Беларуская Служба

Эканаміст Леў Марголін: Мігранты з Беларусі падтрымліваюць грашовымі пераводамі курс беларускага рубля

19.10.2022 16:55
Аўдыё
 .
Леў Марголін.Фота з адкрытых крыніц.

У рэгіёне крызіс, вайна, вялікая інфляцыя, а сама Беларусь пад санкцыямі. Разам з тым курс беларускага рубля стабільны, а Лукашэнка ў ручным рэжыме рэгулюе цэны. Наколькі гэта эфектыўны падыход?

Слухайце далучаны файл!

Пагаршэнне дабрабыту людзей заўважнае, гаворыць эканаміст, палітык Леў Марголін. Аднак гэта не імклівы абвал, а паступовае спаўзанне.

У рэгіёне крызіс: палітычны, энергетычны, эканамічны, вайна. Разам з тым у Беларусі стабільны курс беларускага рубля. Як гэта магчыма? Міграцыя – палітычная і эканамічная — робіць свой унёсак: беларусы з'ехалі, але дасылаюць, прывозяць валюту ў Беларусь.

Леў Марголін пракаментаваў і нашумелую забарону Лукашэнкі падвышаць цэны на прадукты. Ідэю падхапілі сілавікі, вядома пра некалькі крымінальных спраў, заведзеных акурат супраць менеджараў у сферы гандлю за падвышэнне цэнаў – нехта сядзе, а нехта заробіць на гэтым зорачкі на пагоны.

– Трэба адказаць, чаму гэта робіцца? Народ бачыць інфляцыю, пачынае жыць горш, улады рэагуюць на гэта. Гэта палітычнае, нават папулісцкае дзеянне, якое нічога агульнага з эканомікай не мае. Да чаго гэта прывядзе?

Да таго, што рост цэнаў усё адно працягнецца, будуць шукаць спосабы абысці гэтыя забароны. Прадстаўнікі ўраду спрабуюць пярэчыць Лукашэнку, яны самі не вераць, што можна такім чынам стрымаць рост цэн. З’явяцца аналагі некаторых прадуктаў, і на іх будуць ужо новыя цэны, – гаворыць эканаміст.

Таксама можна чакаць шэраг пастаноў, у якіх будуць прапісаныя выключэнні на шэраг тавараў. Чыноўнікі ж таксама разумеюць, што замарозіць кошты цалкам немагчыма.

Агулам цяпер у свеце назіраюцца імклівыя інфляцыйныя працэсы: спачатку пандэмія, а затым вайна, санкцыі. Разарваныя многія гандлёва-эканамічныя сувязі. У Беларусі інфляцыя цяпер на ўзроўні 18 %, у некаторых краінах ЕС – на ўзроўні двухзначных лічбаў, напрыклад, у Літве – 21,6%, а агулам у ЕС інфляцыя складае 9,6%.

вх