Беларуская Служба

Адкрыць свой бізнес у Польшчы вельмі проста, больш пытанняў узнікае па легалізацыі замежнікаў

01.10.2021 10:47
Нямала беларускіх прадпрымальнікаў перанеслі свой бізнес у Польшчы або намераны гэта зрабіць.
Ілюстрацыйны здымакфота: Pixabay.com/Buffik

У сувязі з рэпрэсіямі, звязанымі з пратэстамі пасля фальсіфікацыі мінулагодніх прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі, дзясяткі тысяч беларусаў былі прымушаныя з’ехаць з краіны. Як правіла яны выбіралі ды выбіраюць месцам жыхарства суседнія дзяржавы – Украіну, Літву, Польшчу. За апошні год беларуская дыяспара ў Польшчы паболела на тысячы. І калі раней беларусаў таксама было нямала, то яны стараліся як мага хутчэй асімілявацца, вывучыць мову і нічым не адрознівацца ад палякаў. Аднак цяпер беларусы адчулі гонар за свой народ, яны ўжо больш адважна прызнаюцца ў тым, што яны беларусы, і ахвотней далучаюцца да розных беларускіх суполак, якія дзейнічаюць у Польшчы. Адна з такіх арганізацый – Беларускі дом у Варшаве. Нядаўна актывісты дома пачалі ладзіць цыкл сустрэчаў пад назваю «Бізнес-сняданак». У рамках гэтых мерапрыемстваў можна паслухаць лекцыю запрошанага госця-спецыліста ў нейкай галіне, а таксама паразмаўляць з іншымі беларусамі, абмяняцца кантактамі. Гаворыць арганізатар бізнес-сняданкаў Аляксандр Валодзін.

- Ідэя нашых сустрэч складаецца з дзвюх частак. Першая – гэта адукацыйная частка. Мы запрашаем цікавага спікера, які мог бы даць важныя і прыдатныя веды прысутным прадпрымальнікам, расказаць ім нюансы на тэму вядзення бізнесу ў Польшчы. А другая частка – гэта нэтворкінг, непасрэдныя кантакты, каб людзі маглі знаёміцца, абменьвацца вопытам. На гэты раз мы абмяркоўваем тэму легалізацыі бізнесу ў Польшчы. Гэта, на самой справе, даволі проста, а цяжкасці паяўляюцца тады, калі мы чагосьці не ведаем. Таму важна праводзіць такія мерапрыемствы, каб у людзей была ясная карціна таго, як гэта выглядае, і яны не баяліся гэта рабіць.

Мы паразмаўлялі таксама з удзельнікамі сустрэчы. Гэта пераважна людзі, якія ў Беларусі займаліся рознымі відамі бізнес-дзейнасці, але ў сувязі з паслявыбарчымі падзеямі яны былі прымушаныя з’ехаць за мяжу, у Польшчу, і тут шукаюць магчымасці працягваць сваю справу.

- Жонка запрапанавала прыйсці, паглядзець, а не варыцца ў сваім саку – дом-праца. Хацелі сустрэцца з беларусамі, зразумець, што адбываецца і што будзе далей. Беларуская дзяржава прыняла заканадаўчыя акты, якія не дазваляюць нам далей весці той від дзейнасці, якім мы займаліся. Мы пакуль што тут, у Польшчы, стараемся зразумець, як тут можна дзейнічаць. Я адчуваю падтрымку тут, асабліва ад палякаў. Пакуль не сустрэліся з праблемамі, вырашаем бытавыя пытанні, яны вырашаюцца.

- Я хачу адкрыць бізнес. У Беларусі быў свой бізнес у галіне будаўнічых матэрыялаў, каля 10 гадоў, потым была ламбардная дзейнасць, каля пяці гадоў. Была свая фотастудыя, займаўся фатаграфіяй, а цяпер пераехаў сюды і спрабую нешта рабіць. Важна для мяне цяпер легалізаваць свой бізнес, бо, у прынцыпе, усё добра атрымліваецца.

На сустрэчу ў якасці выкладчыка была запрошаная Анастасія Баравікова – генеральная дырэктарка прадпрыемства Grand Company, якое ўжо шмат гадоў займаецца легалізацыяй і абслугоўваннем фірмаў, у тым ліку беларускіх, у Польшчы.

- Актыўна з беларусамі мы пачалі працаваць у 2018-2019 гг., а год таму пачалася вельмі інтэнсіўная дзейнасць. На сённяшні дзень у нас у абслузе бухгалтэрыі каля 60% – менавіта беларускія кампаніі. Пачаць бізнес у Польшчы вельмі проста, гэта можа зрабіць кожны чалавек, у тым ліку беларус, нават не будучы ўнутры Польшчы. Больш пытанняў узнікае ў галіне вядзення бізнесу. Гэта фінансавыя, падатковыя нюансы. Сістэма падаткаабкладання ў Польшчы адрозніваецца ад беларускай. Таму трэба ў гэтых справах разабрацца, і мы часта дапамагаем беларускім фірмам як пачаць бізнес, так і пазней яго весці. Больш пытанняў узнікае па легалізацыі людзей у Польшчы. На жаль, на дадзены момант вельмі цяжка легалізавацца на падставе новай кампаніі, але легалізацыя магчымая. Мы разбіраемся ў пытанні, падказваем найлепшы варыянт легалізацыі – зручны для чалавека, для яго сям’і, для прадпрымальніка.

Сказала нам Анастасія Баравікова – спецыяліст у галіне легалізацыі замежнікаў і вядзення бізнесу ў Польшчы. Зарэгістравала больш за 200 паспяховых фірмаў, таксама дапамагае ў рэлакацыі беларускіх кампаній у Польшчу.

нг