Беларуская Служба

У палякаў сёлетні Вялікдзень будзе больш сціплы чым у мінулыя гады

03.04.2021 08:02
Цэны на прадукты харчавання ў Польшчы растуць, а інфляцыя склала 3,2%, што з'яўляецца адным з самых высокіх паказчыкаў у Еўрасаюзе.
Здымак мае ілюстрацыйны характарigorovsyannykov/pixabay.com/CC0 Public Domain

Рост цэн і нявызначанасць адносна далейшага развіцця пандэміі не спрыяюць павелічэнню выдаткаў. Толькі 8% хатніх гаспадарак у Польшчы плануюць у гэтым годзе выдаткаваць на Вялікдзень больш, чым у папярэднім, піша газета Rzeczpospolita.

Паводле сацыялагічнага апытання, праведзенага Інстытутам рынкавых і сацыяльных даследаванняў IBRiS, 52% палякаў сёлета плануюць выдаткаваць на святы столькі ж, колькі і ў мінулым годзе, але 21% плануе менш, і ўсяго толькі 8 % плануе павялічыць свае выдаткі.
Цэны на прадукты харчавання ў Польшчы растуць, а інфляцыя склала 3,2%, што з'яўляецца адным з самых высокіх паказчыкаў у Еўрасаюзе.

Нягледзячы на тое, што на некаторыя прадукты ў Польшчы цэны ўпалі, на іншыя – выраслі. Напрыклад, цана на напоі вырасла на 12% у выніку ўвядзення так званага цукровага падатку. Аднак спажыўцы больш за ўсё незадаволеныя няўпэўненасцю і стомленасцю пандэміяй, а таксама бояззю з нагоды далейшага развіцця сітуацыі, лічыць выданне.

Хоць у добрыя гады на Вялікдзень палякі трацілі каля 10 млрд злотых (каля 2 млрд 200 млн еўра), у гэтым годзе выдаткі будуць значна сціплейшыя. Гэта таксама наступства новых абмежаванняў па колькасць пакупнікоў, якія адначасова могуць знаходзіцца ў крамах. Некаторыя гандлёвыя кропкі гатовыя працаваць нават круглыя суткі, каб толькі не губляць прыбытку, паведамляе газета Rzeczpospolita.

вс