Беларуская Служба

Кіеў аддае сваю чыгунку ў арэнду Deutsche Bahn на 10 гадоў

09.03.2020 18:34
Для многіх экспертаў гэтае рашэнне незразумелае, іншыя не выключаюць, што гэта прэлюдыя да продажу чыгункі немцам.
            -
Пасажырскі цягнік «Чатырох сталіц» фарміравання ўкраінскай чыгункі «Укрзалізниця» паведамленнем Кіеў – Мінск - Вільнюс – Рыга screen/youtube

Украінская чыгунка мае трапіць у рукі нямецкага чыгуначнага гіганта Deutsche Bahn. Ці ўкраінцы сапраўды павінны адмаўляцца ад вялізнай кампаніі, якія прыносіць прыбытак? – такое пытанне задае Dziennik Gazeta Prawna.

У канцы студзеня падчас Сусветнага эканамічнага форуму ў Давосе з'явілася інфармацыя, якой многія не чакалі. Кіеў вырашыў звязаць сваю чыгунку Укрзалізниця (УЗ) з нямецкім гігантам Deutsche Bahn. Там жа ў Давосе быў падпісаны мемарандум аб далейшых кроках паміж украінцамі і немцамі. «Так, мы хочам аддаць нашу чыгунку ў арэнду немцам на 10 гадоў. Гэтае рашэнне павінна таксама прадэманстраваць, што Украіна адкрытая на інвестыцыі», – сказаў тагачасны ўкраінскі прэм’ер-міністр Аляксей Ганчарук.

На першым этапе супрацы немцы створаць план рэканструкцыі ўкраінскай чыгункі. А з 2021 года Deutsche Bahn возьме на сябе кіраванне УЗ.

Сетка чыгуначных ліній ва Украіне складае 19 тыс. 700 км. Штогод па жалезных шляхах перавозіцца 300 млн т тавараў і 150 млн пасажыраў. Украінскія эксперты зазначаюць, што ў адрозненні ад Deutsche Bahn Укрзалізниця прыносіць прыбытак. Прыбытак украінцаў можа і не гіганцкі, але нямецкая чыгунка ўвогуле яго не мае і атрымлівае вялікія датацыі ад ураду. У мінулым годзе прыбытак УЗ склаў прыкладна 100-120 млн долараў.

Амаль увесь украінскі экспарт ідзе па чыгунцы, і прыбыткі сектару грузаперавозак пакрываюць дэфіцыт пасажырскіх чыгуначных перавозак. І хоць украінская чыгунка – адна з самых адсталых у Еўропе, то адначасова яна – адна з найбольш перспектыўных. У ЕС па чыгунцы перавозіцца 15-25% грузаў, ва Украіне – 55%. На практыцы кантроль за ўкраінскай чыгункай азначае кантроль за ўкраінскім гандлем.

У сувязі з такой сітуацыяй узнікае шмат пытанняў, на якія складана атрымаць адказы. Эксперты таксама сумняюцца ў легальнасці такой практыкі, таму што законы забараняюць перадаваць стратэгічную дзяржаўную маёмасць (а менавіта такой з’яўляецца чыгунка) у кіраванне прыватным юрыдычным асобам, у тым ліку замежным. Некаторыя адмыслоўцы лічаць, што Deutsche Bahn будзе старацца абмежаваць канкурэнцыю і заняць важную пазіцыю на ўкраінскім рынку.

«Чаму мы перадаём кіраванне стратэгічнай кампаніяй у рукі кампаніі іншай дзяржавы, якая, акрамя ўсяго, датуецца з бюджэту гэтай дзяржавы?», – задае пытанне адзін з украінскіх экспертаў. Іншыя адмыслоўцы не выключаюць, што гэта прэлюдыя да продажу чыгункі немцам, паведамляе Dziennik Gazeta Prawna.

вс