Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

«Сімвал Беларусі, якую хочуць згвалціць у "рускім міры"». У Варшаве паказалі беларускія фільмы

04.11.2026 16:17
У рамках Кінафестывалю «Украіна!», які праходзіць на гэтым тыдні ў Польшчы, можна ўбачыць таксама некалькі дакументальных і мастацкіх фільмаў беларускіх незалежных творцаў.  
Аўдыё
 .
Плакат фестывалю.Фота: Беларуская служба Польскага радыё / Наталля Грышкевіч

Кінафестываль «Украіна!», які сёлета адбываецца ў адзінаццаты раз, праходзіць не толькі ў сталіцы, але таксама ў дванаццаці іншых гарадах Польшчы. У гэтым годзе ў рамках паказаў прадстаўлены не толькі ўкраінскія кінастужкі, але і секцыя беларускага кіно, у рамках якой можна ўбачыць фільмы аўтараў, якія распавядаюць пра сваю краіну, каханне ў цяжкія часы, барацьбу за свабоду і жыццё ў цяні рэпрэсій.

Гледачы могуць пазнаёміцца з музыкантам, галоўным героем карціны «Лебядзіная песня Фёдара Озерава», які згубіўся ў зімовай Варшаве, у стужцы «Казка» убачыць творчасць і паслухаць пра жыццё мастака Віктара Кабаца з Падляшша, які ў сваіх карцінах ушаноўвае памяць ахвяр сталінскіх рэпрэсій, расстраляных у Курапатах, а таксама ўбачыць кароткаметражны фільм «Barbie.ru» – горкую сатыру на поп-культурныя міфы.

Беларускі кінакорпус быў падрыхтаваны разам з творцамі кінафестывалю «Bulbamovie». Пакуль што гэты фестываль спынены, аднак паказы адбываюцца ў рамках іншых праектаў. На фестывалі «Украіна!» прадстаўленыя толькі тры беларускія працы, таму найлепш, каб гледачы ўбачылі дыяметральна розныя стужкі, - гаворыць заснавальнік Беларускага кінафестывалю «Bulbamovie» Януш Гаўрылюк:

— У нас быў кароткаметражны блок, таму я выбраў фільмы на кантрасце. Мы паказалі фільмы прызнаных беларускіх кіношнікаў, якіх не так шмат. Таму найперш спакойны дакументальны «Казка», а пазней усе прачынаюцца і глядзяць «Barbie.ru».

Андрэй Кудзіненка: Усе фільмы на свеце — пра каханне. У амерыканскай «Barbie» лялька шукае сапраўднага свету, а мая гераіня жывая, але таксама жыве ў штучным свеце, напоўненым стэрэатыпамі, цынізмам і эгаізмам. Яе жаданні выводзяць яе ў свет смерці. Гэтая дзяўчына можа быць сімвалам Беларусі, якую хочуць згвалціць у «рускім міры». Яна праходзіць праз ініцыяцыю і атрымоўвае новую сябе. У фільме шмат гвалту, паколькі «рускі свет» трымвецца на гвалце і страху.


Януш Гаўрылюк і Андрэй Кудзіненка. Януш Гаўрылюк і Андрэй Кудзіненка.

Андрэй Кудзіненка да апошняга заставаўся ў Беларусі, але некалькі месяцаў таму быў вымушаны пакінуць краіну і пераехаць у Польшчу. Яго кароткаметражная стужка расказвае пра маладую дзяўчыну, якая сутыкаецца з жорсткасцю свету, у тым ліку «рускага міру», але выходзіць з гэтага паядынку пераможцай.

Марына Карпава, рэжысёр анімацыйнага кіно: Мы паглядзелі два вельмі розныя фільмы. Пад першы я ледзьве не заснула, а пад другі я канчаткова прачнулася. Я не першы дзень ведаю Андрэя, таму спадзявалася такое ўбачыць. Гэта інтэлектуальны выклік, ён любіць гуляць з гледачом, правакаваць. Мне падабаецца, што ў Беларусі ёсць такія мастакі. Беларусь даволі кансерватыўная, таму мне падабаецца, што Андрэй спрабуе гэта ўсё ўзарваць, не баіцца рызыкаваць сваёй рэпутацыяй, казаць, што думае, не баіцца быць страшным, дурным ці смешным. Я буду радая, калі яго творчы шлях працягнецца.

Караль Эйгенберг (Karol Ejgenberg): Жыве Беларусь! З украінскім кінафестывалем я практычна з самага пачатку; тое ж тычыцца і фестывалю «Bulbamovie» — я ўдзельнічаю ў ім, пачынаючы з другога выпуску. Я сапраўды сумую па фестывалі «Bulba». У 2014 годзе, яшчэ да таго, як Украінскі фестываль стаў самастойнай падзеяй, у межах фестывалю «Bulba» прайшоў «Дзень Украіны». Менавіта тады быў паказаны фільм Сяргея Лазніцы «Майдан»... Той факт, што праз гады — калі фестывалю «Bulba» ужо няма — беларускі кінематаграфічны складнік знайшоў месца тут, можна назваць такім своеасаблівым жэстам удзячнасці. Я, безумоўна, хацеў бы, каб фестываль «Бульба» мог адбывацца надалей, а сітуацыя ў Беларусі палепшылася настолькі, каб людзі маглі засяродзіцца на прыгажосці жыцця, а не на палітычных праблемах.

Паказы кінакарцін у рамках фестывалю «Украіна!», у тым ліку беларускага корпусу, адбываюцца ў кінатэатры Atlantic у Варшаве.

нг