Беларуская Служба

Мясцовая ўлада Лодзі беларусам: Будзьце адважнымі і кажыце, што вам патрэбна

10.11.2021 16:15
На актыўнае супрацоўніцтва з прадстаўнікамі беларускай супольнасці і бізнесменаў робіць стаўку і трэці па колькасці жыхароў горад Польшчы – Лодзь.
Аўдыё
  • Дырэктар Упраўлення эканамічнага развіцця Лодзі Адам Бжастоўскі параіў беларусам быць смялейшымі і гучней заяўляць пра свае патрэбы.
Цэнтр гістарычнай Лодзі Крыніца: twitter.com/AmbAustrii

Паводле дадзеных Еўракамісіі, за апошні час з Беларусі ў Польшчу пераехалі больш за 1000 бізнесменаў. Яны былі вымушаны не ажыццяўляць рэлакацыю, а з нуля пачынаць справы ў новай краіне. Ужо зараз мясцовае самакіраванне намагаецца адказаць на запатрабаванне ў інфармацыю і прававую падтрымку, а самі прадпрымальнікі гуртуюцца ў сваё прадстаўніцтва.

На актыўнае супрацоўніцтва з прадстаўнікамі беларускай супольнасці і бізнесменаў робіць стаўку і трэці па колькасці жыхароў горад Польшчы – Лодзь. Менавіта Лодзь у апошнія гады прыцягвае міжнародны капітал добрымі ўмовамі вядзення бізнесу. Каб іншаземцы маглі без цяжкасцяў адаптавацца ў Лодзі, гарадскія ўлады надоечы адчынілі Шматкультурны цэнтр, кажа дырэктар Упраўлення эканамічнага развіцця і міжнароднага супрацоўніцтва Лодзі Адам Бжастоўскі:

- 1-га верасня сваю працу распачаў Шматкультурны цэнтр гораду Лодзі. Яго асноўная мэта – падтрымка новых жыхароў гораду ў адаптацыі на новым месцы. Новыя жыхары Лодзі могуць атрымаць там дапамогу, напрыклад, па пытанню пошуку жытла, змогуць атрымаць прававую і падатковую кансультацыю і г. д. Беларусы ўжо заўважальныя на нашых вуліцах, сваім прыемным знешнім выглядам і ўсмешкамі яны адразу прыцягваюць увагу. Беларусы – прыгожыя людзі, вельмі радуюся, што беларусаў у Лодзі становіцца штораз больш. Канешне ў Варшаве, Кракаве, ці Уроцлвае іх пакуль больш, але Лодзь вельмі зацікаўлена ў тым, каб беларусаў тут прыбывала. І менавіта з гэтае прычыны адбылося адкрыццё Шматкультурнага цэнтру Лодзі.

А патрэба такога кшталту сапраўды ёсць. Бо ў Лодзі ўжо працуюць буйныя беларускія фірмы, кажа Адам Бжастоўскі:

-Гэта фірмы сектару ІТ. Адна з іх у Лодзі ўжо працаўладкоўвае больш за 170 чалавек, а ў другой працуюць каля 80 жыхароў нашага гораду. Скажу, шчыра гэта вельмі добры вынік, бо гэтыя фірмы працуюць у Лодзі ўсяго некалькі месяцаў. Вельмі імпануюць гэтыя дадзеныя, за такі кароткі час ім удалося працаўладкаваць столькі людзей. Назіраем вялікую цікаўнасць сярод беларусаў магчымасцю пераезду ў Польшчу, у тым ліку ў рэлакацыі свайго бізнесу ў наш горад. Для патэнцыйных працаўнікоў – новых жыхароў Лодзі зладзілі прэзентацыю гораду. У ёй прыняло ўдзел 585 беларусаў! І гэта выдатна дэманструе маштаб патэнцыйных рэлакацыяў.

Дырэктар Упраўлення эканамічнага развіцця і міжнароднага супрацоўніцтва Лодзі Адам Бжастоўскі падкрэсліў важнасць непасрэдных кантактаў паміж самакіраваннем і бізнесам.

-Горад Лодзь ужо можа пахваліцца некалькімі вялікім фірмамі, капітал якіх паходзіць з Беларусі. Мы намагаемся падтрымліваць гэтыя фірмы. У рамках індывідуальнага супрацоўніцтва дапамагаем гэтым фірмам распачаць сваю працу. Канкрэтна за гэтую дзейнасць адказвае Бюро развіцця эканамічнага развіцця, якім я кірую. У рамках гэтай падтрымкі, мы дапамагаем фірмам у пошуку новых супрацоўнікаў, прасоўванні маркі на рынак, падказваем падчас пошуку офісаў, прамысловых памяшканняў. Таксама ладзім сустрэчы працаўнікоў канкрэтных галінаў эканомікі. Акурат падчас сённяшняга форуму дамовіліся, што зладзілі аналагічную сустрэчу менавіта з прадстаўнікамі беларускіх стартапаў. Агулам ладзім адмысловы «тыдзень супрацоўнікаў», на які запрашаем таксама іх сем’і, дзяцей. Мы як горад адкрываем для іх культурны аб’ект, дзе ладзім тэматычныя фэсты. Туды можа прыйсці кожны, карысна і прыемна правесці час разам. Горад Лодзь да гэтай дзейнасці таксама далучаю такую культурную прапанову.

Напрыканцы нашай гутаркі дырэктар Упраўлення эканамічнага развіцця Лодзі Адам Бжастоўскі параіў беларусам быць смялейшымі і гучней заяўляць пра свае патрэбы:

-Спадзяюся, што горад Лодзь стане выдатным месцам жыхарства, стане сапраўдным новым домам для беларусаў. Гарадскія ўлады Лодзі прыкладуць усе намаганні, каб так сталася. Мы хочам пачуць аб вашых патрэбах, хочам пачуць ваш голас. Калі ласка, будзьце адважнымі і кажыце, што вам патрэбна, а мы пастараемся вам дапамагчы.

Слухайце аўдыё!

эж