Беларуская Служба

У кантэксце вайны ва Украіне канал праз Віслінскую касу стаў для Польшчы стратэгічнай інвестыцыяй

08.06.2022 13:15
Канал спыніць залежнай ад згоды Расіі на плаванне праз Балтыйскі праліў – адзіны натуральны праход з Гданскага заліва ў Віслінскі заліў.
Аўдыё
  • Працягваецца будаўніцтва канала праз Віслінскую касу.
   2020 .
Канал у студзені 2020 года.Autorstwa Ptaqe - Praca własna, CC BY-SA 4.0, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=86261454

Працягваецца будаўніцтва канала праз Віслінскую касу. Улады запэўніваюць, што рэалізацыя інвестыцыі ажыццяўляецца ў адпаведнасці з планам. На мінулым тыдні адбылося заліццё вадой канала, а таксама выпрабаванні шлюзаў і ўсёй дарожнай сістэмы.

Новы водны шлях з'яўляецца адной з прыярытэтных інвестыцый польскага ўрада. Яна павінна ўмацаваць суверэнітэт Польшчы і спыніць залежнай ад згоды расійскага боку на плаванне праз Балтыйскі праліў – адзіны натуральны праход з Гданскага заліва ў Віслінскі заліў. Інвестыцыя таксама дазволіць развіваць порт у Эльблёнгу і парты на Віслінскім заліве.

Пакуль суднаходны канал яшчэ не адкрыты для руху, па-ранейшаму з поўначы і поўдня ён зачынены сталёвымі пераборкамі, якія павінны быць выдаленыя цягам бліжэйшых тыдняў, паясняе дырэктар Марскога ўпраўлення ў Гдыні капітан Веслаў Пятшкоўскі(Wiesław Piotrzkowski):

- Уся сістэма маніторынгу і кіравання рухам зараз праходзіць выпрабаванне ў паўаўтаматычным рэжыме. Пасля згаданага этапу пачнуцца выпрабаванні ў аўтаматычным рэжыме з выкарыстаннем праграмнага забеспячэння. На гэтым этапе мы праверым ці згаданае праграмнае забеспячэнне гарантуе магчымасць бяспечнага пераадольвання як воднага, так і сухапутнага шляху.

Наступны этап – гэта зняцце часовых сталёвых пераборак з паўночнай і паўднёвай частак канала. Працэс завершыцца тэставаннем усёй пераправы з Галоўнага цэнтра кіравання, які размешчаны порце ў Новым Свеце. Сістэма кіравання сінхранізуе адкрыццё і закрыццё шлюзаў, абодвух аўтамабільных мастоў, а таксама водную і наземную сігналізацыю. Эфектыўнае праходжанне суднаў па канале і бяспека руху будзе залежаць ад эфектыўнасці сістэмы кіравання і падрыхтоўкі аператараў.

Паводле польскіх уладаў будаўніцтва суднаходнага канала праз Віслінскую касу – гэта інвестыцыя, звязаная з тэрытарыяльнай цэласнасцю Польшчы і нацыянальнай годнасцю. Прэс-сакратар польскага ўрада Пётр Мюлер(Piotr Mueller) заявіў, што канал – адна з найбольш важных інвестыцый з пункту гледжання бяспекі Польшчы. Ён падкрэсліў, што напад Расіі на Украіну паказвае, што такая інфраструктура абароніць Польшчу ад патэнцыйных блакадаў, напрыклад, партоў:

- Польскі ўрад будзе ажыццяўляць інвестыцыі, якія карысныя з пункту гледжання Польшчы. Часам яны патрабуюць большых сродкаў. Аднак у будучыні яны ўплываюць на эканамічны рост, або на павышэнне бяспекі краіны. Таму кожны, хто крытыкуе будаўніцтва канала праз Віслінскую касу або Цэнтральнага камунікацыйнага порта робіць гэта ў рамках партыйных гульняў, а не ў інтарэсе Польшчы.

