Беларуская Служба

У Польшчы праходзіць Пяты еўрапейскі форум бяспекі камп'ютарнай прасторы

30.10.2019 12:21
Яго асноўнай мэтай з’яўляецца рэалізацыя мераў эфектыўнай бяспекі самай сучаснай на свеце сеткі сувязі 5G (пятага пакалення). 
Аўдыё
  • У Польшчы праходзіць канферэнцыя, прысвечаная кібербяспецы
Zdjęcie ilustracyjne.
Zdjęcie ilustracyjne.shutterstock, Healthy TechSTUDIO

Двухдзённае мерапрыемства CYBERSEC 2019 праходзіць у горадзе Катавіцэ на поўдні Польшчы. У ім удзельнічаюць прадстаўнікі польскага ўраду, тэхналагічных кампаній, эксперты і навукоўцы з Еўрапейскага Звязу і Злучаных Штатаў Амерыкі. Абмяркоўваючы тэматыку сеткі пятага пакалення, удзельнікі сустрэчы звярталі ўвагу як на пытанні бяспекі, так і на пазітыўныя бакі, якія прынясе эканоміцы дадзены тэхналагічны прарыў. Гаворыць дырэктар кампаніі тэлесувязі Exatel Шыман Руман (Szymon Ruman).

- Канешне, гэта значна больш хуткі інтэрнэт, магчымасць перасылаць на адлегласць большую колькасць дадзеных адначасова. Ужо цяпер можна сабе ўявіць, як будзе выкарыстоўвацца гэтая сетка на практыцы – ад хуткага замеру вады ў рацэ, па пошук свабоднага месца на стаянцы ў горадзе.

Учора, у першы дзень канферэнцыі, была падпісаная дамоўленасць паміж Міністэрствам лічбавых тэхналогій і кампаніямі CISCO, ERIKSSON i NOKIA. Працягвае міністр лічбавых тэхналогій Марэк Загурскі (Marek Zagórski).

- Мы такім чынам рэгулюем наша супрацоўніцтва з важнымі фірмамі тэлесувязі ў галіне кібербяспекі. У першую чарговасць мы, зразумела, абмяркоўваем супрацу ў галіне тэхналогій, звязаных з сеткай пятага пакалення, але не толькі.

Сетка хуткай сувязі (5 генерацыі) дае значна большыя магчымасці, чым раней існуючыя тэхналогіі, але таксама яна патрабуе лепшай аховы ад патэнцыйных атакаў хакераў. І гэтая тэма – асноўная падчас канферэнцыі, зладжанай Інстытутам Касцюшкі ў Катавіцах. Меркаваннем дырэктара па пытаннях прасоўвання праектаў і стратэгічнага супрацоўніцтва інстытуту Робэрта Сюдака (Robert Siudak), ахова лічбавай прасторы – гэта пытанне, якое датычыць усё большай колькасці суб’ектаў.

- Мы стараемся паказаць, што кампʼютарная бяспека – гэта важная задача. Яна стаіць як перад дзяржавамі, якія павінны задумацца над падрыхтоўкай адпаведных законаў, так і перад кожным, хто займаецца бізнесам. Гэта датычыць як малых фірмаў, так і сярэдніх кампаній ды вялікіх міжнародных канцэрнаў. Усе мы цяпер карыстаемся лічбавымі тэхналогіямі, таму ахова нашай кіберпрасторы стала ўжо неабходнай часткай жыцця ў свеце, які базуецца на лічбавых дадзеных.

Удзельнікі форуму абмяркоўваюць, у прыватнасці, пытанне аховы персанальных дадзеных, паколькі ахова іх у лічбавай прасторы з’яўляецца даволі складанай задачай. Дарэчы, гаворка ідзе не толькі пра імёны і прозвішчы людзей, ці адрас іх пражывання, але таксама пра штучную інтэлігенцыю.

- Гэта пытанне аховы як персанальных дадзеных, так і шырокага паняцця эканомікі дадзеных. Гаворка ідзе пра тое, хто гэтыя дадзеныя збірае, хто іх захоўвае, у якіх мэтах. На канферэнцыі ідзе таксама гаворка пра новыя тэхналогію, штучную інтэлігенцыю. З аднаго боку яна дапамагае ў нашым жыцці, дазваляе зрабіць больш аптымальнымі і аўтаматычнымі некаторыя крокі, звязаныя з кампʼютарнай прасторай, але, з іншага боку, яе могуць выкарыстоўваць зламыснікі, якія пры яе дапамозе таксама аўтаматызуюць свае атакі.

Эфектыўная кібербяспека выражаецца ў шматузроўневай абароне, якая ахоплівае камп’ютары, сеткі, праграмы і дадзеныя. Супрацоўнікі кампаній, якія выкарыстоўваюць шмат лічбавых дадзеных, павінны разумець прынцыпы іх аховы. А форум, які адбываецца ў Катавіцах, дае розным аб’ектам нагоду абмяняцца вопытам, – кажа міністр лічбавых тэхналогій Марэк Загурскі.

- Мы павінны бараніцца, і таму мы павінны дзяліцца вопытам. Гэтая канферэнцыя зладжана дзеля таго, каб мы маглі абмяняцца вопытам. Усім зразумела, што нам патрэбныя сістэмы аховы на многіх узроўнях. Таксама ніводная дзяржава не здолее абараніць сябе ў адзіночку, калі іншыя не падключацца. Адзіная магчымасць, каб гэта зрабіць у такой сітуацыі – цалкам адключыць сеціва, а ніхто гэтага не жадае. У дадзенай галіне супрацоўніцтва абсалютна неабходнае.

Паралельна з панэльнымі дыскусіямі падчас форуму адбываюцца таксама іншыя падзеі, між іншым, міжнародная выстава-кірмаш фірмаў, якія дзейнічаюць у сектары кіберпрасторы.

Польскае міністэрства лічбавых тэхналогій намерана запусціць сувязь пятага пакалення ў будучым годзе, як мінімум у адным вялікім горадзе Польшчы. На працягу пяці гадоў плануецца пашырыць яе дзейнасць на ўсе вялікія гарады краіны і галоўныя шляхі камунікацыі.

ІАР ПР/нг