На просьбу Германіі Канада пагадзілася абслугоўваць турбіны для газаправоду Nord Stream 1. Гэта азначае абыход санкцыяў, уведзеных супраць Расіі ў сувязі з нападзеннем на Украіну – піша Do Rzeczy.
Фармальнай падставай для зняцця санкцый у гэтай сферы з'яўляецца аргумент, што перадача турбін «Газпраму» дасць Расіі тэхнічную магчымасць аднавіць поўны абʼём паставак газу ў ЕС.
Рашэнне ўраду ў Атаве выклікала незадаволенасць украінцаў. Пракаментаваць гэтае пытанне папрасілі прэс-сакратара польскага МЗС. Лукаш Ясіна падкрэсліў, што так не павінна быць, а супраць Расіі павінны дзейнічаць самыя жорсткія санкцыі. Аднак ён дадаў, што гаворыць ад імя польскіх, а не канадскіх ці нямецкіх уладаў.
– Польшча адкрыта кажа пра неабходнасць узмацнення санкцый, пра тое, што рэжым Пуціна трэба максімальна абмежаваць. Польшча не прыняла б такога рашэння, як Канада. Я спадзяюся, што будзе як найменш крокаў, якія абыходзяць санкцыі, – сказаў прэс-сакратар МЗС у эфіры Польскага радыё 24.
Ясіна выключыў магчымасць вяртання канцэпцыі «бізнес, нічога больш» у гандлі з Расіяй. Прэс-сакратар таксама пракаментаваў пагрозы з боку Расіі Літве ў сувязі з абмежаваннем транзіту некаторых тавараў праз літоўскую тэрыторыю ў Калінінградскую вобласць.
– Ніякіх дадатковых блакад Калінінградскай вобласці Літва не ўводзіць. Гэта распаўсюджаны міф. (...) Літва можа разлічваць на польскую падтрымку. Нельга паддавацца расійскаму ціску, каб такія краіны, як Літва, мелі права карыстацца сваім суверэнітэтам і еўрапейскім правам, якім зʼяўляюцца санкцыі, уведзеныя супраць Расіі, – сказаў ён.
нг