Праваслаўе — неад’емная частка гісторыі польскай незалежнасці. Пра гэта нагадвае арганізаваная ў Музеі незалежнасці ў Варшаве фотавыстава пад назвай «Вядомае і невядомае — польскае праваслаўе». На ёй прадстаўлены архіўныя фотаздымкі Польскага тэлеграфнага агенцтва і сучасныя працы фатографа Томаша Масціцкага (Tomasz Mościcki). Пра тое, як узнікла ідэя арганізаваць такую выставу, расказвае Агата Аляндэрак (Agata Olenderek) з аддзела прамоцыі музея.
— Я ведаю Томаша яшчэ з тэатральнай школы. Мы разам вучыліся на факультэце тэатразнаўства ў тагачаснай Варшаўскай тэатральнай школе. Я ведала, што Томаш робіць надзвычай прыгожыя фотаздымкі. Праз гады мы зноў наладзілі кантакт. Я ўбачыла яго цудоўныя фотаздымкі, якія ён публікаваў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку, і падумала, што было б цудоўна, калі б ён мог арганізаваць у нас выставу, прысвечаную польскаму праваслаўю.
Куратар выставы, кандыдат гістарычных навук Яцак Конік (Jacek Konik), нагадаў гістарычныя факты, якія сведчаць пра шматвяковую прысутнасць усходняга хрысціянства на польскіх землях. Ён згадаў місію святых Кірылы і Мяфодзія, а таксама звярнуў увагу на цікавыя сведчанні ўплыву візантыйскай культуры ўжо на самым пачатку існавання польскай дзяржавы. Адно з іх — выява на манеце першага польскага караля Баляслава Храбрага.
Куратар выставы Яцак Конік (злева), айцец Дарафей Савіцкі (срава)
— Ужо ў той час, калі Мешка І у Х стагоддзі пачынае будаваць сваю дзяржаву і прымае хрост у лацінскім, рымскім абрадзе, усходняе хрысціянства візантыйскага абраду ўжо існуе. Яно ўжо прысутнічае на польскіх землях, і гэтага нельга выкрасліць ці аспрэчыць. І кіраўнікі з дынастыі Пястаў гэтага не робяць. Звярніце ўвагу, што найстарэйшая вядомая польская манета, славуты дэнарый Баляслава Храбрага, прадстаўляе выяву птушкі. На працягу многіх гадоў лічылася, што гэта арол. Сёння мы ведаем, што гэта, хутчэй за ўсё, паўлін. Найбольш аўтарытэтныя польскія нумізматы, якія займаюцца Сярэднявеччам, указваюць на тое, што гэта ўсё ж паўлін — вельмі папулярны хрысціянскі сімвал, вельмі распаўсюджаны ў візантыйскай культуры, сярод візантыйскіх кіраўнікоў. Гэты матыў з’яўляецца на дэнарыі Баляслава Храбрага, што таксама сведчыць пра прысутнасць візантыйскай традыцыі, Канстанцінопаля ля вытокаў польскай дзяржавы.
Якое праваслаўе вы імкнуліся паказаць на гэтай выставе? — цікаўлюся ў куратара выставы Яцэка Коніка.
— Перадусім жывое і польскае. Гэта значыць праваслаўе, якое існуе, якое не з’яўляецца экзотыкай, якое ёсць часткай гісторыі Польшчы і польскай рэчаіснасці, у тым ліку сучаснай. Таму мы спалучылі архіўныя фотаздымкі, тэматычна звязаныя галоўным чынам з Пачаеўскай лаўрай — адной з найбуйнейшых святыняў польскага праваслаўя ў міжваенны перыяд, — з фотаздымкамі Томаша Масціцкага, якія паказваюць сучаснае праваслаўе ад Грабаркі да гары Афон, дзе польскае праваслаўе таксама чэрпае сваю духоўную сілу.
Чым вы кіраваліся, выбіраючы фотаздымкі? Паводле сваёй каляровай гамы яны нагадваюць жывапіс эпохі Адраджэння. Яны цёмныя, у іх амаль няма колеру. Чаму так — тлумачыць куратар.
— Таму што мы хацелі, каб яны вельмі добра спалучаліся з архіўнымі матэрыяламі. А Томаш якраз выкарыстоўвае такую фатаграфічную тэхніку, якую ён называе «гумай». Дзякуючы ёй фотаздымкі, зробленыя ў наш час, набываюць такую адметнасць, што чалавек, які не ведае, калі яны былі зробленыя, можа падумаць, што нават на пачатку ХХ стагоддзя. І калі б не сучаснае адзенне, можна было б памыліцца. Таму спалучэнне гэтых дзвюх рэчаіснасцей у адной каляровай гаме дазваляе паказаць іх адзінства і пераемнасць.
Вы мелі вялікі ўплыў на тое, што будзе прадстаўлена на выставе, бо фотаздымкаў у Томаша, напэўна, былі тысячы. Ці ёсць у вас тут свой улюбёны фотаздымак?
— Так, ёсць тут мой улюбёны фотаздымак. Ён зроблены на гары Афон, а на пярэднім плане — манастырскі звон. Лічу, што гэта проста цудоўны фотаздымак.
Аўтар сучасных фотаздымкаў, прадстаўленых на выставе «Вядомае і невядомае — польскае праваслаўе», Томаш Масціцкі (Tomasz Mościcki) кажа, што сябруе з праваслаўем ужо трыццаць гадоў. Захапленне праваслаўнай культурай і духоўнасцю прывяло яго ажно на Святую гару Афон у Грэцыі. Цікава, што восем гадоў таму менавіта фотаздымкі Масціцкага, зробленыя на Афоне, прадстаўлялі грэчаскае праваслаўе ў Радзе Еўропы ў Страсбургу. А пачалося ўсё на польскім Падляшшы, на Святой гары Грабарцы — успамінае фатограф.
