Практычна з самага пачатку, калі дэмакратычны свет увёў санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі за пераслед народу пасля жніўня 2020 года, з’яўляюцца меркаванні пра тое, што эканамічныя абмежаванні не працуюць так як трэба. Падобны погляд выказваецца наконт санкцый супраць Расіі за вайну ва Украіне. Мы вырашылі чарговы раз задаць пытанне: ці санкцыі ўсё ж такі працуюць, ці аднак у палітыцы часам верх бярэ прагматызм?
Прадстаўнік Святланы Ціханоўскай па эканамічных рэформах Алесь Аляхновіч мяркуе, што санкцыі выконваюць сваю ролю. Эканаміст пры гэтым звяртае ўвагу на тое, што эканамічныя абмежаванні працуюць у дачыненні як да беларускага, так і расійскага рэжымаў.
Алесь Аляхновіч
«Санкцыі робяць беларускую эканоміку таксічнай, ад супрацу з ёю адмаўляюцца не толькі краіны Захаду, але і іншыя дзяржавы, для прыкладу, Кітай, Казахстан», – гаворыць Аляхновіч. У якасці прыкладу таго, што эканамічныя абмежаванні дзейнічаюць, ён называе тэхналагічныя санкцыі супраць Расіі, якія моцна аслабляюць расійскую эканоміку.
Кажучы пра становішча беларускай эканомікі, Алесь Аляхновіч звяртае ўвагу на тое, што Беларусь пакінула прыкладна 300 тыс. чалавек – гэта падлікі офіса Святланы Ціханоўскай. Гэта ў вялікай ступені высокакваліфікаваныя спецыялісты, унёсак якіх у развіццё эканомікі і ВУП быў немалым.
Эканаміст гаворыць, што далейшае становішча беларускай эканомікі ў вялікай ступені будзе залежыць ад сітуацыі ў Расіі, і перш за ўсё ад сітуацыі на ўкраінскім фронце. Калі Расія пацерпіць паразу, то ёй будзе не да Лукашэнкі – беларускі дыктатар не зможа лічыць на фінансавую падтрымку Крамля. Паводле Аляхновіча, пагаршэнне эканамічнай сітуацыі можа стаць трыгерам для хваляванняў на сацыяльна-эканамічнай глебе.
Падрабязней – слухайце аўдыёфайл.
З Алесем Аляхновічам размаўляе Валеры Саўко.