Беларуская Служба

На дадзены момант на тэрыторыі Украіны захоўваецца 30 млн тон збожжа з прызначэннем на экспарт

13.06.2022 16:22
З-за блакады агрэсарам украінскіх марскіх партоў на сусветны рынак не трапіла 7 млн тон пшаніцы, 14 млн тон зерня кукурузы, 3 млн тон сланечнікавага алею.
Аўдыё
  • На дадзены момант на тэрыторыі Украіны захоўваецца 30 млн тон збожжа з прызначэннем на экспарт
  .
Збожжа ў зернясховішчы. Ілюстрацыйны здымак pixabay.com/Mexxicana

Украіна стварыла маршруты праз Польшчу і Румынію для экспарту збожжа. Таксама афіцыйны Кіеў вядзе перамовы з краінамі Балтыі аб стварэнні трэцяга калідору для экспарту сельскагаспадарчай прадукцыі. На дадзены момант на тэрыторыі Украіны захоўваецца 30 млн тон збожжа з прызначэннем на экспарт.

Пра стварэнне альтэрнатыўных маршрутаў экспарту збожжа паведаміў намеснік міністра замежных спраў Украіны Дзмітрый Сеннік. Паводле яго слоў, хоць гэтыя маршруты і не ідэальныя, то аднак ствараюць прынамсі нейкі шанец на продаж зерневых за мяжу.

Пытанне экспарту ўкраінскай сельгаспрадукцыі важнае не толькі для Украіны, але і для ўсяго свету, паколькі Украіна – адзін з буйнейшых экспарцёраў зерневых. Так, у 2019-2020 гадах Украіна была другім найбуйнейшым экспарцёрам збожжа ў свеце пасля ЗША. У 2022 яна заняла пятае месца пасля Расіі, ЗША, Канады і Францыі.

Цяпер Кіеў не можа пастаўляць зерня на экспарт па традыцыйных маршрутах праз чарнаморскія парты, паколькі яны перакрытыя расійскімі ваеннымі караблямі.

Украінскі эканамічны эксперт Алег Бензін звяртае ўвагу на тое, што амаль 95% сельскагаспадарчага экспарту праходзіла праз парты Чорнага мора. Пасля агрэсіі Расіі гэты маршруты закрыліся.

- У мінулым годзе Украіна сабрала 72 млн тон зерневых. На ўнутраныя патрэбы неабходна 18-19 млн тон. Такім чынам, агульны экспартны патэнцыял Украіны – на ўзроўні 53 млн тон. Пры гэтым 95% нашага экспарту ідзе праз парты Чорнага мора.

З-за блакады агрэсарам украінскіх марскіх партоў на сусветны рынак не трапіла 7 млн тон пшаніцы, 14 млн тон зерня кукурузы, 3 млн тон сланечнікавага алею і 3 млн тон сланечнікавай макухі. Гэта ўжо прывяло да рэкорднага росту коштаў на сусветным рынку, асабліва пшаніцы.

У 2020-2021 Украіна экспартавала амаль 45 млн тон збожжавых і зернебабовых культур, у ліку больш за 16 млн тон пшаніцы, 23 млн тон кукурузы і больш за 4 млн тон ячменю. Таксама на знешнія рынкі пастаўлена амаль 127 тыс тон мукі і больш за 18 тыс. тон жыта.
А куды экспартуе зерне Украіна? На першым месцы – Нідэрланды (на 624 млн долараў ЗША – 6,5% ад усяго экспарту Украіны); на другім – Інданезія (на 538 млн долараў – 5,6%); на трэцім – Бангладэш (на 421 млн долараў – 4,4%); і на чацвёртым – Ізраіль (317 млн долараў – 3,3%);

Паводле статыстыкі, 30% усёй прадукцыі пастаўляецца ў краіны Еўрасаюзу, 30% – у Паўночную Афрыку і яшчэ 30% – у Азію. У мінулым годзе назіраўся пэўны перакос, таму што ў Азію Украіна экспартавала 40% збожжавых па прычыне росту попыту з боку Кітая. У гэтую краіну перш за ўсё пастаўляецца кукуруза і ячмень.

Многія краіны, якія залежаць ад імпарту ўкраінскага зерня, могуць адчуць праблемы ў сувязі са спыненнем паставак. Гэта, у прыватнасці, краіны Афрыкі. ААН і іншыя міжнародныя арганізацыі папярэджваюць, што некаторым дзяржавам можа пагражаць нават голад. Гэта таксама разумее ўкраінскі фермер Юрый Ялаўчук, у якога існуюць праблемы з продажам сельгаспрадукцыі.

- Хацелася б звярнуцца да ўсіх людзей свету... у нас зерня вельмі шмат, а людзі ў Азіі і Афрыцы, як паведамляюць СМІ, галадаюць. Галодны бунт – гэта самы страшны бунт, які можа быць. А мы не можам прадаць наша зерне...

Украіна вырабляе істотную долю сусветнага харчавання: каля 27% насення сланечніку, 5% ячменю, па 3% пшаніцы і рапсавага насення, 2% кукурузы.

Украіна ў 2021 годзе сабрала рэкордны ўраджай збожжавых, зернебабовых і алейных культур у аб'ёме 106 млн 600 тыс тон. Ураджай быў абсалютным максімумам за ўсю гісторыю дзяржавы. Зразумела, што сёлета з-за агрэсіі Расіі гэты рэкорд паўтарыць не ўдасца.

Генеральны сакратар ААН Антоніу Гутэрыш нядаўна папярэдзіў аб верагоднасці таго, што ў многіх краінах свету масавы голад і недаяданне могуць зацягнуцца на некалькі гадоў, калі ўжо зараз не рабіць крокаў для спынення глабальнага харчовага крызісу, выкліканага Расіяй.

вс