З канцом кастрычніка Вялікабрытанія павінны была выйсці са складу Еўрапейскага Звязу. Палітычны развод, аднак, перанесены на некалькі месяцаў, але прадпрымальнікі ўжо здаўна да яго рыхтуюцца. Напрыклад, кампанія Toyota вырашыла ў два разы павысіць памер сваіх інвестыцый у Польшчы, хаця раней казалі пра яе капіталаўкладанні ў Вялікабрытаніі. Справу апісвае Gazeta Wyborcza.
На панядзелак японскі гігант запланаваў заяву аб павелічэнні памеру капіталаўкладанняў у Польшчы. У два разы вырасце вытворчасць на фабрыцы ў польскім горадзе Валбжых. Гаворка ідзе пра рухавікі для аўтамабіляў з гібрыдным прывадам, як, напрыклад, Toyota Yaris чацвёртага пакалення, якая ў будучым годзе паступіць у салоны продажу ў Еўропе. Праз два гады на фабрыцы будзе вырабляцца да 350 тыс. такіх рухавікоў у год. З красавіка будучага году такія ж рухавікі можна будзе вырабляць на фабрыцы ў польскім горадзе Ельч.
Да гэтае пары хадзілі чуткі, што новыя мантажныя лініі Toyota плануе адкрыць у Вялікабрытаніі. Неафіцыйна выданне даведалася, што кампанія вырашыла пашырыць свае інвестыцыі ў Польшчы з-за таго, што зацягваецца пытанне выхаду дзяржавы са складу Еўразвязу. Верагодней за ўсё, японскі канцэрн рашыцца закрыць сваю фабрыку ў Вялікабрытаніі. Дарэчы, іншыя сусветныя гіганты аўтамабільнай галіны таксама думаюць пра падобныя крокі. На пачатку будучага году плануе звольніць адну дзясятую частку з усіх 44 тыс. супрацоўнікаў фірма Jaguar Land Rover, летам пра ліквідацыю сваёй фабрыкі заявіў Ford, падобныя крокі прадпрымае Nissan.
пераклад нг