Міністр па справах клімату Анна Москва(Anna Moskwa) падкрэсліла, што канал праз Віслінскую касу загарантуе Польшчы поўны суверэнітэт на ўласнай мяжы і доступ да ўласнай тэрыторыі без расійскага пасярэдніцтва:

- Давайце ўявім сабе такую сітуацыю – польскае пасажырскае ці гандлёвае судна, хоча ўплыць у воды Польшчы і яно прымушанае атрымаць на гэта згоду Расійскай Федэрацыі. Тым часам Расія кажа: Не. Гаворка ідзе менавіта пра гэткую сітуацыю. Мы былі прымушаныя ўваходзіць у польскія тэрытарыяльныя воды праз расійскую тэрыторыю. Ці на гэта пагадзіліся б урады Германіі ці Францыі? Напэўна, не.

Дзяржсакратар у Міністэрстве інфраструктуры Марэк Грубарчык(Marek Gróbarczyk) запэўніў, што вайна ва Украіне не затрымае будаўніцтва канала. Віцэ-міністр нагадаў, што Расія неаднаразова распаўсюджвала ілжывыя інфармацыі, паводле якіх польская інвестыцыя нанясе ўрон навакольнаму асяроддзю:

- Былі створаныя дзясяткі дакументаў. Акрамя таго ў Брусель таксама была накіраваная інфармацыя. Я быў прымушаны неаднаразова паясняць справу інвестыцыі і меркаванай шкоды прыродзе ў размовах з камісарам ЕС па справах навакольнага асяроддзя. Сёння для нас відавочна, што гэта была проста прапагандысцкая акцыя, накіраваная на тое, каб спыніць гэтую інвестыцыю.

Марэк Грубарчык запэўніў, што ўсе работы ідуць па плане і першыя караблі павінны прайсці новы водны шлях у верасні бягучага года:

- Працягваюцца работы на падыходах да канала з абодвух бакоў. Падсумоўваючы, работы ідуць паводле плана. Мы не бачым пагрозаў яго рэалізацыі.

У сваю чаргу ў пятніцу ў Эльблёнгу быў падпісаны кантракт на будаўніцтва фарватэра на Віслінскім заліве. Фарватэр прызначаны для плавання марскіх суднаў даўжынёй да 100 метраў і баржаў даўжынёй да 180 метраў, шырынёй у 20 метраў і глыбінёй у 4,5 метра. Яго даўжыня складзе больш за 8 кіламетраў. Фарватэр злучыць канал праз Віслінскую касу з Эльблёнгскім залівам, у які ўпадае рака Эльблёнг. Гэта трэці этап будаўніцтва воднага шляху, які злучае Віслінскі заліў з Гданскім залівам і дазволіць суднам заходзіць не толькі ў порт у Эльблёнгу, але ва ўсе парты на заліве.

Адкрыццё суднаходнага канала ад Балтыйскага мора да Віслінскага заліва запланаванае на 17 верасня бягучага года. Згаданая дата мае сімвалічнае значэнне, паколькі яна звязаная з уварваннем савецкай арміі ў Польшчу ў 1939 годзе. Рэалізацыя ўсяго праекта будзе завершаная ў наступным годзе.

Нагадваем, праект канала праз Віслінскую касу ўключае будаўніцтва ахоўнага порта з боку Гданскага заліва, навігацыйнага канала і новай сістэмы дарог. Агульная працягласць новага воднага шляху ад Гданскага заліва праз Віслінскі заліў да Эльблёнга складае амаль 23 кіламетры, з якіх прыкладна 2,5 кіламетра складае ўчастак, які складаецца са шлюзаў, вонкавага порта і стаянкі. Глыбіня канала складзе 5 метраў. У канчатковым выніку плануецца, што ў Эльблёнг будуць заходзіць судны грузападымальнасцю ў 2,5 тысячы тон.

аз

Канал праз Віслінскую касу будзе адкрыты праз 5 месяцаў

19.04.2022 21:44
Ужо завершаныя асноўныя работы ў шлюзе суднаходнага канала праз Віслінскую касу.