Трохдзённы кангрэс «Польская сіла бізнесу» ладзіцца, як платформа, дзе эксперты адказваюць на такія пытанні, як павялічыць станоўчы ўплыў польскіх кампаній на грамадства, якія перавагі ўкаранення сучасных і лічбавых тэхналогій, і як змагацца з лічбавым адчужэннем. Арганізатар – Фонд «Чыстае паветра» і Фонд пазітыўных ідэй.
Мерапрыемства праходзіць пад ганаровым патранатам прэмʼер-міністра Матэвуша Маравецкага. Медыяпатронам мерапрыемства зʼяўляецца Польскае радыё.
Тры асноўныя тэмы Кангрэсу – гэта грамадства, эканоміка і экалогія. Як падкрэсліваюць арганізатары, на кангрэсе таксама «абмяркоўвацца найбольш перспектыўныя і трансфармацыйныя тэндэнцыі ў польскім бізнесе».
Прэм'ер-міністр Матэвуш Маравецкі заявіў, што Польшчы патрэбна энергетычная і экалагічная трансфармацыя. Паводле яго слоў, неабходна шырокая грамадская дыскусія па пытаннях экалогіі, сацыяльных пытанняў і карпаратыўнага кіравання.
У сваім пасланні ўдзельнікам кангрэса кіраўнік польскага ўраду таксама падкрэсліў важнасць устойлівага развіцця, арыентаванага на грамадства.
- Мы гналіся за новымі тэхналогіямі, інавацыямі ды ростам ВУП. Гэта ўсё вельмі важна, але сёння бачна, што тэхналогіі павінны служыць грамадству, а інавацыя рабіць наш свет больш прыязным для жыцця. Рост ВУП павінен быць такі, каб яго плёнамі карысталіся ўсе групы грамадства, а не толькі вузкая эліта.
Польскі прэм'ер-міністр у паведамленні да ўдзельнікаў ESG Congress - Polska Moc Biznesu, указаў на неабходнасць змяніць уяўленне людзей пра эканоміку, калі мы хочам прадухіліць экалагічную катастрофу.
На думку кіраўніка польскага ўрада, пандэмія стала гвалтоўным абуджэннем неаліберальнага сну, у якім сусветныя эліты затрымаліся гадамі.
- З некаторага часу бачны плён, які прынесла неаліберальная дактрына. Растучая няроўнасць у грамадстве, неабмежаваная ўлада тэхналагічных гігантаў ды марыва экалагічнай катастрофы. Гэта ўсё заклікае нас пераасэнсаваць канцэпцыю эканамічнага развіцця. Доўгія гады мы думалі пра развіццё – як пра гонку.
Прэм'ер-міністр дадаў, што інавацыі павінны не толькі мадэрнізаваць сёння свет, але і зрабіць яго прыязным да жыцця, а ад росту ВУП павінны атрымаць выгаду ўсе сацыяльныя групы.
Прэзідэнт Польскага фонду развіцця Павел Борыс заявіў на кангрэсе, што рост інфляцыі - лепшы варыянт, чым беспрацоўе, для пераадолення крызісу, выкліканага пандэміяй.
Эканаміст звярнуў увагу на тое, што цяпер на высокую інфляцыю ў значнай ступені ўплываюць цэны на энерганосьбіты і паліва. На яго думку, павышэнне працэнтных ставак Саветам па грашова-крэдытнай палітыцы неабходна.
- Інфляцыю цяпер мы ў першую чаргу імпартуем разам з растучымі цэнамі на сыравіну. Таксама некаторыя фірмы павышаюць цэны, каб кампенсаваць страты з часоў пандэміі. Грашовая палітыка не мела вялікі ўплыў. Рост працэнтных ставак патрэбны, каб супакоіць рынак крэдытаў ды выраўняць перахілі на спажывецкіх рынках і ў нерухомасці. Гэта патрэбная змена.
На думку прэзідэнта Польскага фонду развіцця, для спынення далейшага росту інфляцыі неабходна скаардынаваць дзейнасць НБП і ўрада.
- За гэтым павінна ісці каардынаваная падатковая ды валютная палітыка, каб скараціць узровень спажывання, паставіць на інвестыцыі. Нават пры запаволенні эканомікі можна за год-два апанаваць інфляцыю. Месяц – гэта за мала.
Савет па грашова-крэдытнай палітыцы павысіў працэнтныя стаўкі на тры чвэрці працэнтнага пункта. На сёння стаўка НБП складае 1,25 працэнта. Рашэнне савета прывядзе да павышэння працэнтных ставак па крэдытах і дэпазітах у злотых. Гэта ўжо другое павышэнне тарыфаў запар, першае адбылося ў пачатку кастрычніка.
Папярэдняя ацэнка Цэнтральнага статыстычнага ўпраўлення паказвае, што ў кастрычніку інфляцыя вырасла да 6,8 працэнта ў гадавым вымярэнні.
Юры Ліхтаровіч
.