Беларуская Служба

Псеўдатаксісты нажываюцца на трагедыі бежанцаў з Украіны

09.03.2022 13:34
Некалькі сотняў злотых за праезд усяго на некалькі кіламетраў – столькі патрабуюць псеўдатаксісты ў Варшаве з бежанцаў з Украіны. Да таго ж робяць гэта цалкам законна.
 .
Ілюстрацыйнае фота. shutterstock/Steve Allen

«Я чуў, што малады чалавек перавёз з Заходняга вакзала на Цэнтральны ўкраінку з двума дзецьмі і ўзяў за гэта... 700 злотых. Вы можаце сабе ўявіць? Для мяне гэта не людзі, а проста гіены», – кажа выданню onet.pl адзін з абураных таксістаў.

На ўскраінах вакзалаў часта дзейнічаюць псеўдатаксісты. На дзвярах іх машын – паласа з «шашачкамі» і выява знакамітых будынкаў Варшавы. У звычайнага таксіста на баку машыны герб Варшавы – Русалка, а таксама нумар пасведчання.

Паводле прайс-ліста, пасадка ў машыну махляроў каштуе 100 злотых. У будныя дні плата за кіламетр праезду складае 40 злотых, а ўначы, у суботу і святочныя дні, кожны кіламетр каштуе 80 злотых.

«Я гляджу на гэта з болем у сэрцы, таму што ў гэтым хаосе, які цяпер пануе на вакзалах, існуе рэальная верагоднасць таго, што многія з гэтых паездак сапраўды адбудуцца. Гэта людзі без сумлення», – кажа Шымон Камароўскі з прафсаюза таксістаў.

У Польшчу ўжо прыбылі больш за мільён чалавек, якія ўцякаюць ад вайны ва Украіне. Пераважная большасць – жанчыны з дзецьмі. Яны напалоханыя, знясіленыя і часта не ведаюць, з чаго пачаць.

Колькі такіх кіроўцаў цяпер ездзяць у Варшаве? Суразмоўцы партала onet.pl прыводзяць розныя лічбы – ад некалькіх асобаў да некалькіх дзясяткаў.

Заяваў у паліцыю з нагоды «касмічных рахункаў» за праезд у таксі не было. Магчыма, «ахвяры» нядобрасумленных перавозчыкаў баяцца ісці ў паліцыю, згаджаюцца на такія сумы ці проста не жадаюць увязвацца ў доўгатэрміновыя судовыя працэсы, не ведаючы, колькі яны прабудуць у Польшчы і як іх жыццё пойдзе.

Разам з тым многія таксісты цяпер увогуле не бяруць з украінскіх уцекачоў грошай за праезд. Напрыклад, FREE NOW праз дабрачынныя арганізацыі прапануе бясплатны праезд сем'ям або прытулкам, якія прымаюць бежанцаў.

вх

Беларуская праваабаронца-валанцёрка ў Кракаве: Людзі моцна стомленыя, дэзарыентаваныя ад стрэсу

07.03.2022 20:17
Польская Памежная служба паведамляе, што з 24 лютага ў Польшчу з’ехала больш за мільён украінцаў.

LOT зніжаюць кошты на білеты для пасажыраў з украінскім пашпартам

08.03.2022 16:24
Прапанова дзейнічае для паездак з 25 лютага па 31 мая з Польшчы, Румыніі, Венгрыі і Славакіі.