Сайт ofeminin.pl публікуе гісторыю Аляксандры, якая эксперыментуе са спажываннем ежы.
Яна не купляе прадукты ў краме, а знаходзіць іх на сметніках вялікіх крамаў. Агулам гэты рух называецца фрыганствам, а пошукі нармальных рэчаў і прадуктаў у сметніцах называюць скіпінгам.
Суразмоўца расказала, што цягам месяца не купляе ні садавіны, ні гародніны. Аляксандра падлічыла, што, дзякуючы скіпінгу, зэканоміла некалькі сотняў злотых і ўратавала шмат добрай ежы ад утылізацыі.
«Калі я знаходжуся ў краме і гляджу на ўсе гэтыя расфасаваныя салаты і гародніну са зніжкай, я ведаю, што вечарам знайду некаторыя з іх у крамным бія-кантэйнеры» – кажа Аляксандра.
Мы расходуем вялікія аб'ёмы ежы ў семʼях, выкідваем тое, што яшчэ можна ўжываць у ежу. Тое ж самае робяць буйныя гандлёвыя сеткі, хоць два гады таму ў Польшчы быў уведзены закон аб барацьбе з харчовымі адходамі.
Паводле ацэнак Харчовай і сельскагаспадарчай арганізацыі ААН, штогод у свеце марнуецца каля 1,3 мільярда тон ежы. 222 мільёны тон ежы, якая ідзе на заводы па спальванню біярэчываў у Еўропе і ЗША, эквівалентнае ўсёй вытворчасці прадуктаў харчавання ў Афрыцы на поўдзень ад Сахары. У сярэднім еўрапеец марнуе ад 95 да 115 кг ежы штогод, у той час як сярэдні жыхар Паўночнай Афрыкі марнуе 6 кг.
«Памятаю скіп, з якога мы прывезлі каля 30 кг авакада і 50 кг мандарынаў. Толькі калі бачыш на свае вочы, колькі прадуктаў выкідвае адна крама, разумееш маштаб гэтай зʼявы, гэта жах», – кажа Аляксандра.
У Польшчы кожную секунду ў кошык кладуць 150 кг прадуктаў. Штогод у Польшчы марнуецца, то бок ідзе на сметнік 4,8 мільёна тон ежы. У спісе прадуктаў, якія часцей за ўсё выкідваюць, – хлеб (62,9%), свежая садавіна (57%), гародніна, якая хутка псуецца, напрыклад, салата і радыска (56%), малочныя напоі (47%).
Паводле справаздачы праекту PROM за 2020 год, каманда якога правяла маніторынг харчовых адыходаў у Польшчы, 60 працэнтаў прадуктаў, якія выкідаюць, паходзяць з хатніх гаспадарак. Тая ж справаздача паказвае, што на крамы выпадае 7 працэнтаў харчовых адходаў, але аўтары папярэджваюць, што «вынікі могуць быць няпоўнымі з-за недастатковай выбаркі даследавання і цяжкасцяў у атрыманні надзейных дадзеных».
1 сакавіка 2020 года ўступіў у сілу Закон «Аб супрацьдзеянні растраце харчовых прадуктаў», згодна з якім прадуктовыя крамы і аптовыя кропкі гандлю плошчай больш за 250 квадратных метраў, палова даходаў якіх прыпадае на рэалізацыю харчовых прадуктаў, павінны заключаць дамовы з грамадскімі арганізацыямі па бязвыплатнай перадачы нерэалізаваных прадуктаў харчавання. У першую чаргу размова ідзе пра тавары, знятыя з продажу з-за дэфектаў вонкавага выгляду або ўпакоўкі.
Фрыганізм – гэта філасофія ладу жыцця, арыентаваная на прыняцце метадаў задавальнення матэрыяльных патрэб, альтэрнатыўных сучаснаму капіталізму. Фрыганы выступаюць не толькі супраць перавытворчасці, празмернага спажывання, але і супраць жорсткага абыходжання з жывёламі, парушэння правоў чалавека і знішчэння прыроднага асяроддзя. Тэрмін фрыганства ўпершыню зʼявіўся ў сярэдзіне 1990-х гадоў, спалучаючы веганскія практыкі з філасофіяй ладу жыцця, свабоднага ад сучаснага капіталізму. Увогуле, фрыганы арганізуюць сваё жыццё вакол некалькіх асноўных паняццяў: мінімізацыя адходаў, экалагічна чысты транспарт, выкарыстанне перапрацаваных рэчаў або ежы і валанцёрства.
Скіпінг (тэрмін паходзіць ад ангельскага слова «skip», што азначае кантэйнер для смецця) – адзін з элементаў фрыганства, гэта людзі, якія вырашылі «акунуцца ў смецце», яны выступаюць супраць адходаў і «культуры выкідання».
вх