Беларуская Служба

Сярод дырэктараў буйных кампаній у Польшчы ўсё больш эканамістаў і менш інжынераў

07.02.2020 15:02
Часцей за ўсё яны заканчваюць славутую варшаўскую ВНУ – Галоўную гандлёвую школу (Szkoła Główna Handlowa).
Ілюстрацыйнае фотафота: Pixabay.com/Mediamodifier/CC0

«Штурм эканамістаў» – так называецца артыкул у выданні Rzeczpospolita. Гаворка ідзе пра кіраўнікоў вялікіх кампаніяў на польскім рынку – звыш адной чацвёртай дырэктараў ды старшыняў фірмаў мае эканамічную адукацыю. Часцей за ўсё яны заканчваюць славутую варшаўскую ВНУ – Галоўную гандлёвую школу (Szkoła Główna Handlowa). Гэтую ВНУ называюць кузняй кадраў для бізнесу.

Паводле рэйтынгу выдання, у 7,7% буйных польскіх кампаній кіруюць выпускнікі менавіта Галоўнай гандлёвай школы. У сваю чаргу Варшаўскую палітэхніку закончыла 5,8% дырэктараў. На думку экспертаў, гэта вынікае з факту, што на пачатку 90-ых гадоў мінулага стагоддзя тэхнічныя напрамкі страцілі сваю высокую пазіцыю, тады самым папулярным факультэтам стаў напрамак «Упраўленне і маркетынг». Меркаваннем Пятра Вельгомаса, кіраўніка кампаніі, якая займаецца персанальным маркетынгам, на рынку відаць ужо новы трэнд – праз некалькі гадоў усё больш кіраўнікоў зможа пахваліцца дыпломам замежнай навучальнай установы. Назіраецца змена пакаленняў, прыходзяць маладыя менеджары, а многія з іх вучыліся за мяжою.

Каментатар выдання піша, што некалькі дзясяткаў гадоў таму бацькі, якія марылі пра кар’еру для сваіх дзяцей, пасылалі іх на політэхнічныя ВНУ. Кіраўнікамі часта былі інжынеры. З прыходам капіталізму гэта змянілася, моладзь пачала штурмам браць факультэты ўпраўлення і маркетынгу. Аказалася, што інтуіцыя маладых не падвяла. Гэтыя людзі ведаюць, як кіраваць вытворчасцю, ведаюць сучасныя метады ўпраўлення. Яшчэ лепш, што на змену старым кадрам прыходзяць людзі, якія набылі адукацыю на замежнай ВНУ. Адзінае, што польскія ўлады могуць зрабіць – пазмагацца за тое, каб маладыя, высокаадукаваныя асобы вярталіся пасля навучання ў Польшчу. Гэта прынясе карысць грамадству ды эканоміцы.

 

Аніта Блашчак/нг