Беларуская Служба

Расія адкінутая на тры дзесяцігоддзі назад у фінансавым плане

10.03.2022 15:45
Жыхары Расіі пазбавіліся магчымасці легальна купляць валюту ў сваіх банках мінімум на паўгода. Гэта сведчыць пра кепскую фінансавую сітуацыю ў Расіі.
 .
Ілюстрацыйнае фота. Sergei Drozd/Shutterstock

Пасля чарговай серыі санкцый рубель застаецца пад ціскам. Гэтаму рынку відавочна не хапае ліквіднасці, лічыць аналітык InTouch Capital Markets Пётр Матыс.

Банк Расіі спрабуе спыніць распродаж нацыянальнай валюты шляхам увядзення драконаўскіх абмежаванняў. Ён забараніў крэдыторам прадаваць сваім кліентам замежную валюту. Чакаецца, што забарона будзе дзейнічаць да 9 верасня. Рэгулятар таксама ўвёў абмежаванні на доступ да банкаўскіх рахункаў, намінаваных у замежных валютах. Іх уладальнікі змогуць зняць не больш за 10 тысяч долараўю Перавод сродкаў з гэтых рахункаў будзе магчымы толькі ў доларах.

Fitch (Fitch – рэйтынгавае агенцтва. Нараўне са Standard & Poor's і Moodyʼs уваходзіць у так званую «вялікую тройку» міжнародных рэйтынгавых агенцтваў) знізіла расійскі рэйтынг да С, што азначае «немінучае банкруцтва краіны».

Напярэдадні прэзідэнт Пуцін падпісаў указ, які дазваляў забараніць вываз часткі сыравіны з Расіі. У гэтым дакуменце не ўдакладняецца, на якія тавары падпадае гэтая забарона. Аднак гэта было шырока ўспрынята як адказ на рашэнне прэзідэнта ЗША Джо Байдэна забараніць імпарт расійскай нафты, газу і вугалю ў ЗША. Вялікабрытанія таксама мае намер адмовіцца ад расійскай нафты. Аднак яна будзе паступова скарачаць імпарт, каб цалкам скончыць яго да канца года.

«У 2022 годзе расійская эканоміка апынецца ў вельмі складанай сітуацыі, патрапіць у глыбокую рэцэсію. Абноўлены прагноз Coface па ВУП на 2022 год прадугледжвае зніжэнне на -7,5% пасля аднаўлення, зафіксаванага ў мінулым годзе. Гэта падштурхнула нас знізіць рэйтынг рызыкі для Расіі з B (даволі высокі) да D (вельмі высокі)», – пішуць аналітыкі кампаніі па страхаванні экспарту Coface. Зніжэнне іх ацэнкі рызыкі для Расіі звязана не з суверэннай запазычанасцю, а са здольнасцю расійскіх кампаній разлічыцца па сваіх абавязацельствах.

Між тым аналітыкі Rystad Energy папярэджваюць, што далучэнне большай колькасці краін да нафтавага эмбарга супраць Расіі можа мець катастрафічныя наступствы для сусветнай эканомікі. Істотнае падаражанне нафты прывядзе да сусветнай рэцэсіі.

Неафіцыйнае эмбарга на расійскую нафту ўжо пачало дзейнічаць з-за санкцый. Расійская нафта на танкерах пакуль не можа знайсці пакупнікоў, піша Rzeczpospolita.

вх