Месяц таму па-польску выйшаў раман Альгерда Бахарэвіча «Сабакі Еўропы» — адзін з самых маштабных і складаных твораў сучаснай беларускай літаратуры. Кніга, забароненая ў Беларусі і прызнаная там «экстрэмісцкім матэрыялам», цяпер шукае свайго польскага чытача.
Ці можна ўвогуле рэкламаваць «Сабак Еўропы» толькі як беларускую кнігу? Што ў гэтым рамане ўніверсальнага? І як перакласці твор, у якім аўтар не толькі гуляе з беларускай мовай, але і стварае ўласную — бальбуту?
Пра польскае жыццё «Сабак Еўропы» і пра працу над перакладам размаўляем з перакладчыцай Яаннай Бэрнатовіч.
Ад польскай прэм’еры «Сабак Еўропы» хутка міне месяц. Ці ўжо можна сказаць, як кніга была прынятая польскімі чытачамі?
— Яшчэ не маю дастатковай дыстанцыі, каб сказаць, як «Сабакі» спрацуюць на польскую публіку. Але ўжо цяпер бачу вялікую зацікаўленасць у розных колах людзей, якія сапраўды чытаюць.
Мяне вельмі падтрымлівае думка, што гэтую кнігу не варта разглядаць выключна як прыклад беларускай літаратуры ці беларускай культуры. Гэта проста добрая літаратура.
І ў гэтым сэнсе я вельмі аптымістычная, таму што добрая літаратура сама сябе найлепш абараняе.
Мне здаецца, што сярод людзей, якія сапраўды шмат чытаюць, якія цэняць пэўны інтэлектуальны, чытацкі выклік, гэтая кніга будзе цікавая менавіта як кніга, а не толькі як беларуская кніга.
Гэта магчымасць выйсці з пэўнай бурбалкі, і гэтым я вельмі задаволеная.
Пакуль я яшчэ чакаю сур’ёзных рэцэнзій. Былі інтэрв’ю з аўтарам, ёсць падкаст, у якім я распавядаю пра пераклад, ёсць розныя матэрыялы, звязаныя з прамоцыяй кнігі.
Але мне вельмі цікава пачытаць менавіта рэцэнзіі: як людзі чытаюць «Сабак Еўропы», якія асацыяцыі гэтая кніга ў іх выклікае, чым здзіўляе.
Кніга сапраўды вельмі цікавая, але дакладна не лёгкая. Чым можна зацікавіць ёю польскага чытача? Як яе рэкламаваць?
— З таго, што я бачу, выдавецтва будуе частку прамоцыі на тым, што кніга забароненая ў Беларусі, што яна ўнесеная ў спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў» і гэтак далей.
Я гэта разумею, бо такая стратэгія звычайна працуе. Я сама калісьці працавала ў камерцыйным выдавецтве і памятаю: калі мы выдавалі кітайскую літаратуру, таксама пісалі на вокладках ці ў рэкламных матэрыялах, што кніга забароненая ў Кітаі.
Для чытача гэта ўжо пэўны сігнал: магчыма, тут ёсць нешта правакацыйнае, незалежнае, цікавае.
Таму я разумею такую стратэгію і думаю, што яна працуе.
Але калі я сама размаўляю пра гэтую кнігу з палякамі, якія зусім не знаходзяцца ў кантэксце беларускай культуры, я найперш кажу пра яе ўніверсальныя каштоўнасці.
У самым сваім корані гэта кніга пра тое, наколькі моцна мы прывязаныя да зямлі — усім цяжарам нашых справаў, думак, нашых целаў. І адначасова пра тое, як моцна мы хацелі б узляцець, адарвацца ад усяго гэтага, як мы прагнем свабоды.
І бальбута — штучная мова, якую аўтар сканструяваў для гэтай кнігі, — і ўсе гісторыі, якія там адбываюцца, насамрэч таксама пра свабоду.
А гэта настолькі ўніверсальная тэма, што з кім бы ты ні размаўляў у любой частцы свету, чалавек зразумее гэтую метафару — патрэбу ўзяць птушынае пяро і паляцець.
Не заўсёды гэта заканчваецца добра, пра што дакладна распавядае ўжо міф пра Дэдала і Ікара.
Але ўсё ж нешта павінна было прывесці да таго, што кнігу забаранілі ў Беларусі. Правакацыі ў Бахарэвіча хапае. Хаця б вядомы пачатак: «Як жа мне абрыдла гэтая ваша беларуская мова...»
