Беларуская Служба

Польскія прадпрымальнікі абмяркоўваюць у Варшаве свае шанцы на замежных рынках

05.10.2022 11:11
На нацыянальным стадыёне ў Варшаве праходзіць Бізнес-форум 2022 – флагманскае мерапрыемства Польскага агенцтва інвестыцыяў і гандлю.
Аўдыё
Старшыня Польскага агенцтва інвестыцыяў і гандлю Кшыштаф Дрында PAP/Radek Pietruszka

Сёння на стадыёне PGE Narodowy у Варшаве праходзіць PAiH бізнес-форум 2022. Арганізатарам мерапрыемства з’яўляецца Польскае агенцтва інвестыцыяў і гандлю. Форум адрасаваны польскім прадпрымальнікам, у прыватнасці малым і сярэднім кампаніям. Яго мэта – паказаць ім экспартныя і інвестыцыйныя магчымасці на знешніх рынках. Старшыня Польскага агенцтва інвестыцыяў і гандлю Кшыштаф Дрында (Krzysztof Drynda) падкрэсліў, што форум – флагманскае мерапрыемства PAiH:

- Упершыню ў гісторыі Польскага агенцтва інвестыцыяў і гандлю мы запрасілі ў Польшчу ўсіх супрацоўнікаў нашых замежных прадстаўніцтваў. Гэта асобы, якія штодня працуюць з польскімі кампаніямі і дапамагаюць ім выйсці на замежныя рынкі. У сёлетнім мерапрыемстве ўпершыню прымаюць удзел усе супрацоўнікі агенцтва – без выключэння. Частка з іх знаходзіцца ў Польшчы ўпершыню. Не ўсе яны гавораць па-польску. Аднак усе яны рупліва працуюць на поспех Польшчы і польскай эканомікі.

Для ўдзелу ў мерапрыемстве да ўчарашняга дня зарэгістраваліся больш за 3,5 тысячы чалавек. Кожны прадпрымальнік будзе мець магчымасць сустрэцца з супрацоўнікам канкрэтнага замежнага прадстаўніцтва агенцтва:

- Можна будзе з імі сустрэцца, паразмаўляць, атрымаць неабходную інфармацыю пра першыя крокі на паасобных рынках. Можна было рэгістравацца таксама на розныя суправаджальныя мерапрыемствы, у тым ліку 33 дыскусійныя панэлі, даклады супрацоўнікаў PAiH на тэму паасобных знешніх рынкаў.

На мерапрыемстве свой стэнд будзе мець кожнае замежнае прадстаўніцтва агенцтва. Удзельнікі форуму таксама змогуць прыняць удзел у галіновых і рынкавых семінарах.

Кіраўнічка гандлёвага прадстаўніцтва PAiH у Сінгапуры Магдалена Смоляк (Magdalena Smolak) нагадала, што штодзённая праца супрацоўнікаў агенцтва грунтуецца, перш за ўсё, на кантактах з прадпрымальнікамі:

- На кантактах з кампаніямі, якія хочуць пазнаёміцца з інфармацыяй на тэму магчымасцей выхаду са сваімі прадуктамі ці паслугамі на замежныя рынкі. Са свайго боку мы таксама шукаем кампаніяў з экспартным патэнцыялам, заахвочваем іх адкрывацца на знешнія рынкі і дыверсіфікаваць свае экспартныя напрамкі.

Кшыштаф Дрында дадаў, што ва ўмовах вайны ва Украіне і пасля пандэміі польскія прадпрымальнікі шукаюць магчымасцей рэканструяваць ланцужкі паставак:

- Калі паглядзець на статыстычныя дадзеныя, датычныя папулярнасці паасобных дыскусійных панэляў, бачна, што найбольшай папулярнасцю карыстаецца: «Экспарт на Захадзе. Еўрапейскія рынкі, якія не ўваходзяць у склад ЕС». Гэта сведчыць пра тое, што польскія прадпрымальнікі шукаюць новых магчымасцей, асабліва ў аспекце бягучых падзеяў – вайны ва Украіне, пасляпандэмічнага крызісу і зменаў у традыцыйных ланцужках паставак.

