князь літоўскі Станіслаў Аўгуст Панятоўскі пасля разгрому расійскіх войскаў.

232 гады таму ў Гродне закончыўся «нямы» Сейм – апошні ў часы існавання Рэчы Паспалітай

23.11.2025 06:03
У выніку быў зацверджаны Другі падзел Рэчы Паспалітай.

На час жалобы закрылі крамы і лаўкі. Як у Гродне праводзілі ў апошні шлях вядомую пісьменніцу (ФОТА)

23.05.2026 06:02
Калі Ажэшка ляжала хворая дома, гродзенцы ўсцілалі брук саломай, каб грукат павозак яе не турбаваў.