29 чэрвеня ў Ліёне Украіна і Малдова падпісалі пагадненне з Еўракамісіяй аб адмене дазволаў на аўтамабільныя перавозкі ў двухбаковых і транзітных зносінах. Украінскім і малдаўскім перавозчыкам забаронены кабатаж. Пагадненне будзе дзейнічаць адзін год з магчымасцю падаўжэння, паведамляе Rzeczpospolita.
Гэта азначае, што фуры ўкраінскіх і малдаўскіх перавозчыкаў будуць уязджаць у краіны Еўрасаюза без дазволаў. Еўракамісія тлумачыць, што адмена дазволаў дапаможа ўкраінскай эканоміцы пераадолець наступствы вайны.
«Наша прапанова забяспечыць неадкладную дапамогу эканомікам гэтых дзвюх краін», – сцвярджае камісар па транспарце Адына Велян.
Абмежаваная колькасць дазволаў на міжнародныя перавозкі цягам апошніх пяці гадоў была сур'ёзнай праблемай для ўкраінскіх перавозчыкаў. З моманту падпісання Пагаднення аб зоне свабоднага гандлю паміж Украінай і ЕС у 2016 годзе тавараабарот з Еўрасаюзам вырас амаль удвая, а колькасць аўтамабільных перавозак павялічылася на 42%. Пры гэтым колькасць дазволаў на міжнародныя перавозкі ў асобныя краіны ЕС не толькі не вырасла, але нават зменшылася.
У першы месяц вайны Міністэрству інфраструктуры Украіны ўдалося дасягнуць дамоўленасцей аб часовым адкліканні дазволаў на перавозкі грузавым транспартам з 12 краінамі ЕС – Аўстрыяй, Венгрыяй, Італіяй, Латвіяй, Эстоніяй, Балгарыяй, Германіяй, Даніяй, Літвой, Румыніяй, Грэцыяй і Славакіяй. Польшча адмяніла дазволы на перавозку паліва.
Між тым, у заяве, апублікаванай 27 чэрвеня, старшыня Асацыяцыі міжнародных аўтамабільных перавозчыкаў Ян Бучэк падкрэслівае, што «аднабаковае зняцце любых абмежаванняў на колькасць украінскіх перавозчыкаў прывядзе толькі да далейшай палярызацыі транспартнага рынку».
«Дапамагаць Украіне – безумоўна, але гэта трэба рабіць на здаровых прынцыпах. Мы даўно выступаем за павелічэнне колькасці дазволаў для ўкраінскіх перавозчыкаў, але гэты працэс павінен быць звязаны з адначасовым павелічэннем прапускной здольнасці на мяжы», – кажа Бучэк. Ён нагадвае, што «польскія перавозчыкі прайшлі шматэтапную праграму карэкціроўкі і пагадзіліся на павышэнне кошту, каб захаваць канкурэнтныя ўмовы на транспартным рынку ЕС».
«Польскія фірмы былі выцесненыя з транспартнага рынку паміж Польшчай і Украінай. На заходнім рынку бачна, што кліенты ўжо выбіраюць украінцаў, бо яны таннейшыя» – перасцерагае дарадчык старшыні Асацыяцыі міжнародных аўтамабільных перавозчыкаў Тадэвуш Вільк.
Аўтаперавозчыкі з ЕС неахвотна ўязджаюць на тэрыторыю Украіну, бо страхоўка не распаўсюджваецца на зону баявых дзеянняў, нагадвае Rzeczpospolita.
аз