Беларуская Служба

Банкі пераходзяць у інтэрнэт

14.09.2021 15:54
Банкам не аплочваецца ўтрымліваць аддзяленні – яны стараюцца як мага больш аперацый пераносіць у інтэрнэт. 
Zdjęcie ilustracyjne
Zdjęcie ilustracyjneshutterstock.com/SFIO CRACHO

Dziennik Gazeta Prawna піша пра гэтак званыя «банкаматныя пустыні» – гэта значыць пра абмежаваны доступ насельніцтва да банкаматаў і банкаўскіх аддзяленняў. Так, у сямі суседніх паветах з агулам насельніцтва ў 400 тыс. чалавек няма ані аднаго аддзялення камерцыйнага банку. Чарговыя 350 тыс. чалавек маюць доступ да аднаго аддзялення, а больш за 300 тыс. жыхароў – два.

Паводле спецыялістаў, аптымальная колькасць аддзяленняў па краіне для агульнапольскага ўніверсальнага банку павінна складаць 250-350 устаноў. Такая колькасць азначае, што гэта будзе аплачвацца банку. Зразумела, банк можа мець і 600-700 аддзяленняў, але ў дадзеным выпадку ўзнікае пытанне рэнтабельнасці.

Такі стан рэчы вынікае з таго, што банкам не аплочваецца ўтрымліваць аддзяленні – яны стараюцца як мага больш аперацый пераносіць у інтэрнэт. Падобная сітуацыя назіраецца з доступам да банкаматаў: устаноўка банкамату і яго абслугоўванне – гэта вельмі дарагая рэч. Таму банкаматы стаяць у асноўным у месцах, дзе назіраецца вялікі рух людзей. Дарэчы, там дзе мала банкаўскіх аддзяленняў – гэта перш за ўсё мала населеныя небагатыя раёны, дзе таксама пераважае пажылое насельніцтва, якое не валодае сучаснымі тэхналогіямі.

А пераход банкаў у інтэрнэт будзе працягвацца. Для прыкладу, нядаўна адзін з буйных польскіх банкаў ING Bank Śląski, які з’яўляецца часткай нідэрландскага фінансавага канцэрну ING, паведаміў, што не будзе абслугоўваць кліентаў у аддзяленнях за выключэннем рэдкіх выпадкаў. З іншага боку, ёсць найбольшы дзяржаўны банк PKO BP, які мае па ўсёй краіне каля 1 тыс. аддзяленняў і некалькі соцень пунктаў абслугоўвання кліентаў. Dziennik Gazeta Prawna зазначае, што падабаецца гэта некаму ці не, але банкаўскі сектар паступова будзе пераходзіць у віртуальны свет.

вс