Сектаральныя санкцыі, уведзеныя пасля інцыдэнту з пасадкай самалёта Ryanair, ахапілі дзясяткі прадпрыемстваў з розных галін. Цэнтр новых ідэй – аналітычны цэнтр, які вывучае сучасныя праблемы Беларусі, зрабіў даследаванне пра тое, як санкцыі адаб'юцца на рэгіянальным развіцці, якія гарады і раёны могуць пацярпець найбольш.
Даследчыкі з Цэнтра новых ідэй адзначаюць некалькі важных пунктаў:
- Санкцыі ўдараць па рэгіянальных цэнтрах росту, па тых гарадах і абласцях, дзе мясцовая эканоміка не проста развіваецца сама па сабе, а садзейнічае развіццю эканомікі ўсёй краіны за кошт канцэнтрацыі капіталу, значных абʼёмаў выпуску прадукцыі і валютнай выручкі.
- Зніжэнне паступленняў ад знешняга гандлю змяншае магчымасці рэспубліканскага бюджэту па падтрымцы датацыйных раёнаў і гарадоў. У такіх складаных рэгіёнах узровень неабходнай падтрымкі можа дасягаць 80% ад даходнай часткі мясцовых бюджэтаў.
- У зоне рызыкі знаходзяцца рэгіёны з высокай доляй залежнасці ад трансфертаў з рэспубліканскага бюджэту і адначасова маюць буйныя падсанкцыйныя прадпрыемствы.
Антон Раднякоў тлумачыць, як санкцыі закранаюць гарады і жыхароў:
— Санкцыі ўздзейнічаюць на рэгіёны па двум кірункам. Першы тычыцца саміх падсанкцыйных прадпрыемстваў і монагарадоў. У Беларусі шмат такіх монагарадоў, гэта гарады, дзе на адным вялікім прадпрыемстве занята шмат людзей. І зноў-такі ў спадчыну ад савецкай прамысловасці гэтыя прадпрыемствы экспартнаарыентаваныя. Санкцыямі на іх лёгка ўздзейнічаць, але разам з тым гэтыя меры закранаюць і шмат людзей.
Натуральна, найбольш уразлівымі становяцца вялікія прамысловыя цэнтры.
— На першым месцы Салігорск – 24 % занятых людзей з усяго раёна працуюць на Беларуськаліі. Смалявіцкі раён, гэта Жодзіна, там 19 %. Полацкі раён – гэта Нафтан, а таксама Полацкае шкловалакно. Бабруйская "Белшына" і Мазыр . Ёсць верагоднасць, што на гэтых прадпрыемствах знізіцца заработная плата, таксама размова ідзе пра магчымыя скарачэнні, страты для сацыяльнай сферы, бо вялікія прадпрыемствы звычайна выступаюць спонсарамі для правядзення нейкіх культурных і спартыўных мерапрыемстваў, патрануюць школы, дзіцячыя сады.
- Мінск, нягледзячы на вялікую колькасць прадпрыемстваў, якія трапілі пад абмежавальныя меры, з вялікай доляй верагоднасці прыме тых, хто можа патрапіць пад скарачэнні.
Беларусь пазбавілася і падтрымкі міжнародных фінансавых інстытуцый, такіх як Еўрапейскі Банк рэканструкцыі і развіцця, Еўрапейскі інвестыцыйны банк. З дапамогай сродкаў ад гэтых інстытуцый Беларусь рэалізоўвала, напрыклад, інфраструктурныя праекты – будавалі дарогі, масты. Цяпер гэтага не будзе. Таму гэта пацягне пагаршэнне якасці жыцця.
Што тычыцца сацыялагічнага складніку даследавання, то для беларусаў санкцыі ператварыліся ў адну з ліній падзелу грамадства. У апытанні прынялі ўдзел каля 4300 асобаў, даследаванне тычылася менавіта пратэстнай выбаркі насельніцтва. І сярод іх гарадская большасць падтрымлівае кропкавыя санкцыі, але супраць шырокіх сектаральных. Нават прыхільнікі пратэсту ў сваёй большасці не хочуць эканамічных санкцыяў супраць прамысловасці.
Пратэстная аўдыторыя не чакае вызвалення палітычных зняволеных ці пачатку перамоваў з Захадам як прамога эфекту санкцый. Ёсць разуменне, што санкцыі нанясуць удар як па эканоміцы краіны ў цэлым, так і па дабрабыце звычайных беларусаў. Таксама з санкцыямі звязана адчуванне надзеі і з-за адсутнасці іншых спосабаў уплыву на сітуацыю іх падтрымка ўспрымаецца формай пасіўнага пратэсту, выказвання сваёй нязгоды з падзеямі ў краіне.
Сацыёлаг Генадзь Коршунаў кажа, што большасць з тых, хто падтрымлівае санкцыйную палітыку, хацелі б бачыць меры супраць Лукашэнкі, сілавікоў, бізнеса, які гэта ўсё падтрымлівае.
Генадзь Коршунаў
Даследчыкі таксама адзначаюць, што ва ўладаў пакуль ёсць запас трываласці. І шмат што будзе залежаць ад гнуткасці саміх прадпрыемстваў, ад умення знайсці сродкі (крэдыты) ды інш.
вх