Сёлета спаўняецца 20 гадоў з часу прыняцця ў Польшчы Закона аб нацыянальных і этнічных меншасцях і рэгіянальнай мове. Юбілей стаў нагодай не толькі падвесці пэўныя вынікі, але і задумацца пра сучаснае становішча меншасцяў, іх бачнасць у грамадскай прасторы, захаванне культуры і магчымасці ўплываць на рашэнні, якія іх непасрэдна датычаць.
Адным з вынікаў такой рэфлексіі стала стварэнне Цэнтра даследаванняў нацыянальных і этнічных меншасцяў. Пра яго задачы, кірункі працы і ролю Праграмнай рады мы пагаварылі з намесніцай дырэктара Цэнтра беларускай культуры Ілонай Карпюк, якую рэктар Беластоцкага ўніверсітэта запрасіў у Праграмную раду.
— Думаю, што найперш гэта своеасаблівае рэха шматлікіх падзей, звязаных з 20-годдзем Закона аб нацыянальных і этнічных меншасцях у Польшчы.
Мне здаецца, што намаганні розных асяроддзяў і рэфлексія пасля шматлікіх сустрэч, якія адбыліся ў юбілейны год, прывялі да разумення: трэба з розных бакоў старацца рабіць так, каб нацыянальныя і этнічныя меншасці ў Польшчы былі больш бачнымі.
І гэта важна яшчэ і таму, што цягам дзесяцігоддзяў яны не толькі ўзбагачалі польскую культуру, але і непасрэдна ўплывалі на яе фармаванне.
З другога боку, вельмі важна гаварыць пра нацыянальныя меншасці не толькі ў культурным кантэксце, але і ў грамадскім, эканамічным і гаспадарчым жыцці рэгіёнаў, у якіх яны жывуць. Усё гэта вельмі цесна звязана.
Ёсць яшчэ і палітычны аспект. Калі супольнасць не мае свайго прадстаўніка, значна цяжэй дамагчыся, каб яе патрабаванні, праблемы і прапановы былі пачутыя. Думаю, што Цэнтр у гэтым сэнсе можа быць вельмі карысным інструментам.
Вядома, ён толькі пачынае сваю дзейнасць, таму пакуль яшчэ рана гаварыць пра канкрэтныя вынікі. Даследчыкі, якія займаюцца гэтай тэматыкай, працуюць у розных навуковых установах і ўніверсітэтах. Цяпер Цэнтр упершыню атрымлівае магчымасць сабраць гэтыя даследаванні ў адным месцы, паглядзець, які аб’ём працы ўжо зроблены, і вызначыць новыя кірункі.
Трэба ўбачыць праблемы і працэсы, якія адбываюцца сёння. У выпадку нацыянальных і этнічных меншасцяў у Польшчы вельмі часта маем справу з працэсамі асіміляцыі. Варта таксама звяртаць увагу на гаспадарчыя, грамадскія і палітычныя працэсы, пытанні ідэнтычнасці, а таксама на тое, як меншасці будуюць адносіны са сваімі гістарычнымі краінамі.
Тут вельмі паказальны прыклад беларускай меншасці, якая фактычна засталася без падтрымкі суседняй дзяржавы і мусіць сама клапаціцца хаця б пра захаванне свайго культурнага жыцця.
Таму адна з галоўных задач — сабраць тое, што мы ўжо маем, вызначыць новыя кірункі даследаванняў і зразумець, якія праблемы павінны быць шырока вядомыя грамадству, а што сёння застаецца толькі ва ўніверсітэтах ці навуковых кнігах. Вельмі важная таксама папулярызацыя вынікаў гэтых даследаванняў.
Яраслаў Іванюк
Слухайце аўдыё!