Фатограф Томаш Масціцкі (у цэнтры), дырэктар музея Катажына Легавец (справа)
— Сваю фатаграфічную, мастацкую прыгоду я пачынаў менавіта са Святой гары Грабаркі. Я называю гэта «фотасесіяй 1999 года», калі на Грабарцы адзначалася свята Праабражэння Гасподняга. Ужо тады я захапіўся гэтым. Сказаў сабе: «Добра, трэба будзе працягваць, бо гэта надзвычай цікава». Мая сувязь з праваслаўем, хаця адразу скажу, што я не праваслаўны, доўжыцца ўжо трыццаць гадоў. Нядаўна мяне спыталі, што мне далі гэтыя трыццаць гадоў. І я адказаў, што гэта цудоўная прыгода ў вельмі многіх вымярэннях — у тым ліку духоўным вымярэнні, гэта зразумела. Гэта мастацкая прыгода, бо як фатограф я займаюся стварэннем фотаздымкаў. Гэта таксама інтэлектуальная прыгода, бо гэта пазнанне той рэчаіснасці, пра якую мы, людзі, народжаныя ў камуністычнай Польшчы, якая была вельмі нацыяналістычнай і, па сутнасці, выцясняла гэтую тэму, ведалі вельмі мала. Таму, калі я пачаў ездзіць на Падляшша і знаёміцца з праваслаўем, для мяне гэта было таксама адкрыццём свету, пра існаванне якога я нешта чуў, але ведаў вельмі мала.
Фатаграфіі Томаша Масціцкага — гэта не толькі дакументальныя сведчанні рэлігійнага жыцця. Яны таксама нагода для разважанняў над сэнсам чалавечага існавання, над часовасцю матэрыяльных даброт і тым, што чалавек пакідае пасля сябе. Менавіта да такіх разважанняў схіляе адзін з асабліва дарагіх фатографу здымкаў. Гэта ўсыпальніца ў манастыры на Афоне.
— Фотаздымак, да якога я даволі моцна прывязаны, многім людзям можа падацца шакавальным. Мне — не. Гэта фотаздымак, які паказвае канец чалавечага жыцця. Па сутнасці, усе нашы намаганні, наша імкненне да грошай, пасад, становішча ў жыцці ў пэўны момант заканчваюцца, а застаецца вельмі мала. Адзінае, што мы можам зрабіць, — пакінуць пасля сябе добрую памяць і добрыя справы, якія нам удалося здзейсніць. Больш нічога не атрымаецца. Як вядома, у той шлях мы выпраўляемся абсалютна голымі.
Прысутны на адкрыцці выставы праваслаўны святар, айцец Дарафей Савіцкі (ks. Doroteusz Sawicki), звярнуў увагу на тое, што нават самая багатая экспазіцыя не ў стане перадаць усёй глыбіні і разнастайнасці праваслаўнай традыцыі. Аднак яна можа стаць запрашэннем да бліжэйшага знаёмства з польскім праваслаўем, якое, дарэчы, знаходзіцца зусім побач з намі.
— Гэтая выстава не ў стане паказаць ні ўсяго праваслаўя, ні ўсяго польскага праваслаўя. Гэта ўсё роўна, што мы паспрабавалі б змясціць акіян у шклянцы вады. Але калі я сёння не магу паехаць да акіяна, то і шклянка вады можа спатоліць маю смагу. І гэтая шклянка вады дае мне пэўнае ўяўленне пра акіян, абуджае маю цікаўнасць і яшчэ больш заахвочвае мяне выправіцца да акіяна.
Такім чынам, гэтая выстава можа стаць візітоўкай праваслаўя і заахвоціць да таго, каб яшчэ больш уважліва да яго прыгледзецца. Таму, магчыма, назва «Вядомае і невядомае» вельмі трапная, бо паказвае тое, што мы, напэўна, дзесьці і калісьці бачылі: гэтыя купалы, гэтых святароў. Але калі мы бачым, што святар стаіць у так званай усыпальніцы, дзе на паліцах ляжаць чарапы, то гэта ўжо нельга сказаць, што гэта нам добра вядома.
Калі я бачу манастыр на Грабарцы, то ўяўляю яго такім, якім ён выглядае сёння. Але раптам перада мной фотаздымак з 1950-х гадоў, і гэта ўжо нешта новае — невядомае. Нам, напэўна, крыху не хапае такіх выстаў, якія не насыцяць усе нашы пачуцці і не дадуць адказаў на ўсе пытанні, але стануць запрашэннем да асабістай сустрэчы. Менавіта так я гляджу на гэтую выставу — як на заахвочванне.
Праваслаўе — побач з вамі. Варшава — гэта не праваслаўная пустыня. Можна паехаць на Прагу, на Волю, падацца ў храм на вуліцы Пулаўскай ці ў раён Саска Кэмпа і там непасрэдна дакрануцца да другой часткі выставы. Бо тут у нас толькі першая частка. Таму мы заклікаем усіх наведаць гэтую першую частку, але памятаць, што другая частка таксама чакае вас на варшаўскіх вуліцах.
Фотавыстава «Вядомае і невядомае — польскае праваслаўе» ў Музеі незалежнасці ў Варшаве — гэта магчымасць не толькі бліжэй пазнаёміцца з праваслаўнай традыцыяй, але і па-новаму зірнуць на гісторыю самой Польшчы, адкрыць для сябе яе шматканфесійную і шматкультурную спадчыну.
Выстава адкрытая для наведвальнікаў да канца лютага 2027 г.
Падрыхтавала Яланта Смялоўская