Беларуская Служба

Анатоль Шумчанка: Улады хацелі «перагарнуць старонку», але дзейнічаюць па прынцыпу «закатаем» і ліквідуем

09.09.2021 15:59
На днях улады ліквідавалі грамадскае аб’яднанне «Перспектыва», якое амаль дваццаць гадоў прадстаўляла інтарэсы індывідуальных прадпрымальнікаў Беларусі. Якія наступствы гэта будзе мець для дробнага бізнесу і якія настроі сярод дробных бізнесоўцаў, расказвае кіраўнік арганізацыі Анатоль Шумчанка.
Аўдыё
  • Размова з Анатолем Шумчанкам
    .
Анатоль Шумчанка на форуме прадпрымальнікаў.Фота са старонкі ў Facebook

– Анатоль, «Перспектыву» ліквідавалі, як і многія іншыя грамадскія аб’яднанні. Што гэта значыць для сектара дробнага бізнесу?

– Пазбавіліся магчымасці афіцыйна гаварыць з уладамі. На цяперашнім этапе ўлады будуць апеляваць, што арганізацыю ліквідавалі і навошта яе слухаць. Гэта галоўны негатыўны вынік. У астатнім. «Перспектыва» за дваццаць год навучыла прадпрымальнікаў працаваць з уладамі, гэты патэнцыял нікуды не дзеўся. Самі людзі будуць той грамадзянскай супольнасцю ў індывідуальным парадку за рэалізацыю сваіх правоў і інтарэсаў у краіне.

– «Перспектыва» выконвала прадстаўнічыя функцыі дробнага бізнесу ў дзяржаўных структурах. Хто і як цяпер будзе інфармаваць чыноўнікаў пра рэальны стан спраў, якія механізмы засталіся?

– Я ўжо шматкроць казаў, што мы страхоўшчыкі ад няправільных крокаў, каб сітуацыя не расла ў бок напружанасці. Міністэрства эканомікі мела працоўную групу, канешне, мяне адтуль выключаць. Але ў складзе ёсць каля дваццаці чалавек, якія маюць дачыненне да нашай арганізацыі. Так, дэ-юрэ Анатоль Шумчанка Атрымаў чорную метку. Але людзі нікуды не зніклі, каб працаваць дзеля сваёй краіны.

– З’явілася інфармацыя, што ўмовы працы для дробных прадпрымальнікаў плануюць зрабіць больш жорсткімі. Што пра гэта вядома?

– Цяпер ходзіць шмат чутак, у тым ліку і пра змены ў выплаце падаходнага падатку. З іншага боку, нашыя актывісты былі на сустрэчы ў Міністэрстве па падаткам і зборам і нам сказалі, што ўсё застанецца, як ёсць. То бок праекты ёсць, але пэўнага адказу пакуль няма. Я хацеў бы звярнуць увагу на іншае: сам падыход нашых чыноўнікаў да справаздач, падатковай дзейнасці і гэтак далей. Магу прывесці словы аднаго чыноўніка падчас публічнай сустрэчы. Як можна падвысіць збор падаткаў? Падвысіць сам падатак. Вось такія падыходы і стаўленне да бізнесу. Але мая філасофія такая, што лепш знізіць нагрузку і даць больш працоўных месцаў, каб было не 240 тысяч прадпрымальнікаў, а 500-600 тысяч. Чаму такая розніца ў падыходах? Адказ на гэта цудоўна ведаюць тыя, хто тут жыве.

– Анатоль, якія агулам настроі сярод дробных бізнесоўцаў?

– Натуральна, усе гэтыя падзеі, што адбываюцца, накладваюць негатыўны адбітак. Калі б не ліквідавалі «Перспектыву», гэта быў бы хоць нейкі пазітыўны знак.

Нехта ж хацеў «перагарнуць старонку», але як яе перагортваць, калі сёння дзейнічаюць па прынцыпу ўсіх «закатаем» і ліквідуем?

Як суадносіць справы і словы? Заяўлялася: «Прадпрымальнікі, не лезьце ў палітыку». «Перспектыва» працавала толькі ў эканамічным полі, мы не пераходзілі ніякіх межаў, не працавалі ў палітычных штабах. Але цяжка знайсці сёння логіку ў дзеяннях, а тым больш будаваць планы. Бізнес мусіць мець нейкія гарантыі ў заўтрашнім дні, каб укладаць грошы і працаваць. Але на сёння гэта праблематычна. Канешне, мы хацелі б змяніць сітуацыю ў лепшы бок.

ВХ