Беларуская Служба

Надзвычайнае становішча ў памежнай зоне балюча ўдарыць па прыватных кампаніях

02.09.2021 15:21
Будуць забароненыя масавыя мерапрыемствы, туды не змогуць прыязджаць асобы, якія там не пражываюць, у тым ліку журналісты.
Здымак мае ілюстрацыйны характарgeralt/pixabay.com/CC0 Public Domain

Па інфармацыі выдання Rzeczpospolita, у чацвер прэзідэнт Анджэй Дуда падпіша закон аб увядзенні надзвычайнага становішча ў польска-беларускай памежнай зоне, якое ахопіць 183 населеныя пункты. Прычына – міграцыйны крызіс на мяжы, дзе знаходзіцца група мігрантаў. Будуць забароненыя масавыя мерапрыемствы, туды не змогуць прыязджаць асобы, якія там не пражываюць, у тым ліку журналісты. Надзвычайнае становішча можа азначаць значныя страты для кампаній, якія працуюць непадалёк ад беларускай мяжы. Гэта розныя прадпрыемствы: транспарт і лагістыка на памежных пераходах у Тарэспалі і Кузьніцы, але таксама пансіянаты ў Белавежы і іншых гарадах, якія маюць дзякуючы турызму вялікі даход. Арганізатары вяселляў ды падобных урачыстасцяў таксама шмат страцяць. У такой сітуацыі дзяржава можа кампенсаваць прадпрымальнікам толькі страты, а не страчаны будучы даход.

Іншаземцы, у тым ліку афганцы, якія падаюць у Польшчы заяву аб прадстаўленні прытулку, на самой справе не хочуць тут жыць. Іх мэта – дзяржавы Заходняй Еўропы. З Беларусі ў Польшчу спрабуюць прабрацца нелегальна праз мяжу пераважна афганцы ды іракцы, але памежная варта часцей за ўсё разглядае іх анкеты негатыўна. У адным толькі ліпені (рэкорд) па прытулак у Польшчы звярнулася 700 замежнікаў. Са студзеня да ліпеня бягучага году заявы падалі агулам 2,4 тыс. чалавек, пераважна з Беларусі і Расіі, а з Афганістану – 275 асобаў. Прытулак атрымала менш чым адна чацвёртая з іх, у тым ліку 70% станоўчых рашэнняў датычыла беларусаў, да якіх у Польшчы выключнае стаўленне. Такім чынам большасць іракцаў і афганцаў не атрымліваюць у Польшчы прытулку, у вялікай ступені таму, што іх проста ўжо няма ў краіне да часу завяршэння працэдуры разгляду заявы.

Rzeczpospolita/нг