— Так, безумоўна. Дарэчы, гэта таксама кніга пра немагчымасць адарвацца. І сам Альгерд Бахарэвіч — вельмі асобны голас у беларускай літаратуры. Нават падчас нашай сустрэчы на «Прадмове» ён казаў, што адчувае сябе ў беларускай літаратуры вельмі самотным.
Я фактычна добра разумею гэтую яго адзіноту. Уступ пра беларускую мову, пра тое, як яна яму «абрыдла», вядома, іранічны. Але з іншага боку, для таленавітага беларускага пісьменніка выбар беларускай мовы заўсёды ў пэўным сэнсе цяжкі.
Бо ён разумее, што калі б выбраў расейскую мову, перад ім адкрыўся б значна шырэйшы чытацкі рынак — і ў сваёй краіне, і далей на ўсход, і не толькі. А выбіраючы беларускую — мову, якой сёння не карыстаюцца масава, — ты заўсёды рызыкуеш, што цябе забудуць, што цябе ніхто не прачытае, што табе не ўдасца дайсці да той публікі, на якую ты разлічваеш.
Мне вельмі падабаецца метафара самога Бахарэвіча: калі ён выбраў беларускую мову, то пакінуў за сабой «чамадан з будучыняй». Чамадан з будучыняй. Ты выбіраеш мову, якая не вельмі папулярная і якая можа ў пэўным сэнсе асудзіць цябе на забыццё. А нейкая вялікая будучыня, якая магла б быць, застаецца нерэалізаванай.
Тут ёсць вельмі моцнае напружанне. І мне здаецца, што стварэнне бальбуты — гэта таксама спроба пагуляць з мовай, з самой тэмай мовы і з выбарам мовы. Гэта ўвогуле вельмі цікавая тэма. Цяпер, напрыклад, у беларускай літаратуры з’яўляецца ўсё больш кніг, напісаных з выкарыстаннем трасянкі. Мы па-ранейшаму знаходзімся ўнутры гэтага моўнага пытання.
Як калісьці казаў Сакрат Яновіч: «Беларусь — гэта не справа для мяккіх». А што было самым складаным у перакладзе «Сабак Еўропы»?
— Тут словы Сакрата Яновіча сапраўды вельмі пасуюць, таму што «Сабакі Еўропы» таксама не для мяккіх.
Па-першае, гэта проста велізарная кніга паводле аб’ёму. І ўжо гэта само па сабе было выклікам, бо я разумела, колькі часу зойме праца. З другога боку, сам аўтар прызнаецца, што сярод найважнейшых для яго пісьменнікаў, літаратурных натхненняў — Джойс, Кафка, Набокаў і Гамбровіч.
Думаю, гэтых чатырох прозвішчаў дастаткова, каб зразумець складанасць перакладу. Найлепш гэта ілюструе чацвёртая частка рамана. Яна адносна кароткая — некалькі дзясяткаў старонак. Спачатку я падумала: выдатна, невялікі раздзел, хутка пойдзе.
Аказалася, што гэта быў адзін з самых складаных фрагментаў. Ён пабудаваны на канцэпцыі «Уліса» Джэймса Джойса. Галоўны герой ходзіць па Мінску — не па Дубліне, як герой Джойса, а па Мінску. І пакуль ён вандруе па горадзе, там, як і ў Джойса, вельмі шмат моўных гульняў, розных літаратурных і мастацкіх прыёмаў. Фактычна мне давялося яшчэ раз перачытаць «Уліса». А ў польскай мове цяпер ёсць ужо два пераклады: класічны пераклад Мацея Сламчыньскага і новы пераклад Мацея Свяркоцкага.
Мне трэба было прачытаць абодва, зразумець розніцу паміж імі. А потым аказалася, што да ўсяго гэтага трэба яшчэ дадаць кнігу Свяркоцкага «Łódź Ulissesa», у якой ён распавядае пра ўласную працу над перакладам Джойса. І вось ад аднаго невялікага раздзела «Сабак Еўропы» я прыйшла да велізарнага аб’ёму дадатковага чытання, неабходнага толькі дзеля таго, каб добра зрабіць гэты фрагмент. У выніку ён заняў у мяне значна больш часу, чым я планавала. Але гэта была вельмі карысная праца. Мне самой давялося нібыта зноў вярнуцца ва ўніверсітэт і сумленна зрабіць усю неабходную падрыхтоўку, каб перакласці гэты джойсаўскі фрагмент кнігі.
Яраслаў Іванюк
Слухайце аўдыё!