Амаль кожны пяты аўтамабіль у Еўрапейскім Саюзе выраблены ў краінах Вышаградскай групы. У сваю чаргу Польшча з’яўляецца лідарам па вытворчасці аўтамабільных запчастак. Пра гэта гаворыцца ў справаздачы Польскага эканамічнага інстытута.
Польшча, Венгрыя, Чэхія і Славакія выпускаюць 20% аўтамабіляў у Еўрасаюзе. Гэта амаль 4 мільёны транспартных сродкаў. У краінах Вышаградскай групы ў аўтамабільным сектары і галінах, з ім звязаных, працуе амаль 1 мільён 600 тысяч чалавек. 45% з іх - у Польшчы.
У рамках дакладу эксперты Польскага эканамічнага інстытута аналізавалі не толькі аб'ём вытворчасці і занятасці ў аўтамабільнай прамысловасці ў асобных краінах, але таксама іншыя крытэрыі.
„Аказваецца, што Польшча спецыялізуецца ў вытворчасці аўтамабільных запчастак”, - кажа суаўтар дакладу Катажына Дэмбкоўска (Katarzyna Dębkowska) з Польскага эканамічнага інстытута.
- Можна сказаць, што гэта характэрная рыса польскай аўтамабільнай галіны і адначасова яе вялікі шанец на будучыню. Гэта выразна адлюстроўваецца ў экспарце польскай аўтамабільнай прамысловасці. Абагульняючы: Польшча з’яўляецца краінай, якая выпускае найбольш запчастак і гэтым адрозніваецца ад астатніх краінаў Вышаградскай групы.
Асноўнай краінай, у якую палякі прадаюць сваю прадукцыю, з'яўляецца Германія. Таму, як тлумачыць суаўтар дакладу Лукаш Амброзяк (Łukasz Ambroziak), калі экспарт нямецкіх аўтамабіляў падае, то змяншаецца таксама продаж польскіх запчастак.
- Гэта таксама адмоўна ўплывае на польскую аўтамабільную галіну. Калі зірнуць на чэрвень, то нямецкі экспарт транспартных сродкаў упаў на 14% у параўнанні з мінулым годам. І гэтыя скарачэнні бачныя таксама ў Польшчы.
Нагадаем, экспарт нямецкіх аўтамабіляў скараціўся ў асноўным у сувязі з амерыканска-кітайскай мытнай вайной і няўпэўненасцю ў сувязі з выхадам Вялікабрытаніі з Еўрасаюза. Аднак праблема назіраецца ва ўсёй еўрапейскай аўтамабільнай прамысловасці.
Адным з выклікаў, якія стаяць перад аўтазаводамі ў краінах Вышаградскай групы, з’яўляецца электрамабільнасць, а таксама такія сусветныя мегатрэнды, як каршэрынг ці аўтаномныя транспартныя сродкі.
Эксперты таксама звяртаюць увагу на тое, што хоць краіны Вышаградскай групы канкуруюць паміж сабой, то з іншага боку яны таксама ствараюць своеасаблівы кластар, які канкуруе з буйнымі сусветнымі вытворцамі.
Важным таксама зяўляецца той факт, што польскія кампаніі аўтамабільнай галіны размешчаныя ў асноўным на поўдні краіны, а чэшскія і славацкія на поўначы - гэта значна аблягчае супрацоўніцтва.
У 2017 годзе ў Польшчы аўтамабільная прамысловасць разам з галінамі, якія з ёй супрацоўнічаюць, стварылі 730 тысяч працоўных месцаў і выплацілі ў выглядзе заработнай платы 5 мільярдаў 390 мільёнаў еўра.
Аўтары дакладу дадаюць, што, паводле дадзеных Еўрастата, у 2017 годзе Польшча прадала за мяжу аўтамабіляў, запчастак і аўтамабільных аксесуараў за 27,5 мільярда еўра.
Гэта азначае, што краіна знаходзіццa на другім месцы сярод дзяржаў Вышаградскай групы. Першае месца па продажу займаюць чэхі, якія ў гэты час экспартавалі аўтапрадукцыі на 30 мільярдаў 700 мільёнаў еўра.
aз