Dziennik Gazeta Prawna публікуе матэрыял, у якім разважаюць пра магчымасці скараціць працоўны тыдзень.
Чатырохдзённы працоўны тыдзень. Ці могуць сабе гэта дазволіць польскія кампаніі? Ці зможа Польшча дагнаць Заходнюю Еўропу, укараняючы такія ідэі? Пандэмія і расійская агрэсія супраць Украіны прымушаюць нас змірыцца з непрадказальнасцю. У часы нявызначанасці, неабходна думаць не толькі аб тым, як забяспечыць эканамічную стабільнасць для кампаній, але і як супрацоўнікі могуць захаваць баланс паміж працай і асабістым жыццём. Даследаванні паказваюць, што пандэмія моцна ўдарыла па пачуццю бяспекі і псіхічнаму здароўю людзей. Ідэя чатырохдзённага працоўнага тыдня – адна з многіх, якія могуць забяспечыць лепшы баланс працы і жыцця. Прыкладам можа служыць Францыя, у якой 35-гадзінны працоўны тыдзень; Заканадаўцы іншых еўрапейскіх краін уводзяць нормы, якія забараняюць кантактаваць з супрацоўнікамі ў вольны час, а пандэмія вымусіла ўвесці гнуткі графік працы і дыстанцыйную працу. Усе гэтыя дзеянні павышаюць задаволенасць супрацоўнікаў. Пілотныя праграмы чатырохдзённага працоўнага тыдня праводзіліся ў Нідэрландах, Велікабрытаніі, скандынаўскіх краінах, а таксама ў ЗША і Японіі. Практычна ўсе яны паказалі высокі рост прадукцыйнасці супрацоўнікаў і зніжэнне ўзроўню стрэсу і выгарання. А даходы кампаній не зменшыліся, а нават выраслі. Таму ўплыў на эканоміку быў станоўчым.
Аднак ёсць і другая з'ява, надзвычай важная ў гэтай дыскусіі. На рынак працы выходзіць пакаленне Z – людзі, якія нарадзіліся ў канцы 1990-х – пачатку 21 стагоддзя. У гэтага пакалення зусім іншы падыход да працы – для моладзі яна не такая каштоўная, як для пакалення бацькоў. Яны ставяць перад сабой іншыя мэты і менш арыентуюцца на матэрыяльныя даброты. Для іх вельмі важна жыць у адпаведнасці са сваімі каштоўнасцямі і захапленнямі, змяняцца і вучыцца новаму. Навучанне прадукцыйнасці і больш эфектыўнаму выкарыстанню працоўнага часу вельмі папулярна сярод пакалення Z; не для таго, каб больш працаваць, а каб мець больш часу для сябе.
Свет мяняецца і новыя пакаленні іншыя. Лепш ці горш? Гэта залежыць ад вашага пункту гледжання і вопыту, але гэта не мае асаблівага значэння. Працадаўцы сутыкаюцца з праблемай адаптацыі да новага рынку працы і да прадстаўнікоў пакалення Z.
У сучасным кіраванні выкарыстоўваецца тэрмін Management 3.0 – новы падыход да супрацоўнікаў. Менеджары павінны ўлічваць нявызначанасць нашага часу, навучыцца кіраваць хутка і рэагаваць на нечаканыя сітуацыі. Гэта мадэль, заснаваная на сумесным кіраванні з супрацоўнікамі і пабудове добрых, глыбокіх адносін з імі.
Змена пакаленняў прывядзе да таго, што аднойчы ў Польшчы будзе ўведзены чатырохдзённы працоўны тыдзень. І чым раней кампаніі пачнуць да гэтага рыхтавацца, тым больш яны выйграюць. Трэба ўкараняць рашэнні, якія павышаюць задаволенасць супрацоўнікаў, а значыць, іх лаяльнасць і прадукцыйнасць. Павелічэнне прадукцыйнасці дасць магчымасць скараціць працоўны час; для пачатку, магчыма, у вялікіх гарадах і на пасадах спецыялістаў, але змены непазбежныя.
вх