Беларуская Служба

Хаос у еўрапейскіх аэрапортах не знікне хутка

20.07.2022 10:26
Пасля двух гадоў пандэміі еўрапейцы вырашылі масава выехаць на вакацыі і… сустракаюць праблемы.
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар.Photo:tookapic/pixabay.com/CC0 Public Domain

Доўгія чэргі да рэгістрацыі, натоўпы падарожных, якія чакаюць вылету і спозненыя рэйсы, такія перашкоды павінен браць пад увагу кожны, хто гэтым летам вырашыў скарыстацца авіятранспартам, перасцерагае Rzeczpospolita і задумоўваецца, што вінаваты ў такой сітуацый.

«Па-першае, кліенты, якія, пасля двух гадоў пандэміі, вырашылі масава паехаць у адпачынак. Па-другое, авіяцыйная галіна, таму што яна недаацаніла рост попыту і яшчэ вясной скарачала колькасць працоўных месцаў, а не шукала новых супрацоўнікаў» – паведамляе штодзёнка і дадае, што, паводле брытанскіх і нямецкіх прафсаюзаў, ёсць яшчэ адзін вінаваты: танныя авіяперавозчыкі, якія настолькі эфектыўна заахвочвалі пасажыраў лётаць, што зараз аэрапорты не ў стане справіцца з абслугоўваннем такой колькасці пасажыраў.

Як адзначае газета, авіякампанія Wizz Air надоечы паведаміла, што ў чэрвені бягучага года ейнымі паслугамі скарысталіся 4,34 мільёна пасажыраў, то бок на 179 % больш, чым у чэрвені 2021 года. За апошнія 12 месяцаў, вугорскі лаўкост значна пашырыў сваю сетку злучэнняў, дадаўшы 200 новых маршрутаў у 126 партоў у Еўропе і за яе межамі.

Штодзёнка звяртае таксама ўвагу на дэфіцыт авіядыспетчараў, членаў экіпажаў, асабліва пілотаў, які прычыняецца да затрымак і адмены палётаў.

Напрыклад, з-за забастоўкі дыспетчараў у нямецкай авіякампаніі SAS, толькі ў панядзелак былі адмененыя 600 рэйсаў. Пратэст супрацоўнікаў працягваецца ў авіякампаніі Ryanair. Еўрапейская асацыяцыя пілотаў (ECA) папярэджвае, што няма простага і хуткага рашэння, каб справіцца з цяперашняй сітуацыяй, адзначае Rzeczpospolita.

аз