Старшыня PAiH лічыць, што зараз рынкі з найбольшым экспартным патэнцыялам для польскіх кампаніяў – гэта Блізкі Усход, Афрыка і Азія. Некалькі сотняў польскіх кампаніяў таксама жадаюць уключыцца ў аднаўленне Украіны пасля вайны. Гэтымі пытаннямі займаецца Кіеўскае замежнае прадстаўніцтва агенцтва, якое часова працуе ў Варшаве.

Учора ў Бельведэры з супрацоўнікамі Польскага агенцтва інвестыцыяў і гандлю сустрэўся прэзідэнт Анджэй Дуда. Кіраўнік польскай дзяржавы сказаў, што кожны поспех польскай кампаніі за мяжой – гэта поспех Польшчы. Ён таксама падзякаваў супрацоўнікам агенцтва за эфектыўную працу:

- Кожная нашая кампанія, якая з вашай дапамогай выходзіць на замежны рынак, адкрывае там свой філіял, экспартуе свае тавары – гэта поспех. Тое ж тычыцца кожнай замежнай кампаніі, якая дзякуючы падтрымцы агенцтва, уваходзіць на польскі рынак, прадае тут свае тавары і інвестуе ў Польшчы, ствараючы новыя месцы працы – гэта таксама поспех і перамога.

Падчас сустрэчы прэзідэнт Дуда ўручыў дзяржаўныя ўзнагароды заслужаным супрацоўнікам Польскага агенцтва інвестыцыяў і гандлю.

Зараз Польскае агенцтва інвестыцыяў і гандлю падтрымлівае больш за 200 замежных інвестыцыйных праектаў. Паводле Кшыштафа Дрынды, калі ўсе яны будуць рэалізаваныя, то гэта прывядзе да інвестыцыяў у Польшчы на суму больш за 12 мільярдаў еўра.

Старшыня PAiH дадаў, што аптымістычна глядзіць на прыток замежных інвестыцыяў у гэтым годзе. У першым квартале, пасля пачатку вайны ва Украіне, перамовы былі замарожаныя. Цяпер, пасля першага этапу няўпэўненасці ў тым, што будзе далей, размовы аднавіліся:

- Існуе шанец на тое, што гэта будзе яшчэ адзін рэкордны год для агенцтва. Зразумела працэсы прыняцця рашэнняў сталі больш працяглымі. Мы вярнуліся да перамоў, але многія праекты пераацэньваюцца – усё з-за геапалітычнай сітуацыі. Усё ж мы аптымісты.

Летась, пры падтрымцы PAiH, замежныя кампаніі інвеставалі ў Польшчы больш за 3,5 мільярда еўра.
Нагадваем, PAiH бізнес-форум 2022 – гэта мерапрыемства ў форме галіновых і рынкавых семінараў, а таксама індывідуальных кансультацый з экспертамі. Тэматычныя панэлі будуць прысвячацца, між іншым, пытанням, звязаным з электронным гандлем у Еўропе і Азіі, вадародным тэхналогіям у Польшчы, перспектывам пасляваеннай рэканструкцыяй Украіны, замежнай экспансіі такіх галін, як: касметыка, харчовая прамысловасць, будаўніцтва або ІТ/ІКТ, а таксама ўплыў вайны і пандэміі на ланцужкі паставак у міжнародным гандлі. Удзел у мерапрыемстве бясплатны. Сёлета форум праходзіць ужо трэці раз.

IAR /аз

Больш за тры тысячы ўдзельнікаў прыме ўдзел у форуме бізнесу ў Варшаве

04.10.2022 07:31
У сераду ў Варшаве адбудзецца Бізнес-форум Польскага агенцтва інвестыцыяў 2022.