Карэйская дзяржаўная кампанія Korea Hydro & Nuclear Power (KHNP) рыхтуецца да ўдзелу ў польскай праграме ядзернай энергетыкі, гаворыцца ў прэс-рэлізе кампаніі, які цытуе старонка energetyka24.com.
Korea Hydro & Nuclear Power – гэта адзін з пастаўшчыкоў тэхналогій, які прэтэндуе на ўдзел у польскім праекце будаўніцтва АЭС. Кампанія адзначыла, што ў красавіку гэтага года адбылася сустрэча прадстаўнікоў Карэі і Польшчы на ўзроўні намеснікаў міністраў, падчас якой абмяркоўвалася двухбаковае ядзернае супрацоўніцтва, і Паўднёвая Карэя публічна заявіла пра намер прадставіць Польшчы прапанову па будаўніцтве ядзернага рэактара.
У прыватнасці, KHNP плануе прапанаваць Польшчы сваю асноўную мадэль рэактара «трэцяга пакалення плюс», аптымізавана ў адпаведнасці з патрабаваннямі краін-імпарцёраў гэтай тэхналогіі, то бок мадэль APR1400 са значна павышаным узроўнем бяспекі», падкрэсліваецца ў прэс-рэлізе кампаніі.
«Гэтая мадэль была аснашчана шматлікімі новымі рашэннямі ў сферах кібербяспекі, абароны ад сутыкнення з самалётамі, а таксама дадатковымі гарантыямі, уведзенымі пасля аварыі ў Фукусіме, у тым ліку ўключна з прадухіленнем сейсмічных пагроз», – гаворыцца ў паведамленні.
Паводле інфармацыі кампаніі, карэйскі рэактары APR1400 апраўдаў сябе як у Карэі, так і ў Аб'яднаных Арабскіх Эміратах.
Старонка energetyka24.com, нагадвае, што ў польскім ядзерным праекце зацікаўленая таксама Францыя. Урад Польшчы падпісаў міжурадавае пагадненне з ЗША па гэтым пытанні.
У адпаведнасці з польскай энергетычнай палітыкай да 2040 года, у 2033 годзе павінен быць уведзены ў эксплуатацыю першы блок атамнай электрастанцыі магутнасцю ў 1-1,6 ГВт. Наступныя блокі будуць рэалізоўвацца раз на два-тры гады, а ўся ядзерная праграма прадугледжвае будаўніцтва шасці блокаў магутнасцю ў 6-9 ГВт.
Урад Польшчы разлічвае, што партнёр па ядзернай праграме таксама возьме 49% акцый у спецыяльнай кампаніі, забяспечыць адэкватнае фінансаванне і будзе ўдзельнічаць не толькі ў будаўніцтве, але і ў эксплуатацыі АЭС.
Паводле папярэдніх ацэнак, у першай палове 2040-х гадоў 20-25% электраэнергіі, якая вырабляецца ў Польшчы, будзе паступаць з АЭС.
аз