Беларуская Служба

Незалежна ад вынікаў вайны ва Украіне, польскую эканоміку чакае шок

28.03.2022 11:10
Будаўніцтва, турызм, гандаль, гастраномія, транспарт маглі б прыняць нават адзін мільён працаўнікоў з Украіны. Але нямала праблем.
Здымак мае ілюстрацыйны характарgeralt/pixabay.com/CC0 Public Domain

Выданне Polityka шмат увагі прысвячае пытанням, звязаным з вайной ва Украіне. Адзін з артыкулаў – пра яе ўплыў на рынак працы ў Польшчы. Паводле дадзеных ААН, з Украіны можа выехаць каля 4 млн чалавек, Еўракамісія кажа пра 6,5 млн. Найбольшая хваля бежанцаў ідзе ў Польшчу. Нядаўна прыняты закон дае ўкраінцам права легальна працаваць. Будаўніцтва, турызм, гандаль, гастраномія, транспарт маглі б прыняць нават адзін мільён працаўнікоў з Украіны. Але нямала праблем.

Большасць бежанцаў аб працы пакуль што не думае. Яны ратавалі сябе і сваіх блізкіх, а цяпер жывуць сённяшнім днём, спрабуючы арганізаваць жыццё ў новым месцы. Для іх вайна стала шокам. Польская мова, хоць падобная, усё ж такі чужая, лацінскі алфавіт таксама стварае праблемы. Без мовы прыходзіцца працаваць значна ніжэй сваіх кваліфікацый. Украінкі, якія раней працавалі ў Польшчы, часта займаліся простай працай, у тым ліку прыборкай. Але польскаму працоўнаму рынку вельмі патрэбныя мужчыны, якія працавалі ў будаўніцтве і транспарце. А цяпер дзясяткі тысяч вярнуліся на радзіму, каб змагацца з акупантам.

Пакуль што працягваецца працэс прысваення бежанцам індывідуальных нумароў (PESEL), неабходных, каб легальна жыць і працаваць у Польшчы. Калі казаць пра рынак працы, то найбольшая магчымасць знайсці платны занятак у вялікіх гарадах, але ў Варшаве ды іншых вялікіх гарадах цяжка арандаваць жыллё. У некаторых гарадах колькасць жыхароў за апошні месяц вырасла на 10%.

Незалежна ад развіцця падзей ва Украіне, польскі рынак працы чакае шок. Калі ўкраінцы перамогуць, шмат з іх вернецца на айчыну, каб яе адбудоўваць, а калі вайна будзе працягвацца, Польшчу накрыюць чарговыя хвалі ўцекачоў.

нг