Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Цэнтр беларускай культуры ў Беластоку: лістапад будзе насычаны цікавымі падзеямі

02.11.2026 16:24
Гутарка з намесніцай дырэктара цэнтра. 
Аўдыё
  • Цэнтр беларускай культуры ў Беластоку.
 .
Ілона Карпюк.Фота: Яраслаў Іванюк/Беларуская служба Польскага радыё/radyjo.net

Цэнтр беларускай культуры ў Беластоку: восенню багата новых планаў і праектаў. Завяршаецца падрыхтоўка большай залы, наперадзе канцэрты і іншыя імпрэзы, а адной з найважнейшых падзей стане прэзентацыя алічбаванага фанаграфічнага архіва Сцяпана Копы. Пра тое, чым Цэнтр будзе жыць у бліжэйшыя месяцы, распавядае намесніца дырэктара Ілона Карпюк, якая не выключае, што бліжэйшым часам можна будзе таксама паслухаць нешта новае ад яе ўласнага музычнага праекту Ilo&Friends.  

— Калі гаварыць пра Ilo&Friends, то не ведаю, ці пачуемся яшчэ сёлета ўжывую, але напэўна нешта будзе ў запісе. Мы стараемся зрабіць так, каб некалькі новых песень можна было прадставіць нашым слухачам. Так што, можа, нешта яшчэ і атрымаецца. Калі ж гаварыць пра сам Цэнтр, то цяпер мы завяршаем працы над тым, каб можна было карыстацца крыху большай залай. Гэта важна падкрэсліць, бо калі яна ўжо зможа прымаць гасцей, то, безумоўна, і розных ініцыятыў будзе больш.

Крыху плануем у канцэртным кірунку, але не толькі. Без канкрэтных дат магу ўжо сказаць, што лістапад будзе насычаны цікавымі падзеямі. Будзем запрашаць у нашу залу, у тым ліку на музычныя імпрэзы. Адначасова падводзім вынікі першага этапу працы над апрацоўкай фанаграфічнага архіва Сцяпана Копы. У сярэдзіне лістапада плануем прэзентацыю сайта, які будзе прадстаўляць сабраныя ім музычныя матэрыялы. Цяпер яшчэ працягваецца праца ў рэгіёне. Мы ездзім да выканаўцаў, якія калісьці запісваліся Сцяпанам Копам, шукаем фотаздымкі, матэрыялы з іншых архіваў — усё тое, што можна будзе таксама змясціць на сайце і чым пазней зможам дзяліцца з яго карыстальнікамі.

Гэта будзе таксама добрая нагода, каб паглядзець, у якім стане сёння знаходзяцца даследаванні, звязаныя з гэтымі тэмамі, — дыялекталогіяй, этнамузыкалогіяй, этнаграфіяй нашага рэгіёна. Мне здаецца, што Сцяпан Копа зрабіў сапраўды выдатную працу. Ён не толькі стварыў вялікі фанаграфічны архіў, але і нібыта прымусіў нас у пэўны момант зразумець сапраўдную каштоўнасць гэтых матэрыялаў. Не толькі слухаць гэтыя запісы, але і выкарыстоўваць іх, вяртаць іх у жывую культуру.

Менавіта таму пры Цэнтры ўжо створаны музычны гурт «Кумпанія» для аматараў спеваў. Асноўны рэпертуар гурта якраз абапіраецца на матэрыялы з архіва Сцяпана Копы. Для нас вельмі важна, каб гэтыя песні зноў жылі, каб з імі можна было працаваць і выступаць у будучыні. У межах гэтага праекта наперадзе яшчэ адзін майстар-клас з этнографкай і спявачкай Ірынай Мазюк. Гэта ўжо другі год, калі мы працягваем такую працу. Калі завершыцца гэты першы этап, зможам лепш убачыць, што ўжо маем і чым варта займацца далей. Бо на тым, што зроблена цягам гэтых двух гадоў, мы дакладна не збіраемся спыняцца.

Вельмі важна таксама, што гэты этап праекта, прысвечанага спадчыне Сцяпана Копы, рэалізуецца пры падтрымцы Міністэрства культуры і нацыянальнай спадчыны. Гэта яшчэ раз паказвае агульнакультурную каштоўнасць гэтага архіва. А дзякуючы алічбоўцы і новаму сайту ён стане значна больш даступным для ўсіх, хто цікавіцца нашай традыцыйнай культурай.

Слухайце ўсю размову ў далучаным гукавым файле!

Яраслаў Іванюк