Беларуская Служба

Санкцыі адразаюць Беларусь ад магчымасці экспартаваць важнейшыя тавары з краіны

13.06.2022 15:26
Сітуацыяй карыстаецца найбуйнейшы канкурэнт «Беларуськалію» – канадскі Nutrien.
zdjęcie ilustracyjne
zdjęcie ilustracyjne shutterstock

Санкцыі адрэзалі Беларусь ад вонкавага свету – піша Rzeczpospolita. Краіна можа экспартаваць свае нафтапрадукты і ўгнаенні толькі праз расійскія парты. Аднак гэта дорага, а канкурэнты ўжо нарошчваюць вытворчасць.

З лютага 2022 года Літва забараніла Беларусі карыстацца Клайпедскім портам, адкуль раней адпраўлялі беларускія грузы. Літоўская чыгунка таксама адмовілася перавозіць беларускія ўгнаенні. Мінскі рэжым пачаў перамовы з Масквой аб пераарыентацыі экспартных грузаў. Крэмль змяніў пагадненне аб супрацы з Беларуссю ў сферы транспарціроўкі і перавалкі беларускіх грузаў з дастаўкай у трэція краіны праз расійскія марскія парты.

Пагадненне 2021 года прадугледжвала магчымасць транспарціроўкі беларускіх нафтапрадуктаў чыгуначным транспартам і іх перагрузкі ў марскіх партах паўночна-заходняга рэгіёна Расіі. У новай рэдакцыі з тэксту выдалена маркіроўка рэгіёну, а значыць, пашырана геаграфія магчымасцяў перавалкі. У 2021-2023 гадах Беларусь плануе экспартаваць праз расійскія парты каля 10 мільёнаў тон нафтапрадуктаў.

Планы і рэальнасць – дзве розныя рэчы. Спачатку трэба даставіць тавар у парты Расіі. Найбліжэйшы Пецярбург. Цэны на паслугі ў гэтым порце вышэйшыя за цэны, якія дагэтуль плацілі беларускія кампаніі ў партах балтыйскіх краін. Якасць абслугоўвання таксама не тая, дастаўка займае больш часу, таму ўсё даражэй.

Наступнае пытанне, каму цяпер Беларусь прадае свае ўгнаенні і нафтапрадукты, калі пад санкцыі трапляюць іх вытворцы – «Беларуськалій» і НПЗ «Нафтан» і «Мазыр»? Тут і ўзнікаюць найбольшыя цяжкасці, бо ўвесь ЕС – галоўны кліент Беларусі – перастаў замаўляць угнаенні. Немагчымы таксама транзіт беларускіх угнаенняў праз тэрыторыю супольнасці.

Сітуацыяй карыстаецца найбуйнейшы канкурэнт «Беларуськалію» – канадскі Nutrien. Кампанія абвясціла аб павелічэнні вытворчасці калійных угнаенняў на 40 працэнтаў. Да 2025 года яна павялічыць сваю магутнасць да 18 мільёнаў тон у год. Рашэнне прынятае ў сувязі з «праблемнасцю паставак з Усходняй Еўропы». Кампанія павялічвае занятасць на 350 чалавек, закупіць абсталяванне для здабычы, захоўвання і пагрузкі.

Кампанія Nutrien абвясціла ў прэс-рэлізе, што «рэалізуе раней абвешчаныя праекты па пашырэнні запушчаных галін, якія, як чакаецца, павялічаць вытворчыя магутнасці прыкладна на 500 000 тон да канца 2025 года». У мінулым месяцы Nutrien заявіў, што ацэньвае існуючае месцазнаходжанне ў горадзе Гейсмар, штат Луізіяна, з мэтай пабудаваць найбуйнейшы ў свеце завод па вытворчасці чыстага аміяку.

нг