Эпідэмія каранавіруса аказвае ўсё большы ўплыў на сусветныя рынкі. Эканамісты ды аналітыкі ўжо нейкі час таму пачалі казаць пра магчымасць крызісу, а ўчарашнія падзеі могуць сведчыць аб тым, што сцэнар пачынае ажыццяўляцца – піша Dziennik Gazeta Prawna.
Падзенне пачалося на рынку энергетычнай сыравіны, а прычынай была спрэчка паміж Расіяй ды Саудаўскай Аравіяй на тэму паніжэння аб’ёмаў нафтаздабычы, чаго патрабавалі саудаўцы. Расія адказала «нет», у выніку Аравія вырашыла панізіць цэны для сваіх пастаянных кліентаў і павысіць здабычу.
Праблема ў тым, што спажыванне нафты на свеце значна ўпала, таму сыравіна рэзка патаннела. Крах цэн нафты выклікаў лавіну на біржах. Спачатку пачалі пікіраваць цэны акцыяў на азіяцкіх біржах, пазней да іх далучыліся еўрапейскія ды амерыканскія. У ЗША нават на 15 хвілін спынілі сесію, што здараецца вельмі рэдка. Услед за сусветнымі біржамі пайшла і Варшаўская біржа каштоўных папер. Індэкс дваццаці найбуйнейшых біржавых кампаній упаў да рэкордна нізкага ўзроўню. «Гэта быў землятрус, нешта абсалютна незвычайнае», – адзначае эканаміст Матэвуш Сутовіч. Гэта класічная праверка, хто з кампаніяй нафтаздабычы вытрымае. На рынку застанецца той, хто зможа даўжэй пратрымацца пры нізкіх цэнах.
Для дзяржаў, якія імпартуюць нафту, падзенне цэн сыравіны – гэта, зразумела, добрая навіна. Адмыслоўцы прадбачваюць, што неўзабаве могуць панізіцца цэны паліва на запраўках у Польшчы – нават на 15-20 грошай за літр.
нг