Прайшоў год, як базавая школа ў вёсцы Чыжы на Гайнаўшчыне (Беласточчына) атрымала імя беларускага паэта Віктара Шведа. Гадавіну гэтай падзеі школа вырашыла адзначыць сустрэчай з беларускай літаратурай і тэатрам. Гэта не Дзень патрона, бо яго тут адзначаюць у дзень нараджэння Віктара Шведа 24 сакавіка, і арганізатары спадзяюцца, што такое свята стане добрай штогадовай традыцыяй.
А адной з падзей, прымеркаваных да першай гадавіны прысваення школе імя паэта, стаў інтэрактыўны спектакль «Чароўны тэатр Ларысы Геніюш», створаны Васілём Дранько-Майсюком і Аленай Баяравай паводле дзіцячых вершаў паэткі.
Пра значэнне імя Віктара Шведа для школы і пра тое, як тут хочуць ушаноўваць свайго патрона, распавядае дырэктар школы ў Чыжах Міраслаў Пяткевіч.
– Дзякуючы нашаму патрону мы маем сваю ідэнтычнасць. У нас ёсць таксама школьны сцяг з выявай нашага патрона, а на будынку школы ўсталяваная памятная шыльда.
Настаўнікі беларускай мовы праводзяць заняткі на тэму творчасці Віктара Шведа. Акрамя таго, штогод арганізуем конкурс дэкламатараў яго твораў. Таксама адзначаем Дзень патрона – у дзень нараджэння Віктара Шведа.
Гаворыць настаўніца беларускай мовы ў Пачатковай школе імя Віктара Шведа ў Чыжах Ганна Срока.
– Вядома, мы радыя, бо Віктар Швед – наш зямляк, ён паходзіць адсюль. Таму мы з задавальненнм чытаем яго вершы, вывучаем іх, спяваем песні, размаўляем пра яго. І гэта, я думаю, дапамагае нашым вучням набываць і ўмацоўваць сваю ідэнтычнасць.
Мы таксама рыхтавалі ў школе спецыяльную праграму для ўсёй школьнай супольнасці, прысвечаную нашаму патрону. Дзеці расказвалі пра Віктара Шведа і глядзелі фільм пра паэта.
На розных уроках мы стараемся рабіць так, каб вершы Віктара Шведа прысутнічалі ў школьным жыцці і суправаджалі нас не толькі на занятках беларускай мовы.
Расказвае дырэктар Цэнтра беларускай культуры ў Беластоку Анатоль Вап.
– Я думаю, што для ўсёй супольнасці школы ў Чыжах прысваенне ёй імя Віктара Шведа – вельмі важная падзея.
Мы разам са школай і ўладамі гміны, разам з войтам, дамовіліся, што будзем супольна адзначаць і гадавіну прысваення школе імя Віктара Шведа, і Дзень патрона – у дзень нараджэння Віктара Шведа.
Таксама хочам разам ладзіць школьны фэст у маі або чэрвені кожнага года.
Я думаю, што гэта вельмі добрая нагода, каб і дзеці, і ўвогуле жыхары гміны памяталі пра свайго славутага земляка, а таксама пра іншых беларускіх пісьменнікаў, пра беларускую культуру на Беласточчыне і пра сваю спадчыну.
Падрыхтаваў Яраслаў Іванюк
слухайце аўдыёфайл
фота аўтара