Сітуацыя ў беларускай эканоміцы пагаршаецца. На гэта ўплываюць і санкцыі, і вайна ва Украіне, і агульная макраэканамічная сітуацыя ў рэгіёне. Эканамісты адзначаюць, што скарачаецца ВУП, назіраецца высокая інфляцыя, зніжаюцца заробкі. Але суб’ектыўныя ацэнкі сітуацыі ў грамадстве палепшыліся. Эксперты даследчыцкага цэнтру BEROC падзяліліся вынікамі «Маніторынгу эканомікі Беларусі».
Цікава паглядзець на вынікі апытання беларусаў. Яны на фоне цяжкіх падзей у рэгіёне і ўнутры краіны змянілі свае ацэнкі эканамічнай сітуацыі на больш аптымістычныя.
Як паведаміў навуковы супрацоўнік BEROC Алесь Ганчаронак, у снежні 2021 года ВУП Беларусі вырас на 2,3%, але дрэннай і вельмі дрэннай сітуацыю ў эканомікі назвалі 57,1% апытаных, у красавіку 2021 года ВУП упаў на 2,1%, але пра негатыўныя ацэнкі стану беларускай эканомікі заявілі 53,5% рэспандэнтаў, у жніўні 2022-га ВУП упаў на 5,2%, а доля беларусаў, якія ацэньваюць сітуацыю ў беларускай эканоміцы як дрэнную і вельмі дрэнную знізілася да 47,7%.
То бок фактычна за палову года доля песімістычных ацэнак эканамічнай сітуацыі зменшылася прыкладна на 10 %.
Эксперты даследчыцкага цэнтру BEROC падзяліліся вынікамі «Маніторынгу эканомікі Беларусі».
За палову года доля песімістычных ацэнак эканамічнай сітуацыі зменшылася прыкладна на 10 %.
Цікава выглядае і карэляцыя ацэнак стану эканомікі ў залежнасці ад таго, якія СМІ чытаюць і глядзяць людзі.
– 26 % нашых рэспандэнтаў можна лічыць аўдыторыяй незалежных медыя, 10 % – аўдыторыяй дpяржСМІ. Давайце паглядзім розніцу ў ацэнках паміж гэтымі групамі. Першае пытанне пра стан эканомікі цяпер. 33 % з тых, хто чытае дзяржаўныя СМІ, гавораць, што ўсё кепска. З тых, хто чытае незалежныя медыя, – 75 %. Заўважная розніца. У незалежных медыя – усё кепска і будзе горш, у дзяржаўных медыя – усё нармальна.
Чаканні таксама адрозніваюцца. Сярод аўдыторыі дзяржСМІ 40 % мяркуюць, што праз год стан беларускай эканомікі палепшыцца, сярод аўдыторыі незалежных СМІ толькі 11 % маюць такі аптымістычны погляд, – распавёў навуковы супрацоўнік BEROC Алесь Ганчаронак.
Беларусы працягваюць адчуваць зніжэнне даходаў. 43% рэспандэнтаў адказалі, што ў іх знізіліся даходы, аднак калі прыбраць фактар змянення курсаў валют і інфляцыі, то падзенне даходаў заўважылі 30% апытаных.
Варта адзначыць, што ў межах даследавання апытвалі гарадское насельніцтва
Што тычыцца настрояў сярод дробных і сярэдніх бізнесоўцаў, то яны таксама больш аптымістычныя, чым гэта было ў красавіку.
Навуковы супрацоўнік BEROC Леў Львоўскі мяркуе, што гэта можна патлумачыць такім чынам: Верагодна ў той час пасля пачатку вайны ва Украіне ўсе чакалі вялікіх шокаў, у жніўні гэта ці спраўдзілася, ці людзі справіліся з выклікамі, асэнсавалі сітуацыю.
Найбольш негатыўна ацэньваюць сітуацыю прадстаўнікі прадпрыемстваў, якія працуюць у аптовым і рознічным гандлі. Бізнес адчувае цяжкасці з вытворчасцю і попытам, але ў будучыні апытаныя спадзяюцца, што сітуацыя выраўняецца. Інфляцыйныя чаканні застаюцца высокімі.
У даследаванні ўдзельнічалі 300 уласнікаў і кіраўнікоў кампаній малога і сярэдняга бізнесу.
Важны фактар цэнавай канкурэнтаздольнасці беларускіх тавараў і паслуг – падтрымка Расіі
Эканаміст Дзмітрый Крук падчас выступу «Макраэканамічная сітуацыя. Асноўныя трэнды» адзначыў, што беларуская эканоміка працягваецца пагружацца ў крызісныя з’явы, але да «дна» не падабралася.
Эканаміст звяртае ўвагу, што істотна вырасла цэнавая канкурэнтаздольнасць беларускіх тавараў. На гэта паўплывала зніжэнне курсу беларускага рубля да расійскага, адносна нізкі ўзровень унутраных цэн. Яшчэ адзін важны фактар для цэнавай канкурэнтаздольнасці беларускіх тавараў і паслуг – гэта падтрымка Расіі. У прыватнасці размова ідзе пра цану на газ і нафту, прэферэнцыі ў доступу да расійскага рынка, прадастаўленне сродкаў і ліквіднасці (ёсць праграмы для дзяржпрадпрыемстваў, для банкаў), рэструктурызацыя часткі дзяржаўнага доўгу.
Дзмітрый Крук гаворыць, што меркаваны спад эканомікі па выніках года будзе ў дыяпазоне ад -4% да -6 %. Паводле яго слоў, беларуская эканоміка яшчэ не дасягнула магчымага мінімуму.
– Калі мы глядзім на дынаміку ВУП, паглыбленне ў рэцэсію працягваецца, у другім квартале, верагодна, быў самы імклівы нырок у рэцэсію. Мы можам параўнаць бягучы ўзровень дабрабыту, паводле ВУП, з рэцэсіяй 2015-2016 гадоў. І, як добрую навіну, можна сказаць, што такой глыбіні мы яшчэ не дасягнулі. Але, калі параўноўваць з 2021 годам, то мы ўжо згубілі амаль 7 % дабрабыту. І цяперашні ўзровень дабрабыту, калі глядзець па ВУП, гэта вяртанне прыкладна ў чацвёрты квартал 2017 года. Калі ацэньваць рэцэсію, важна памятаць, з якога ўзроўню было падзенне: а мы падалі з гістарычнага піка і да ўзроўню, які, як мне падаецца, асацыюецца з беднасцю, 2015-2016 гады пройдзена толькі палова шляху. А калі гаварыць пра самыя негатыўныя сцэнары, то пройдзена толькі траціна шляху, калі лічыць ад піка эканомікі ў другім квартале 2021 года, — тлумачыць эканаміст, эксперт центра BEROC Дзмітрый Крук.
Агулам ацэнкі бягучай эканамічнай сітуацыі супярэчлівыя. З аднаго боку – глыбокая рэцэсія, якая працягваецца, паступовае разбурэнне асноў мадэлі беларускай эканомікі, разрыў знешнегандлёвых сувязяў з Украінай і ЕС, змрочныя сярэдне- і доўгатэрміновыя перспектывы.
З іншага боку: існая дынаміка значна лепшая за магчымыя горшыя сцэнары, фінансавая дэстабілізацыя не поўнамаштабная, умеранае ўспрыняццё бягучай сітуацыі эканамічнымі агентамі, ёсць прыкметы затарможвання спаду і, магчыма, стабілізацыі выпуску.
Прэзентацыя даследавання адбылася ў Прэс-клубе ў Варшаве.
вх