Іх абвінавацілі ў смерці пацыента, які нібыта не змог дамовіцца з медперсаналам з-за невалодання ім польскай мовай. Інфармацыя аказалася няпраўдай, але хвалі хэйту было ўжо не спыніць.
Палітолаг Павал Усаў кажа, што гэта відавочна спланаваныя дзеянні на ўзроўні спецаперацый, якія маюць дакладныя мэты:
- Калі мы кажам пра абсурдныя абвінавачанні ў бок беларускіх лекараў, то мы маем дачыненне з агульным абвінавачаннем беларусаў у невалоданні польскай мовай. Гэта па розных прычынах нерэальна. Ніводная медычная пляцоўка не возьме лекара на працу без добрага валодання польскай мовы. Сыходзячы з гэтага трэба разумець, што дадзенае абвінавачанне абсурднае. Але гэта ўздзейнічае на эмацыйнае ўспрыняцце меншасцяў, у прыватнасці беларусаў і ўкраінцаў. Апошнім часам назіраецца адмыслова сканструяваная хваля хэйту ў дачыненні да ўкраінцаў, беларускіх эмігрантаў і спецыялістаў. Гэта відавочна спланаваныя дзеянні. Я тут бачу два ўзроўні спецаперацый, якія маюць дакладныя мэты.
Першая, калі мы кажам пра кейс лекараў, гэта стварэнне з беларусаў ворагаў і стварэнне ўнутранай напружанасці. Да гэтага спрычыніўся і тэракт на чыгунцы на спалучэнні Варшава-Люблін, якія здзейснілі ўкраінцы, прыехаўшыя з Беларусі. Тут падвойны ўдар. Зноў хваля хэйту супраць украінцаў і адначасова патрабаванне радыкальных дзеянняў супраць Беларусі. На гэта ўлада павінна вельмі хуткаі і востра рэагаваць. Бо такая напружанасць, перш за ўсё, б’е па грамадству і ўнутранай кансалідацыі, ствараючы дадатковыя кропкі напружання.
Другая скіраваная супраць уладаў. Калі распаўсюджваецца факт прыняцця медпляцоўкамі на працу некампетэнтных лекараў, гэта азначае, што дзяржава не праводзіць кантроль і адбор лекараў. То бок у першую чаргу гэта віна ўлады. На маю думку, гэта ўкладаецца ў агульную крытыку ўрада Грамадзянскай кааліцыі і Дональда Туска на фоне выклікаў бяспекі, з якімі апошнім часам польскі ўрад не заўсёды спраўляецца. Такая сітуацыя спрычыняецца да антыўрадавых настрояў.
Поўны каментар - у далучаным гукавым файле.