Беларуская Служба

Дэпутат кіроўнай партыі: Гэта наіўнасць і ўтопія думаць, што мы можам перавезці збожжа з Украіны

13.07.2022 09:31
Паводле былога міністра сельскай гаспадаркі Яна Кшыштафа Арданоўскага, збожжа з Украіны блакуе польскія элеватары.
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар.skyradar/pixabay.com/CC0 Public Domain

«Збожжа з Украіны блакуе польскія элеватары; яно ёсць у многіх элеватарах. Кампаніі, якія гандлююць збожжам, не зацікаўленыя збожжам ад польскіх фермераў, калі ў іх нашмат таннейшае збожжа з Украіны, а збор ураджаю ў Польшчы практычна ўжо пачаўся» – кажа ў размове з выданнем Rzeczpospolita былы міністр сельскай гаспадаркі, дэпутат ад кіроўнай партыі «Права і справядлівасць» Ян Кшыштаф Арданоўскі.

Каб палегчыць экспарт збожжа з Украіны, у Польшчы плануецца пабудаваць часовыя элеватары. Пра гэта ў чэрвені заявіў прэзідэнт ЗША Джо Байдэн. Ідэю станоўча ацаніў міністр сельскай гаспадаркі Генрык Кавальчык. Палітык паведаміў, што збожжасховішчы можна было б пабудаваць у Слаўкове(Sławków) каля гарадка Дамброва Гурніча. Гэта самая далёкая кропка на захадзе Еўропы, куды з усходу даходзіць шырокакалейная чыгунка.

Паводле Яна Кшыштафа Арданоўскага, здараюцца сітуацыі, калі ўкраінскае збожжа застаецца ў Польшчы і пачынае замяшчаць вытворчасць польскіх фермераў.

«Гэта ўжо адбываецца. Гэта нейкая наіўнасць і ўтопія думаць, што мы можам вывезці збожжа з Украіны, якое дагэтуль транспартавалася праз чарнаморскія парты; што мы можам яго вывезці праз Польшчу і адправіць кудысьці далей у свет. У нас абсалютна не было і ў нас няма адпаведнай інфраструктуры», – пераконваў палітык у эфіры каталіцкага «Радыё Марыя». Ян Кшыштаф Арданоўскі таксама раскрытыкаваў Еўракамісію, якая, паводле яго, толькі дае «добрыя парады», але не вельмі дапамагае Польшчы ў вырашэнні гэтай праблемы.

« Усё звалілася нам на галаву. Мы, жадаючы дапамагчы Украіне, прымушаны самі разабрацца з гэтай праблемай», – сказаў палітык, а ягоныя словы прыводзіць выданне Rzeczpospolita.

аз

Польшча павялічвае экспарт украінскага збожжа

28.06.2022 10:03
На тэрыторыі Украіны на экспарт чакаюць каля 30 мільёнаў тон збожжа.