Беларуская Служба

Літва і Польшча плануюць супольна змагацца са з'явай ухілення ад ПДВ

12.11.2019 14:49
Пра гэта кіраўнік літоўскага ўрада Саўлюс Скверняліс напісаў у лісце да прэм'ер-міністра Матэвуша Маравецкага.
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар.Photo:stevepb/pixabay.com/CC0 Public Domain

„Літва падтрымлівае польскія намаганні па барацьбе з ухіленнем ад ПДВ”, - піша кіраўнік літоўскага ўрада Саўлюс Скверняліс у лісце да прэм'ер-міністра Матэвуша Маравецкага. Тэкст ліста надоечы быў апублікаваны на сайце ўрада Літвы.

У ім чытаем, што Літва цалкам падтрымлівае намаганні па ўзмацненні барацьбы з махлярствамі і шукае магчымасці больш цесна супрацоўнічаць з Польшчай у гэтай сферы.

Саўлюс Скверняліс падкрэслівае, што ПДВ з'яўляецца вельмі важнай крыніцай прыбытку дзяржаўных бюджэтаў краінаў Еўрасаюза. На яго думку, сучасная сістэма супрацоўніцтва ЕС у гэтым пытанні накіравана на неадкладную рэакцыю на патрэбы зменлівага рынку супольнасці. Аднак, як піша літоўскі прэм'ер-міністр, ейны патэнцыял выкарыстоўваецца не ў поўнай меры.

Саўлюс Скверняліс паказвае на прыклад Польшчы і Літвы, якія ў 2017 годзе падпісалі двухбаковае пагадненне адносна польскай і літоўскай падатковай адміністрацыі.

„Гэта дадатковая мера ў барацьбе з пазбяганнем ПДВ. Мы лічым, што больш цеснае шматбаковае супрацоўніцтва прывядзе да значнага прагрэсу ў гэтым пытанні", - гаворыцца ў лісце.

Літоўскі прэм'ер таксама адзначыў, што яго краіна з задавальненнем будзе садзейнічаць стварэнню сумеснай рабочай групы па герметызацыі сістэмы збору падаткаў з іншымі дзяржавамі-членамі.

Махлярствы, звязаныя з вымантачваннем ПДВ, у Еўрапейскім Саюзе ацэньваюцца ў амаль 150 мільярдаў еўра ў год.

аз