Беларуская Служба

Нізкае беспрацоўе – шанец для інвалідаў на большую прысутнасць на рынку працы

05.11.2019 12:31
Нізкі ўзровень беспрацоўя ў Польшчы азначае, што людзям з абмежаванымі магчымасцямі лягчэй знайсці працу.
Здымак мае ілюстрацыйны характарgeralt/pixabay.com/CC0 Public Domain

Упаўнаважаны ўрад па справах людзей з абмежаванымі магчымасцямі Кшыштаф Міхалкевіч (Krzysztof Michałkiewicz) падкрэслівае, што вельмі нізкі ўзровень беспрацоўя ў краіне спрыяе большай прысутнасці інвалідаў на рынку працы.

Паводле апошняга даследавання „Еўрастата”, Польшча апынулася на трэцім месцы (пасля Чэхіі і Германіі), калі гаворка ідзе пра самае нізкае беспрацоўе ў Еўрасаюзе. Паводле метадалогіі Еўрапейскага статыстычнага ўпраўлення, узровень беспрацоўя ў Польшчы склаў 3,3%, у той час як у сярэднім па ЕС згаданы паказчык склаў 6,3%.

Міністр Міхалкевіч адзначыў, што нізкі ўзровень беспрацоўя ў Польшчы азначае, што людзі з абмежаванымі магчымасцямі могуць лягчэй знайсці працу.

- У Польшчы дзейнічае праграма „Студэнт”, у рамках якой можна атрымаць частковую кампенсацыю коштаў вучобы ў ВНУ. Праграма „Выпускнік” дапамагае асобам з абмежаванымі магчымасцямі знайсці працаўладкаванне, пасля заканчэння вучобы і атрымання адукацыі.

Кшыштаф Міхалкевіч нагадаў таксама пра праграму падтрымкі інвалідаў „Стабільная занятасць”, дзякуючы якой некалькі соцень чалавек праходзяць стажыроўку ў дзяржаўнай адміністрацыі, а таксама праграму „Праца Інтэграцыя”, якая зводзіцца да падтрымкі дзяржпрадпрыемстваў у стварэнні працоўных месцаў для людзей з абмежаванымі магчымасцямі.

Дарэчы, у канцы кастрычніка было падпісанае пагадненне аб дадатковым працаўладкаванні інвалідаў у банку PKO BP. У цяперашні час у найбуйнейшым банку ў Польшчы працуюць 250 асобаў з абмежаванымі магчымасцямі. Цяпер іх колькасць вырасце на 25.

аз