Беларуская Служба

Нават 57 млрд еўра з ЕС можа атрымаць Польшча на пераадоленне праблем, звязаных з пандэміяй

10.03.2021 14:36
Дзякуючы сродкам ЕС Польшча магла б хутчэй дагнаць больш развітыя дзяржавы Заходняй Еўропы.
Аўдыё
   -
Каранавірус у Польшчы - часовы госпіталь у Вроцлавефота: PAP/Maciej Kulczyński

Больш за год на свеце працягваецца пандэмія каранавіруснай інфекцыі. У Польшчы год таму, 12 сакавіка, былі ўведзеныя першыя сур’ёзныя супрацьэпідэмічныя меры – школьнікі перайшлі на дыстанцыйную форму навучання. Цяпер, калі прайшоў год, сітуацыя значна змянілася. Праўда, хворых у Польшчы на многа больш, чым тады, але лекары ўжо ведаюць шмат пра гэтае падступнае захворванне, яны ўжо навучыліся, як паступаць з хворымі. Акрамя таго, ідзе працэс вакцынацыі. Таму ёсць надзея, што праз некалькі месяцаў можна будзе вяртацца да нармальнага жыцця.

Аб тым, як дапамагчы эканомікам краін-чальцоў, думаюць таксама ўлады Еўрапейскага Саюзу. Створаны спецыяльны Фонд адбудовы, грошы з якога пойдуць на дапамогу найбольш пацярпелым галінам эканомікі. Польшча будзе адным з самых буйных бенефіцыяраў фонду. Яна на працягу бліжэйшых гадоў можа атрымаць найбольш сродкаў за ўсю гісторыю свайго членства ў ЕС – нават 57 млрд еўра. Падставай выкарыстання гэтых грошай павінен стаць Нацыянальны план адбудовы. Такі план павінна падрыхтаваць кожная краіна-член ЕС. Грамадскія кансультацыі пачаліся 26 лютага і працягнуцца да 2 красавіка.

Віцэ-міністр фондаў і рэгіянальнай палітыкі Вальдэмар Буда звярнуўся да прадстаўнікоў апазіцыйных сілаў, каб яны ўдзельнічалі ў кансультацыях. Лідары груповак «Грамадзянская платформа» і Польская сялянская партыя падалі заяву маршалу Сейму Альжбеце Вітэк аб скліканні надзвычайнага паседжання ніжэйшай палаты парламенту, падчас якога прэм’ер-міністр Матэвуш Маравецкі прадставіў бы інфармацыю пра план.

На думку Вальдэмара Буды, дзякуючы сродкам ЕС Польшча магла б хутчэй дагнаць больш развітыя дзяржавы Заходняй Еўропы. Гаворка ідзе пра шмат галінаў – ад прадпрымальніцтва, праз сельскую гаспадарку, па экалогію і транспарт.

- Гэта ўсё мы можам ажыццявіць, але дзеля гэтага нам патрэбная таксама апазіцыя. Каб яна хаця б не перашкаджала, не шантажавала ўраду па зусім элементарным пытанні. Мы ўсе павінны быць зацікаўленыя ў тым, каб як мага хутчэй прыняць Нацыянальны план адбудовы. Кансультацыі працягваюцца да 2 красавіка. На жаль, няма ніякага зацікаўлення з боку апазіцыі. Я асабіста запрашаў Барыса Будку (старшыня ГП – рэд.), ён мог да нас далучыцца, але не паявіўся.

У сваю чаргу палітыкі «Грамадзянскай платформы» мяркуюць, што план неабходна абмеркаваць спярша з асяроддзямі прадпрымальнікаў і муніцыпальнымі органамі, а пазней правесці дэбаты ў парламенце. Пра гэта заявіў прэс-сакратар партыі Ян Грабец. «Гэта месца, дзе ўрад сустракаецца з апазіцыяй, дзе мы павінны дэбатаваць аб тым, што важна для Польшчы», – кажа Грабец. Ён нагадаў, што гаворка ідзе пра 250 млрд злотых сродкаў з ЕС.

- Я разумею, што міністэрства можа арганізаваць сустрэчу на платформе ZOOM. Але тут гаворка ідзе не пра тое, каб міністр сказаў, на што ён намераны прызначыць гэтыя сродкі, а пра тое, каб ён мог прадставіць свае прыярытэты, але таксама даць слова тым, да каго гэтыя грошы могуць трапіць – муніцыпальным органам, арганізацыям прадпрымальнікаў. Такія адкрытыя дэбаты могуць адбыцца ў Сейме. Мы ахвотна прымем у іх удзел. А не ў сустрэчы анлайн, якую ладзіць міністэрства, і то пасля таго, як адпаведны дакумент быў адпраўлены ў Брусель.

Ці існуе небяспека, што Польшча з-за сварак палітычных партый не атрымае грошай з ЕС? Прэс-сакратар прэзідэнта Анджэя Дуды Анджэй Дэра не бачыць такой небяспекі. На дадзены момант працягваецца абмеркаванне плану, між іншым з удзелам прэзідэнта. Па словах Дэры, пакуль што цяжка даваць канкрэтную ацэнку плану, але цяжка сабе ўявіць, каб ён быў адхілены.

- Польшчы патрэбныя сродкі, каб выйсці з пандэміі. Дарэчы, гэта праблема ўсёй Еўропы. Цяжка сабе ўявіць, што мы можам не атрымаць сродкаў з ЕС на дапамогу пацярпелым галінам эканомікі. Дарэчы, сродкі на гэтыя мэты пойдуць не толькі з Еўрасаюзу, але таксама з розных фондаў польскай дзяржавы. Практыка вучыць, што вялікая частка грошай, нават большасць, праходзіць праз муніцыпальныя органы. Немагчыма гэта зрабіць іншым шляхам.

Тым ня менш, апазіцыя пагражае, што будзе галасаваць супраць плану, калі ўлады не згодзяцца ўвесці ў яго канкрэтныя рашэнні. Польская сялянская партыя патрабуе павысіць квоту, свабодную ад падаткаў і стварыць сумесны орган ураду і самаўрадаў, які будзе сачыць за празрыстасцю выдаткоўвання еўрапейскіх сродкаў.

нг