Архіў, які яшчэ чакае сваіх даследчыкаў
Праца над архівам Сцяпана Копы разлічаная на некалькі гадоў. Сабраныя матэрыялы патрабуюць не толькі алічбоўкі і ўпарадкавання, але і грунтоўнага навуковага даследавання.
— Гэта больш за чатыры тысячы аўдыязапісаў песень, сярод якіх вельмі шмат абрадавых. Гэта галасы людзей, якія нарадзіліся яшчэ ў пачатку ХХ стагоддзя, з тых частак Беласточчыны, дзе сёння можна ўжо нават не пачуць ніводнага беларускага слова, — расказвае Зміцер Косцін.
Гаворка, у прыватнасці, пра заходнюю Сакольшчыну, ваколіцы Сухаволі і Карыціна. У многіх мясцовасцях аўтэнтычны фальклор амаль знік разам са старэйшым пакаленнем. Нават там, дзе беларуская мова яшчэ гучыць, усё менш людзей памятаюць традыцыйныя вясельныя і абрадавыя песні.
У архіве захаваліся не толькі спевы, але і аповеды пра народныя звычаі, якія могуць стаць каштоўнай крыніцай для этнографаў, мовазнаўцаў і гісторыкаў.
Да канца года ў межах першага этапу праекта, які рэалізуецца пры падтрымцы Міністэрства культуры, плануецца стварыць адмысловы сайт. Ён будзе паступова папаўняцца новымі матэрыяламі.
— Вельмі хочацца, каб, акрамя запісаў і этнаграфічных апісанняў, на сайце з'явіліся таксама тэксты ўсіх песень. Каб людзі маглі не толькі паслухаць, але і прачытаць словы. Гэта ўнікальныя жывыя гаворкі, часам незразумелыя нават тым, хто добра ведае літаратурную беларускую мову, — падкрэслівае Зміцер Косцін.
Яшчэ адна амбіцыйная задача — знайсці фотаздымкі людзей, чые галасы захаваў Сцяпан Копа. Паводле суразмоўцы, гэта праца можа заняць шмат гадоў.
«Кумпанія» нарадзілася з супольнага спеву
Праца з архівам стала адным з імпульсаў для стварэння гурта «Кумпанія», які сёння дзейнічае пры Цэнтры беларускай культуры ў Беластоку.
Яго гісторыя пачалася яшчэ да афіцыйнага заснавання калектыву — падчас майстар-класаў традыцыйных спеваў, якія праводзіла Ірына Мазюк. Удзельнікі вывучалі песні з архіва Сцяпана Копы, спявалі разам і паступова вырашылі працягваць сустрэчы.
— Мы сустрэліся, спявалі разам, і з гэтага ўзнікла ідэя: а можа, варта сустракацца далей, удасканальваць свой спеў? А можа, разам паехаць пакалядаваць ці павалакаць? Так усё і пачалося, — успамінае Зміцер Косцін.
З часам ініцыятыва атрымала падтрымку Цэнтра беларускай культуры, які забяспечыў магчымасць рэгулярных заняткаў з інструктаркай спеваў Наталляй Сазановіч.
Сёння «Кумпанія» толькі фарміруецца і застаецца адкрытай для ўсіх, хто цікавіцца традыцыйнымі беларускімі песнямі Падляшша і хоча далучыцца да іх вывучэння.
Не проста выступаць, а спяваць разам
Удзельнікі «Кумпаніі» ўжо выступаюць на імпрэзах, арганізаваных Цэнтрам беларускай культуры. Аднак, як падкрэслівае Зміцер Косцін, калектыў не імкнецца стаць звычайным сцэнічным ансамблем.
— Мы пакуль яшчэ толькі бавімся ў выступы. Цяжка сказаць, што мы ўжо сыграны калектыў, які запісвае плыты і заўтра будзе выступаць у Albert Hall, — жартуе ён.
Галоўная мэта «Кумпаніі» — вярнуць традыцыйныя песні ў жывое асяроддзе, каб людзі не толькі слухалі іх, але і самі далучаліся да спеву.
Асабліва кранальнымі становяцца сустрэчы з жыхарамі Беласточчыны, якія яшчэ памятаюць гэтыя мелодыі з дзяцінства.
— Самыя цудоўныя моманты — калі сустракаешся з людзьмі вачамі ў вочы і бачыш слёзы на іх вачах або тое, як яны пачынаюць спяваць разам з табою. Для нас гэта найважнейшае. Мы хочам, каб людзі не проста глядзелі на нас ці слухалі, але і спявалі разам з намі. І пакуль што бачым, што гэта ўдаецца.
Ці перажывуць традыцыйныя песні яшчэ адно пакаленне?
Зміцер Косцін перакананы, што спадчына Сцяпана Копы мае шанец захавацца не толькі ў архівах, але і ў сучаснай музычнай культуры. Аднак для гэтага патрэбная зацікаўленасць не аднаго калектыву, а значна шырэйшага кола выканаўцаў і даследчыкаў.
Паводле яго, цікавасць да традыцыйнай музыкі Беласточчыны ўжо праяўляюць іншыя гурты, у тым ліку Hajda Banda, чый альбом «Nieprawdziwa» атрымаў прызнанне ў Польшчы і за яе межамі.
— Думаю, што іншыя выканаўцы і творцы, якія чэрпаюць натхненне з традыцыйнага беларускага фальклору, таксама маглі б зацікавіцца гэтым архівам. Тады ёсць шанец, што песні захаваюцца, увойдуць у сучасную культуру — у традыцыйнай або больш сучаснай форме — і будуць жыць далей.
Такім чынам, праца над архівам Сцяпана Копы — гэта не толькі захаванне ўнікальных гістарычных запісаў. Гэта таксама спроба вярнуць беларусам Беласточчыны частку іх культурнай памяці, зрабіць так, каб песні, якія некалі гучалі ў вёсках і сем'ях, зноў сталі часткай жывой традыцыі.
Гутарыў Яраслаў Іванюк